Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты падалі ў суд на абласную «вертыкаль»


Гомельскія абласныя арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ і «Справядлівага сьвету» зьвярнуліся ў абласны суд са скаргамі на тое, што ў выбарчыя камісіі не ўключылі іх прадстаўнікоў.

27 верасьня прэзыдыюм аблсавету і аблвыканкам сфармавалі абласную выбарчую камісію, у склад якой не ўключылі прадстаўнікоў згаданых партыяў — адпаведна Уладзімера Кацору, Васіля Пакаташкіна і Віктара Хоміча.

Паводле Выбарчага кодэксу, траціна складу такой камісіі фармуецца, як правіла, з прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

У зваротах у суд сказана, што ў камісію, якая ў Гомелі складаецца з 13 чалавек, было вылучана 6 прадстаўнікоў палітычных партыяў. І, паколькі партыі зьяўляюцца галоўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу, прэзыдыюм аблсавету і аблвыканкам абавязаны былі ўключыць у камісію ўсіх вылучэнцаў ад партыяў.

Апрача таго, падчас фармаваньня абласной выбарчай камісіі кандыдатуры вылучэнцаў не абмяркоўваліся. Галасаваньне прайшло паводле загадзя падрыхтаванага сьпісу.

Адсутнасьць у камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, на думку заяўнікаў, «дае падставы сьцьвярджаць пра непразрыстасьць усяго будучага выбарчага працэсу й немагчымасьць правядзеньня дэмакратычнага кантролю за дзейнасьцю выбарчай камісіі».


XS
SM
MD
LG