Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыя ва Ўкраіне – Януковічу вернутыя паўнамоцтвы Кучмы


Канстытуцыйны суд Украіны адмяніў палітычную рэформу 2004 году і вярнуў у дзеяньне Канстытуцыю 1996 году. Рашэньне сёньня абвясьціў старшыня Канстытуцыйнага суду Анатоль Галавін.

Рашэньне суду складаецца з чатырох пунктаў:

1. Прызнаць не адпаведным Канстытуцыі (неканстытуцыйным) Закон Украіны “Аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю Ўкраіны” ад 8 сьнежня 2004 № 2222-IV у сувязі з парушэньнем канстытуцыйнай працэдуры яго разгляду і прыняцьця.

2. Закон Украіны “Аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю Ўкраіны” ад 8 сьнежня 2004 № 2222-IV губляе сілу з дня прыняцьця гэтага рашэньня.

3. Паводле часткі 2 арт. 70 Закону Ўкраіны “Аб Канстытуцыйным Судзе” ўскласьці на органы дзяржаўнай улады абавязак неадкладна выканаць гэтае рашэньне адносна прывядзеньня нарматыўна-прававых актаў у адпаведнасьць з Канстытуцыяй Украіны ад 28 чэрвеня 1996 у рэдакцыі, якая існавала да ўнясеньня ў яе зьменаў Законам Украіны “Аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю Ўкраіны” ад 8 сьнежня 2004 №2222-4.

4. Рашэньне Канстытуцыйнага суду зьяўляецца абавязковым да выкананьня на тэрыторыі Ўкраіны, канчатковым і ня можа быць абскарджана.

Такім чынам форма кіраваньня ва Ўкраіне ператвараецца з парлямэнцка-прэзыдэнцкай ў прэзыдэнцка-парлямэнцкую.

Януковіч абяцае “шлях легітымных рашэньняў”

Прэзыдэнт Віктар Януковіч запэўнівае, што Ўкраіна будзе рухацца шляхам пашырэньня дэмакратыі. Пра гэта ён сказаў сёньня на Ялцінскім форуме.

“Улічваючы сумныя урокі мінулага, мы будзем ісьці шляхам шырокага грамадзкага дыялёгу і легітымных рашэньняў”, – паабяцаў Януковіч.

"Хачу запэўніць: далейшае канстытуцыйны шлях Украіны будзе зьвязаны з узмацненьнем прадстаўнічай дэмакратыі і ўмацаваньнем мясцовага самакіраваньня, гарантый абароны правоў і свабод чалавека», – дадаў ён.

Гэтыя словы прэзыдэнта Украіны прагучалі практычна адначасова з апублікаваньнем рашэньня Канстытуцыйнага суду, якое адмяніла зьмены ў Канстытуцыю 2004 году.

Чачота: Вярхоўная Рада ўжо гатовая мяняць Канстытуцыю


У Вярхоўнай Радзе знойдзецца 300 галасоў, каб зьмяніць Канстытуцыю пасьля рашэньня Канстытуцыйнага Суду аб неканстытуцыйнасьці палітрэформы 2004 году.

Аб гэтым заявіў адзін зь лідэраў фракцыі Партыі рэгіёнаў Міхаіл Чачота ў эфіры тэлеканалу “Ўкраіна”, адказваючы на пытаньне ці будуць прынятыя зьмены ў Канстытуцыю адносна палітрэформы.

Собалеў: у краіне адбыўся дзяржаўны пераварот

“У краіне адбыўся дзяржаўны пераварот, Асноўны Закон краіны, Канстытуцыя – парушана”, – так намесьнік кіраўніка фракцыі БЮТ Сяргей Собалеў пракамэнтаваў для Радыё Свабода рашэньне Канстытуцыйнага суду аб адмене палітрэформы 2004 году.

“ Разьдзел аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю ніхто не мяняў, ён быў і ў старой, і ў новай рэдакцыі. Гэты разьдзел прадугледжвае, што выключна парлямэнт мае права мяняць Канстытуцыю”, – сказаў Собалеў.

Каліушка: КСУ перавысіў свае паўнамоцтвы

Канстытуцыйны суд сваім рашэньнем аб адмене палітычнай рэформы 2004 году пацьвердзіў, што мелі месца парушэньні працэдуры пры прыняцьці Закону Ўкраіны “Аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю Ўкраіны» ад 8 сьнежня 2004 году. Пра гэта Радыё Свабода заявіў кіраўнік Цэнтру палітыка-прававых рэформаў Ігар Каліушка.

Канстытуцыйны суд прызнаў закон № 2222 неканстытуцыйным з моманту абвяшчэньня свайго рашэньня.

“З аднаго боку, ён ня меў права інакш вырашыць, зь іншага боку, незразумела, як тады ў нас больш чатырох гадоў дзейнічала фактычна “неканстытуцыйная” Канстытуцыя”, – сказаў Ігар Каліушка.

Сваім рашэньнем Канстытуцыйны суд фактычна аднавіў нормы Канстытуцыі ў рэдакцыі 2006 году, сьцьвярджае юрыст.

“Я не разумею, адкуль ўзяліся паўнамоцтвы ў Канстытуцыйнага суду зьмяняць сваім рашэньнем дзейсную Канстытуцыю. Зь лёгікі гэтага рашэньня вынікае, што да сёньняшняга дня дзейнічала Канстытуцыя 2004 году, а з сёньняшняга дня Канстытуцыйны суд сказаў, што ўсе законы і іншыя заканадаўчыя акты павінны прымацца ў адпаведнасьці з палажэньнямі Канстытуцыі 1996 году. Гэта азначае, што Канстытуцыйны суд перавысіў паўнамоцтвы, прадстаўленыя Канстытуцыяй”, – сказаў Радыё Свабода Ігар Каліушка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG