Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзьве беларускамоўныя стужкі адзначылі на «Анімаёўцы»


Крыштальныя алоўкі і залаты зьлітак — узнагароды пераможцам конкурснай праграмы «Анімаёўкі».

Крыштальныя алоўкі і залаты зьлітак — узнагароды пераможцам конкурснай праграмы «Анімаёўкі».

На міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2010», які 30 верасьня завяршыўся ў Магілёве, беларускамоўная стужка «Выцінанка-выразанка» рэжысэра Міхаіла Тумелі перамагла ў намінацыі «Лепшае выяўленчае выкананьне». Спэцыяльным дыплёмам «За лепшае музычнае выкананьне» ўганараваная беларуская рэжысэрка Тацяна Кубліцкая, аўтарка беларускамоўнага мульціка «Калыханка». Адзначаныя фільмы малавядомыя беларускаму гледачу.

У конкурснай праграме «Анімаёўкі» за перамогу ў шасьці намінацыях змагаліся сем фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм». Чатыры зь іх зробленыя на беларускай мове. За трынаццаць гадоў фэстывалю гэта найбольшая колькасьць стужак па-беларуску. Летась беларускамоўных мульцікаў было тры.

Стваральніцы «Калыханкі» Тацяны Кубліцкай на закрыцьці сёлетняга фэстывалю не было. Пра ўзнагароджаньне яна даведалася ад карэспандэнта «Свабоды». Зьдзівілася, бо яе мульцік мала хто бачыў, хоць і зрабілі яго пры канцы мінулага году.

«Быў такі праект „Музычная скарбонка“ на аснове беларускага музычнага фальклёру. Мне захацелася зрабіць „Калыханку“. У нас быў верш, музыкі не было. Была такая беларуская група „Яр“. Была там Марыя Лагодзіч — я ўпадабала яе голас. Яна выканала песьню. А музыку яна напісала разам з Артурам Калесьнікавым. Па тэлебачаньні яго не паказваюць. Быў такі фэстываль „Крок“ у Расеі, там паказвалі. Там былі ангельскія субтытры. Хто хацеў, той разумеў. Непрыязі не было».

Незнаёмая беларускаму гледачу й стужка «Выцінанка-выразанка». Яе аўтара Міхаіла Тумелі таксама не было на ўрачыстасьці закрыцьця «Анімаёўкі». Перамозе ў намінацыі рэжысэр не зьдзівіўся, бо выяўленчы бок мульціка, паводле яго, заслугоўвае ўзнагароды:

«Гэты мультфільм пра майстэрства. Этна-трыё „Троіца“ зрабілі песьню, якая ўвайшла ў альбом „Жар-жар“. У ёй добры заяц дапамагае хлопцу знайсьці жонку. Вячаслаў Дубінка натхніў нас на тое, каб зрабіць гэты фільм у тэхніцы блізкай да выцінанкі. Такім чынам мікс атрымаўся паміж народнай песеннай творчасьцю і анімацыяй».



Старшыня журы сёлетняй «Анімаёўкі» — мастацкі кіраўнік «Беларускага відэацэнтру» Аляксандар Карпаў.
Акрамя Міхаіла Тумелі й Тацяны Кубліцкай журы «Анімаёўкі» адзначыла і яшчэ адну беларускую мультыплікатарку Ірыну Кадзюкову. На фэстывалі дэманстраваўся яе малавядомы расейскамоўны мультфільм «Было лето».

Сёлета на «Анімаёўцы» паказалі 122 анімацыйныя стужкі з 19 краінаў. У конкурснай праграме фэсту ўдзельнічала больш за чатыры дзясяткі мультфільмаў для дзяцей і дарослых. Мультыплікатары зь сямі краінаў атрымалі дыплёмы з крыштальнымі алоўкамі — гэта адмысловы прыз фэстывалю.

Гран-пры «Анімаёўкі» дастаўся аніматарам з расейскага Екацерынбургу. Акрамя дыплёму і крыштальнага алоўка яны атрымалі й невялікі залаты зьлітак. Летась гэтыя ўзнагароды атрымаў беларускамоўны мультфільм рэжысэра Ігара Воўчака «Аповесьць мінулых гадоў» пра гербы беларускіх гарадоў. Па беларускім тэлебачаньні яго не паказвалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG