Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У тэрытарыяльных выбарчых камісіях будуць працаваць дзьве тысячы чалавек. Апазыцыя сярод іх прадстаўленая толькі 14 асобамі.

У Беларусі скончана фармаваньне ўсіх 155 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Партыйных вылучэнцаў у іх — 120 чалавек. Гэта — 6% ад усяго складу камісіяў. Калі параўноўваць зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі, то гэта ўдвая болей. Аднак і сёлетнюю актыўнасьць партыяў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік называе невысокай:

Мікалай Лазавік
"Партыі тут, як кажуць, асабліва не адзначыліся. Аграрная партыя — 1 чалавек на ўсе камісіі, "Справядлівы сьвет" — 5, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) —1, КПБ — 87 (лідэр), Лібэральна-дэмакратычная партыя — 4, Аб'яднаная грамадзянская партыя — 6, Партыя БНФ —2, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 14. Вось і ўсё".

Прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў сёлета ў тэрытарыяльных камісіях 14. На мінулых выбарах быў толькі адзін, дый той прайшоў не як партыец, а праз збор подпісаў грамадзянаў. Хаця партыйных вылучэнцаў цяпер удвая больш, але пры гэтым больш за дзьве траціны ад усіх партыйцаў, як і на выбарах 2006 году, складаюць сябры Камуністычнай партыі Беларусі.

Рыгор Кастусёў
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць такі падыход да фармаваньня камісіяў, калі толькі для адной праўладнай партыі запальваюць зялёнае сьвятло, ненармальным:

"Шмат тых, каго мы вылучалі, у камісіі не ўключылі. Мы прапаноўвалі дзесьці 25 чалавек — там, дзе ёсьць афіцыйна зарэгістраваныя структуры. Нашы людзі моцна занятыя ў ініцыятыўнай групе. І таму мы асноўны разьлік робім на ўчастковыя камісіі. Разьлічваем "штурмануць" участковыя камісіі і зарэгістраваць болей людзей там, калі атрымаецца.

А тут мы спробу правялі. Зараз Вінцук Вячорка будзе падаваць у суд скаргу на тое, што яго не ўключылі. І некаторыя іншыя нашы актывісты. Будзем змагацца і за іх".

Уладзімер Малярчук
З апазыцыйных партыяў найбольшае прадстаўніцтва ў тэрытарыяльных камісіях мае АГП — 6 чалавек. Кіраўнік Мінскай абласной філіі Ўладзімер Малярчук уключаны ў склад Вялейскай раённай камісіі. 1 кастрычніка раённая камісія зьбярэцца на арганізацыйнае паседжаньне. Уладзімер Малярчук кажа, што будзе змагацца за пасаду старшыні камісіі:

"Я буду прапаноўваць, настойваць, каб менавіта я быў старшынёй камісіі. Я разумею, наколькі вялікая мая адказнасьць у камісіі. Бо з 13 сябраў камісіі толькі я адзін ад апазыцыі. Ці знайду я заўтра паразуменьне, ці змагу пераканаць астатніх, што трэба правесьці абраньне старшыні праз таемнае галасаваньне? Пабачым".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG