Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-літоўскае пагадненьне аб узаемных паездках грамадзянаў будзе падпісана


Падпісаньне пагадненьня аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый абмеркавана падчас кансультацый Міністэрстваў замежных спраў Літвы і Беларусі.

Бакі таксама абмеркавалі двухбаковыя дачыненьні, пытаньні супрацоўніцтва ў галіне транспарту і энэргетыкі, а таксама старшынства Літвы ў АБСЭ і дачыненьні Эўрапейскага зьвязу зь Беларусьсю, паведаміла прэсавая служба літоўскага МЗС.

Кансультацыі прайшлі пад кіраўніцтвам віцэ-міністра замежных спраў Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса і намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Валерыя Варанецкага.

Бакі адзначылі, што двухбаковыя дачыненьні разьвіваюцца дынамічна і ў канструктыўным ключы, зьяўляюцца новыя магчымасьці для супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы "Усходняга партнэрства" ЭЗ, у галіне транспарту, энэргетыкі і іншых абласьцях.

Віцэ-міністар Э. Ігнатавічус адзначыў, што падпісаньне пагадненьня аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый важна для двухбаковага супрацоўніцтва і разьвіцьця адносін паміж жыхарамі краін.

Паводле беларускага боку, цяпер праходзяць працэдуры міжведамаснай каардынацыі ў Беларусі, якія павінны быць завершаны, і дакумэнт падрыхтаваны да падпісаньня ў бліжэйшы час.

Прадстаўнікі літоўскага боку заўважылі, што яны спадзяюцца на правядзеньне дэмакратычных, справядлівых і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. Віцэ-міністар Э. Ігнатавічус заявіў, што для далейшага разьвіцьця дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю неабходныя канкрэтныя крокі беларускага ўраду ў сфэры правоў чалавека і ўмацаваньня дэмакратыі.
XS
SM
MD
LG