Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка "разводзіць" расейскіх журналістаў


1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка зноў сустрэнецца з журналістамі расейскіх СМІ. Гэтым разам у Беларусь прыедуць больш за 100 чалавек, якія прадстаўляюць 90 выданьняў з 60 рэгіёнаў Расеі.

Напярэдадні інтэрнэт-выданьне «Салідарнасьць» супаставіла некаторыя заявы кіраўніка Беларусі, зробленыя на папярэдніх падобных прэс-канфэрэнцыях, з тым, што ёсьць на самай справе.

ДЭМАГРАФІЯ


У 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка паведаміў расійскім журналістам, што ў Беларусі тры гады таму дэмаграфічная сытуацыя стала зьмяняцца – "пайшоў значны прырост насельніцтва".

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, насельніцтва Беларусі складала:

2005 год - 9 млн. 800 тыс.

2006 год - 9 млн. 751 тыс.

2007 год - 9 млн. 714 тыс.

2008 год - 9 млн. 690 тыс.

2009 год - 9 млн. 493 тыс.

2010 год (на 1 верасня) - 9 млн. 466 тыс.


"БЯСПЛАТНЫЯ" КВАТЭРЫ


23 лістапада 2005 году на сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка сказаў літаральна наступнае: "У Беларусі настаў час прымаць рашэньне: трое дзяцей - бясплатная кватэра". Год таму, даючы аналягічную прэс-канфэрэнцыю, ён прадставіў сытуацыю так, быццам бы гэта ўжо зроблена, заявіўшы, што ў Беларусі сям'я з трыма і больш дзецьмі "фактычна жыльлё атрымлівае бясплатна".

У сярэдзіне верасьня 2010-га кіраўнік дзяржавы зноў падзяліўся плянамі на будучыню: "Зьяўляецца ў сям'і трэцяе дзіця -- гарантаваная кватэра. І, можа быць, за 25% яе кошту, а можа быць і бясплатна"...

БІЗНЭС-СВАЯКІ ПАЛІТЫКАЎ


Год таму на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаваньне, што забарона на занятак бізнэсам павінен распаўсюджвацца і на сваякоў вядомых палітыкаў: "Яны ня могуць быць бізнэсоўцамі. Уявіце, што сын у мяне быў бы бізнэсовец. Ясна, што бізнэс у яго быў бы квітнеючы. Ня трэба нікому тэлефанаваць, гаварыць і падтрымліваць - прозьвішча само за сябе ўсё кажа. Таму ніводзін чалавек з блізкіх сваякоў, ды і далёкіх, бізнэсам не займаецца. Ды і ў нас наагул паводле заканадаўства гэтага нельга".

У нядаўняй публікацыі ў газэце «Наша ніва» ішла гаворка пра «некамэрцыйны» Прэзыдэнцкі спартовы клюб, які займаецца будаўніцтвам элітнага жылога раёна і кантралюе папулярныя лятарэі «Спортлато» і «КЕНА». І гэта не адзіныя бізнэс-праекты, у якіх удзельнічае клюб. Яго гадавы абарот складае мільёны даляраў. Застаецца дадаць, што ўзначальвае клюб Дзьмітрый Лукашэнка - сярэдні сын кіраўніка Беларусі.

ДАЯРКІ ЗА 1000 ДАЛЯРАЎ


У 2006 годзе на сустрэчы з расейскімі журналістамі кіраўнік Беларусі расказаў, што ў падшэфным калгасе Нацбанку даяркі атрымліваюць па 600 даляраў у месяц. Карэспандэнт «Салідарнасьці» па гарачых сьлядах патэлефанаваў тады ў падшэфную гаспадарку Нацыянальнага банку - ААТ «Александрыйскае» - і працытаваў словы Лукашэнкі, чым вельмі разьвесяліў супрацоўніц бухгалтэрыі.) Тыя распавялі, што сярэдняя зарплата ў даярак складае каля 600 тысяч рублёў (па тагачасным курсе гэта менш за 300 даляраў).

Тым ня менш на наступнай прэс-канферэнцыі, у 2007 годзе Аляксандр Лукашэнка «давёў» зарплату даярак да 700-800 USD. А на леташняй сустрэчы з расійскімі журналістамі гэтая лічба вырасла ўжо да 1000 долараў.

Паводле афіцыйных зьвестак, за студзень-жнівень 2010 году сярэдняя налічаная зарплата ў сельскай гаспадарцы склала 776.541 рубель (каля 250 даляраў па бягучым курсе).
XS
SM
MD
LG