Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Варшаўскі тэатар “Рампа” – у аблозе беларускіх творцаў


30 верасьня а 19-й на сцэне варшаўскага тэатру “Рампа” – прэм’ера: беларускі рэжысэр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін прадстаўляе па-польску “Пінскую шляхту”, а адну з галоўных роляў у спэктаклі выконвае купалавец Віктар Манаеў. У галерэі ж тэатру ў гэты самы вечар – вэрнісаж васьмі беларускіх мастакоў.

“Пінская шляхта” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ставіцца ў “Рампе” ўпершыню. П’есу, якая ў рэжысуры Мікалая Пінігіна з аншлягамі ідзе на сцэне купалаўцаў, пераклала на польскую мову прапраўнучка пісьменьніка Барбара Чарнавеская-Крыжанская. Усе ролі, за выключэньнем адной, выконваюць варшаўскія акторы. А вось асэсара Кручкова грае Віктар Манаеў. Па словах Мікалая Пінігіна, купалавец арганічна ўлучыўся ў трупу “рампаўцаў”, ня маючы ніякіх моўных праблемаў:

“Ён прыехаў сюды зь Менску, цалкам вывучыўшы ролю. Так што, я думаю, нармальна ўсё будзе”.

Прэм’ерны паказ “Пінскай шляхты” адбудзецца тройчы, але і пасьля гэтага ня зьнікне з афішы “Рампы”, кажа спадар Пінігін:

“Кожны месяц як мінімум два спэктаклі, а іншым месяцам, можа, і тры будуць спэктаклі. І яшчэ яны павінны прыехаць з польскай вэрсіяй гэтага спэктаклю да нас у Менск на фэстываль “Панарама” ў 2011 годзе, у кастрычніку”.

Паралельна са спэктаклем у галерэі “Рампы” будзе праходзіць выстава “Арт Беларусь”. Расказвае адзін зь яе ўдзельнікаў, намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Сяргей Цімохаў:

“У выставе бяруць удзел два графікі – Вішнеўскі і Паўлавец, тры народныя мастакі – Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў, Уладзімер Тоўсьцік і заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімер Савіч, а таксама я і Анатоль Кузьняцоў. Кожны з нас прадстаўляе па шэсьць твораў, а ўся экспазыцыя налічвае сорак восем карцін”.

Выстава “Арт Беларусь” будзе экспанавацца ў Варшаве месяц, пасьля паедзе ў іншыя польскія гарады.

Спадар Цімохаў паведаміў, што гэтым тэатральна-мастацкім сьвятам у “Рампе” мяркуецца распачаць сталыя стасункі творцаў Польшчы і Беларусі:

“Калі ўсё атрымаецца добра, то мы плянуем усталяваць больш сталыя кантакты з гэтай галерэяй, і тэатральныя далейшыя стасункі павінны ўсталявацца. У нейкай ступені гэтае месца стане своеасаблівым культурным цэнтрам, які будзе сыстэматычна праводзіць беларускія культурныя акцыі ў Польшчы. Можа быць, яно стане Беларускім інстытутам у Варшаве, падобным да Інстытуту польскага ў Менску. Такія размовы вяліся, а што будзе насамрэч – жыцьцё пакажа”.

Сьвята беларускага мастацтва ў Варшаве адбываецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і беларускай амбасады ў Польшчы.
XS
SM
MD
LG