Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці будзеце вы падпісвацца за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты? За каго гатовыя аддаць свой подпіс?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадар сталага веку: «Ну, ня ведаю. Хто зьвернецца. Мы ведаем, што толькі Лукашэнка будзе. А яшчэ шаснаццаць? Гэтых людзей мы ня ведаем. Калі будуць лепей за Лукашэнку, тады будзем глядзець».

Спадарыня: «За спадара Някляева. Мне падаецца, ён чалавек справы — тое, што гаворыць, тое й робіць па магчымасьці. Хочацца зьменаў пабачыць у жыцьці. Глябальных зьменаў. Час мяняць гэтую ўладу, якая давяла нас да такога жыцьця».

Спадар: «Асабіста я падпішуся за ўсіх кандыдатаў, калі прыйдуць да мяне, каб я за іх падпісаўся. Неістотна, якіх яны палітычных поглядаў. Яны ж сябе тым самым выстаўляюць на агледзіны. Хочуць заявіць пра сябе. Сказаць пра свае ідэі».

Спадар: «Андрэй Саньнікаў, бо ён за свабоду й дэмакратыю. Гэта мне таксама патрэбна».

Спадар: «Хутчэй за ўсё, ня буду, бо нічога не памяняецца. Або ён застанецца, альбо ў будучыні нехта такі, як ён, замест яго. Зь яго ж атачэньня».

Спадар: «Падпісвацца я буду. Гэта Статкевіч. Ён, як сацыял-дэмакрат, ён будзе бараніць правы людзей. У яго добрая сацыяльная праграма для пэнсіянэраў. Ён, зноў жа, змагаецца за нашу незалежнасьць».

Малады спадар: «За Аляксандра Рыгоравіча. Мне ён падабаецца як прэзыдэнт».

Спадарыня сталага веку: «Пакуль ацаніць іншага, акрамя як Лукашэнку, я не магу. Я больш ня ведаю нікога. Калі б ведала, то падпісалася б. Гляджу я на атачэньне яго, і ён ім гаворыць, а яны яго ня слухаюць уважліва. Адварочваюцца. Ухмыляюцца. Я іх не ўспрымаю».

Малады спадар: «За Аляксандра Рыгоравіча».

Карэспандэнт: «А чаму за яго?»

Спадар: «Так я адразу не адкажу, калі шчыра. Мяне ўсё задавальняе ў нашай краіне».

Спадар: «Думаю, што буду падпісвацца. Абавязкі ж свае трэба грамадзянскія выконваць. Але я ня ведаю імёнаў кандыдатаў нават. Не было часу пачытаць пра іх».

Спадар: «Я пакуль яшчэ ня вызначыўся адназначна. Але буду падпісвацца за некалькіх адразу — для альтэрнатывы дзеючаму. У нас ёсьць годныя людзі, няхай паспрабуюць. Чаму яны прынамсі ня могуць удзельнічаць?»
XS
SM
MD
LG