Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Большасьць нашых людзей дэпалітызавана і дэмаралізавана….”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

У большасьці лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя верасьнёўскія дні, у той ці іншай форме гучыць тэма прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 19 сьнежня. Выбарчая кампанія ў Беларусі пачалася і адразу стала галоўнай палітычнай падзеяй, пра якую шмат гавораць, пішуць, і ад якой адны чакаюць кардынальных зьменаў, а іншыя — не чакаюць нічога.


Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў — сярод тых, хто ў посьпех апазыцыі на гэтых выбарах ня верыць. І сваю перакананасьць аргумэнтуе наступным чынам:

«Шанцы апазыцыйных кандыдатаў, улічваючы такія дробязі, як круцельскія мэханізмы папярэдняга галасаваньня, падліку галасоў і ўціску на выбаршчыкаў і кандыдатаў ад апазыцыі, ня больш, чым 1 да 1000.

Паглядзім праўдзе ў вочы — большасьць насельніцтва краіны дэпалітызавана і дэмаралізавана, іх цікавіць толькі іх дабрабыт у яго натуральнай форме і не цікавяць яго вытокі і наступствы. Я ўжо не кажу пра такія абстрактныя ў разуменьні большасьці рэчы, як родная мова, гістарычная памяць, нацыянальныя сымбалі, аўтарытэт дзяржавы ды іншае. Мала хто зазірае ў пэрспэктыву, нават ня надта аддаленую. Людзі ня зьвязваюць узровень жыцьця з дэмакратычнымі свабодамі, хоць колькі год вочы муляе прыклад краін з разьвітай дэмакратыяй. Тое, што дабрабыт беларусаў доўгія гады грунтаваўся на танных энэрганосьбітах, на грашовых уліваньнях з Расеі ды іншых крыніц, што кожны зь беларусаў, улучна зь немаўлятамі і нямоглымі старымі, завінаваціўся 2500 даляраў у выглядзе набраных Рыгоравічам крэдытаў, нікога ня «парыць». Многія больш вераць тым казкам, якія бае праз блакітны экран Рыгоравіч, чым уласным вачам.

Акрамя таго, не дзеля таго Рыгоравіч браў уладу, каб яе так вось лёгка, праз выбары, аддаць. За ўладу людзі на такое ішлі, што мароз да вантробаў працінае. Ня буду згадваць усялякіх нэронаў ды сулейманаў, крану толькі расейскую гісторыю. Згадайце хаця б лёс імпэратара Паўла І, згадайце прыход да ўлады Елізаветы і ў сувязі зь ім лёс інфанта Івана VI. А як вам захоп улады Кацярынай ІІ і сьмерць яе мужа Пятра ІІІ праз тыдзень пасьля ягонага зьвяржэньня? Афіцыйны дыягназ прычыны сьмерці — памёр ад гемараідальных колікаў. Ну, вельмі сьмешна — як толькі жонка ўзышла на прастол, муж так рагатаў, што сканаў ад гемарою. А як вам лёс сям’і Раманавых? Іх расстрэл наўпрост зьвязаны з барацьбой за ўладу, і зьнішчылі іх толькі за тое, што яны мелі няшчасьце быць царскімі дзецьмі. А савецкія часы? Сьмерць Кірава, сьмерць многіх паплечнікаў Сталіна?

А беларуская найноўшая гісторыя хіба не ўяўляе сабой крывавую бойку за ўладу? Які лёс зьніклых беларускіх палітыкаў? Вядома, пакуль не было суду, нельга сьцьвярджаць пра віну Лукашэнкі ў іх зьнікненьні. А раптам гэта так, тады які лёс чакае Рыгоравіча пасьля прыходу да ўлады апазыцыйнага кандыдата? Сьледзтва будзе актывізавана, будуць прызначаныя новыя сьледчыя, сапраўдныя прафэсіяналы, знойдуцца сьведкі, якія нешта бачылі, нешта чулі, нешта ведаюць, але пакуль баяцца гаварыць; знойдуцца доказы, будзе суд. І што? Гэта можа быць канцом ня толькі ягонай кар’еры, але і кар’еры ягоных дзяцей.

Пры дадзеных абставінах ці знойдзецца ў шэрагах апазыцыі хоць адзін наіўны, хто паверыць у добраахвотную адмову Рыгоравіча ад улады? Шаноўныя грамадзяне, вы ж ня думаеце, што ён самазабойца? Ды ён будзе зубамі і кіпцюрамі трымацца за ўладу, ён пойдзе на ўсё, каб захаваць яе. Удумайцеся ў гэтыя словы.

З улікам усяго сказанага, упэўнены ў выніках выбараў на 99,9%. Я не кажу, што трэба скласьці лапкі і нічога не рабіць. Але, каб мог, то параіў бы апазыцыйным кандыдатам усё ж улічваць і сказанае мною, і будаваць тактыку адпаведна.

Каб не выглядаць зусім староньнім назіральнікам, скажу, што ў 90-я гады і мяне запалохвалі, цягалі па пракуратурах ды міліцыях за апазыцыйную дзейнасьць. Але сёньня, на сёмым дзесятку, на жаль, я ўжо ня маю ні здароўя, ні сілаў, каб актыўна далучыцца да маіх аднадумцаў. Жадаю ім посьпеху, у які, на жаль, ня веру»
.

Ня думаю, спадар Кастусь, што нехта з рэальных апазыцыйных кандыдатаў усур’ёз разьлічвае перамагчы Лукашэнку ў выніку таго галасаваньня, якое праводзіцца пад поўным кантролем улады і вынік якога загадзя прадвызначаны (што шмат разоў было прадэманстравана на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя). Таму фактычна ўсе апазыцыянэры ўскладаюць надзею галоўным чынам на плошчу, нават калі ў публічных прамовах гэту тэму стараюцца не разьвіваць. Але ці выйдуць беларусы ў халодныя калядныя дні масава пратэставаць, калі ўзровень жыцьця да таго часу істотна ня зьнізіцца? (А ён ня зьнізіцца, бо прынамсі на некалькі месяцаў фінансавых рэсурсаў гэтай уладзе ў любым выпадку хопіць). І тут у бясспрэчнасьці Вашых, спадар Кастусь, аргумэнтаў сумнявацца, відавочна, не выпадае.


1 верасьня ў эфіры Свабоды прагучаў ліст нашага слухача з Латвіі Міхаіла Лекаха, які дакараў апазыцыйных палітыкаў за тое, што ня хочуць расказваць, хто фінансуе іхныя замежныя паездкі. А паездкі гэтыя, як вядома, найчасьцей аплачваюць тыя арганізацыі, якія запрашаюць палітыкаў за мяжу. Гэта і дзяржаўныя інстытуцыі, і міжнародныя структуры, і разнастайныя грамадзкія і дабрачынныя фонды, зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь стала сучаснай эўрапейскай дзяржавай. Усе яны ўлічваюць аб’ектыўную акалічнасьць: дэмакратычныя партыі і рухі ў Беларусі пастаўлены ў такія ўмовы, што самастойна фінансаваць падобныя паездкі ня здольныя.

На гэты ліст адгукнуўся наш даўні слухач Алесь Станкевіч з Горадні. Палемізуючы зь Міхаілам Лекахам, ён піша:

«Чаму ж вы не пытаецеся, за чые грошы лётае па сьвеце Аляксандар Лукашэнка? Маю на ўвазе не ягоныя афіцыйныя візыты, а іншыя. Ён лётаў, напрыклад, на Алімпійскія гульні ў Японію, адпачываць і катацца на лыжах у аўстрыйскія Альпы, у шыкоўныя гатэлі Швайцарыі, выпраўляўся на адпачынак у Сэрбію. Пры гэтым, улічыце, што езьдзіць ён не адзін — з родзічамі, аховай, абслугай. І не на адзін дзень, а на тыдзень і болей.

А гісторыя са зрынутым прэзыдэнтам Кіргізстана? Адмысловы самалёт, ахова, рэзыдэнцыя… Колькі на ўсё гэта пайшло соцень тысяч ці мільёнаў даляраў? І гэта ж не з замежнай кішэні — а нашы беларускія грошы, заробленыя цяжкай людзкой працай.

Асобная гісторыя — штогадовыя „Славянскія базары“ і „Дажынкі“. І ўжо верх марнатраўства — лядовыя палацы. Набудавалі іх у Беларусі некалькі дзясяткаў. І не спыняюцца. І гэта ў той час, калі каля мільёна людзей маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў. Але пра гэта, чамусьці, маўчаць Лукашэнка і тыя СМІ, якія яго абслугоўваюць»
.

Сьпіс мясьцінаў, дзе Аляксандар Лукашэнка адпачываў (катаўся з гор, купаўся ў морах і акіянах, гуляў у хакей і тэніс) можна працягваць доўга: за 16 гадоў і кароткіх, і доўгіх адпачынкаў за мяжой у яго было нямала. Але цяпер, як і заўсёды перад выбарамі, нязьменны беларускі прэзыдэнт езьдзіць не па дарагіх горных гатэлях, а па беларускіх палях і фэрмах, і адкрывае найчасьцей не лядовыя палацы, якія так злуюць многіх у Беларусі, а тыя аб’екты, супраць якіх не запярэчыш, — школы, шпіталі і паліклінікі. І так будзе працягвацца прынамсі да 19 сьнежня.


Аўтар наступнага ліста Міхаіл Мялешка зь вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёну дакарае апазыцыю за адсутнасьць адзінства. Слухач піша:

«Той, хто ў сёньняшніх умовах плюе на лёзунг «Пралетарыі ўсіх краёў, яднайцеся!» — вораг беларусаў. І трэба сказаць ім пра гэта проста ў вочы. Зьявіцца шмат кандыдатаў ад апазыцыі — значыць, ня будзе адзінства, а людзі застануцца дэзарыентаванымі. Гэта выгадна Лукашэнку і ягоным падстаўным асобам у марыянэтачных партыях.

Таму Лукашэнку трэба наўпрост сказаць ужо зараз: «Ня будзе належнага кантролю за тым, як лічаць галасы — значыць, уладу страціш. Ніхто цябе прэзыдэнтам не прызнае. А для выбарчых камісіяў неабходна напісаць новыя законы ды інструкцыі, жорстка папярэдзіць, што яны маюць права рабіць, а што — не. Чаму вы пра гэта не гаворыце? А то будзе зноў, як на мінулых выбарах. Падыходзіць старшыня камісіі да назіральніка і кажа: „Ты мне не падабаесься“. А ўсьлед за гэтым зьяўляюцца міліцыянты, хапаюць за рукі і завозяць на тры гадзіны ў міліцыю. А то яшчэ і што горшае».

Зьмяняць выбарчае заканадаўства, спадар Міхаіл, у той час, калі пачалася кампанія — немагчыма. Гэта ня значыць, што мы не гаворым пра гэту праблему. Апазыцыя і дэмакратычныя сілы на Захадзе на працягу многіх гадоў дамагаюцца ад беларускай улады дэмакратызацыі, у тым ліку і ў галіне выбарчай сыстэмы. Але саступкі, на якія пайшоў у гэтай справе дзейны рэжым — нязначныя. Выбары пройдуць паводле старой, добра вядомай беларусам сыстэмы, якая не забясьпечвае ні празрыстасьці, ні незалежнага кантролю, ні прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых камісіях.


Наступны кароткі ліст — ад Мікалая Козіча зь Менску. Прычыны многіх бедаў Беларусі ён шукае ў біяграфічных анкетах тых, хто кіруе краінай. Слухач піша:

«Беларусамі кіруюць чужынцы. А сапраўдных беларусаў зьбіваюць і саджаюць у турмы. Прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі, нібыта, і беларус. Але ўжо дзесяць год сядзіць, як мыш пад венікам, у паслугачах у Лукашэнкі. І, напэўна, чакае зь дня на дзень, пакуль Лукашэнка яго выганіць.

Вам на „Свабоду“ тэлефануюць розныя цёмныя кабеты, якія нічога ня ведаюць і ні ў чым не разьбіраюцца. Патэлефанавала адна такая, хваліла старшыню аблвыканкаму Шапіру за тое, што пасадзіў у турму 35 старшыняў калгасаў. А тыя старшыні, напэўна, усе беларусы.

Хочацца пажадаць беларусам, каб не чакалі дабра ад чужынцаў, а бралі ўладу ў свае рукі».


Калі старшыня калгаса — казнакрад і хабарнік, дык павінен ісьці пад суд. Якое значэньне тут мае нацыянальнасьць — ягоная ці таго, хто яго пакараў? Дарэмна, Вы, спадар Мікалай, корпаецеся ў гэтым старым рызьзі ксэнафобіі ды антысэмітызму, даўно выкінутым цывілізаванымі народамі на сьметнік гісторыі. Ня там шукаеце. Дарэчы, калі ўважліва перагледзіце біяграфіі самых высокіх намэнклятуршчыкаў, дык убачыце, што амаль усе яны — ніякія не чужынцы. І нарадзіліся, і гадаваліся, і вучыліся ў Беларусі.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG