Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь з чарговым прэс-турам прыехала вялікая група журналістаў расейскіх рэгіянальных выданьняў. Гэта самы вялікі дэсант, які за апошнія гады браў удзел у падобнага кшталту прапагандысцкіх мерапрыемствах. Пасьля наведваньня буйных прамысловых, культурных і спартовых аб'ектаў гасьцей чакае традыцыйная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Аналітыкі ўпэўненыя, што на тле канфлікту з вышэйшым кіраўніцтвам Расеі Лукашэнка будзе намагацца заняць пазыцыю "незаслужана пакрыўджанага" колішнім саюзьнікам.

Гэтым разам у Беларусь прыехалі больш за 100 расейскіх журналістаў, якія прадстаўляюць 90 выданьняў з 60 рэгіёнаў Расеі.

Пра тое, што кандыдаты на паездку фільтраваліся, сьведчыць склад дэлегацыі — ніводнага цэнтральнага выданьня, выключна правінцыйныя мэдыі. Расейскае Агенцтва палітычных навінаў са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі ў гэтым зьвязку паведаміла, што Крэмль "настойліва рэкамэндаваў" фэдэральным СМІ ўстрымацца ад "рэклямных тураў" па Беларусі. Тыя ж, хто прыехаць пагадзіўся, вызначаюцца падабенствам уражаньняў. Яны хваляць беларускія рэаліі і крытыкуюць расейскія. Гаворыць аглядальніца томскай газэты "Красное знамя" Тацьцяна Ермаліцкая:
ў гэтым спакоі, стабільнасьці пераконваесься кожны раз ...

"Я ў прэс-туры па Беларусі ўжо некалькі разоў і не магу не парадавацца за вас, беларусаў. Уражваюць перадусім твары людзей, паколькі гэта твары людзей спакойных, упэўненых у заўтрашнім дні. І ў гэтым спакоі, стабільнасьці пераконваесься кожны раз, калі трапляеш на вуліцы ня толькі беларускіх гарадоў, але і вёсак".

Год таму ў рангу галоўнага рэдактара старэйшай расейскай газэты "Известия" ў складзе такой жа прэс-групы Беларусь наведваў Уладзімер Мамантаў. Аднак ягоныя ўражаньні палярна адрозныя. На перакананьне публіцыста, у цяперашняй палітычнай сытуацыі, калі асабісты канфлікт кіраўнікоў Расеі і Беларусі дасягнуў апагею, занадта пасьпешліва было б спрабаваць "абяліць" Лукашэнку ў вачах расейцаў:
Вы што, думаеце, мы задаволеныя такім двухсэнсоўным стаўленьнем вашага кіраўніцтва да Расеі? ...

"Магчыма, я мог бы пагадзіцца з калегамі, якія так думаюць, але павінен сказаць шчыра. Я не адзін раз быў у Беларусі, апошні раз у складзе расейскай дэлегацыі мы сустракаліся ў тым ліку з Аляксандрам Рыгоравічам. Па выніках сустрэчы ў мяне няма адназначна дрэннага альбо адназначна добрага ўражаньня пра Беларусь ці беларускага прэзыдэнта. Але ў сілу сваіх абавязкаў я вывучаў беларускія рэаліі і магу з гэтай нагоды сказаць. Вы што, думаеце, мы задаволеныя такім двухсэнсоўным стаўленьнем вашага кіраўніцтва да Расеі? Калі ты ўсё дай, але падтрымліваць цябе я ня буду, бо мяне то адно не задавальняе, то другое. То рэжым у цябе палітычны ня той, то алігархаў у цябе дужа шмат, то пра народ ты ня так клапоцісься. А вось я ўвесь правільны, запусьціце мяне Расеяй пакіраваць. Дык як жа мы запусьцім? Ды проста: мы ж на ўмовах раўнапраўя ствараем саюз — дзьве дзяржавы, Расея і Беларусь. А калі вы супраць, то тады і саюз не на нашу карысьць. Дык, спадарства, ён і так, гэты саюз, дзіўны атрымліваецца!"

Афіцыйны Менск хвалюе пэрспэктыва страты інфармацыйнай прасторы Расеі: некалькі месяцаў не сьціхае накіраваная атака расейскіх мэдыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Як лічаць экспэрты, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ідэалягічным службам надзвычай важна стварыць у расейскім грамадзтве вобраз Беларусі, якую Крэмль "бярэ ў блякаду". Адрозна ад усіх папярэдніх кампаній, гэтым разам Масква ўпершыню дала зразумець, што зойме аб'ектыўную пазыцыю што да выбарчага працэсу ў Беларусі. Адсутнасьць жа маральнай падтрымкі з Усходу можа мець для дзейных уладаў самыя непажаданыя наступствы.

Між тым, як кажа дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчаньня расейскага каналу "ТВ-Центр" Уладзімер Какашвілі, Беларусь хоць і заяўляе пра неабходнасьць данесьці "праўдзівую і аб'ектыўную інфармацыю" да расейскага спажыўца, сама старанна адгарадзілася ад расейскага інфармацыйнага ўплыву. Перадусім маецца на ўвазе цэнзураваньне і беларуская адаптацыя расейскіх тэлеканалаў:

"Якая была сытуацыя ў Беларусі паводле дзейных нарматыўных дакумэнтаў? Там, дзе тэхнічна недаступнае вяшчаньне ў эфіры арыгінальных тэлепакетаў, распаўсюджваюцца адаптаваныя вэрсіі зь мясцовым напаўненьнем. І кабэльныя апэратары абавязаныя вяшчаць толькі гэтую вэрсію і ніякую іншую. А вось міжнародныя, сапраўдныя вэрсіі, як наша, як "РТР-Планета", "НТВ-Мир" (адрозна ад "РТР-Беларусь" і "НТВ-Беларусь"), былі дазволеныя да трансьляцыі ў тых месцах Беларусі, дзе немагчыма даставіць мясцовыя, адаптаваныя вэрсіі. То бок было і тое вяшчаньне, і іншае. Але ўжо год, як засталося, скажам так, цэнзураванае, пераробленае і г.д. І пры гэтым якое прыносіць прыбытак беларускаму боку, таму што яны яшчэ ўразаюць сваю рэкляму. Адным словам, адным махам забілі ўсіх зайцоў".

1 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка дасьць прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх журналістаў, якія гасьцююць у Беларусі на запрашэньне і за кошт прэзыдэнцкай адміністрацыі. Падчас такіх размоваў Лукашэнка звычайна робіць шмат гучных заяваў найперш на адрас расейскага кіраўніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG