Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старэньне залежыць ад гравітацыі ды камбінацыі генаў


Вынікі дасьледаваньняў брытанскіх і амэрыканскіх навукоўцаў выкладзеныя ў выданьнях Nature Genetics, Genes and Development і Science.

Падчас дасьледаваньня пэўных участкаў храмасомаў-целамераў навукоўцы з брытанскага ўнівэрсытэту ў Лестэры і лёнданскага Kings College прыйшлі да высновы адносна генэтычнай запраграмаванасьці хуткасьці біялягічнага старэньня арганізму. Такое заключэньне зробленае на падставе галоўнай асаблівасьці целамераў — караціцца пры кожным цыкле дзяленьня клетак. Менавіта хуткасьць гэтага працэсу і можа быць адным з асноўных фактараў старэньня арганізму, сьведчаць брытанскія генэтыкі.

Паводле прафэсара Ціма Спэктара з Kings College, "людзі з адпаведнай генэтычнай схільнасьцю могуць старэць яшчэ хутчэй, калі іх целамеры, гэтак мовіць, трапяць у неспрыяльнае асяродзьдзе. Размова ідзе пра пэўныя шкодныя звычкі чалавека — курэньне, маларухомасьць, атлусьценьне”. У такім выпадку вынікам будзе альбо больш хуткае старэньне арганізму, альбо яго схільнасьць да заўчасных узроставых захворваньняў, у тым ліку, хваробаў Альцгаймэра, Паркінсона ці сардэчна-сасудзістых ды эндакрынных паталёгіяў. Неспрыяльнымі ўмовамі для целамераў таксама зьяўляюцца сталы псыхічны і эмацыйны стрэс, які прыводзіць да нэўрозу, сындрому хранічнай стомленасьці, а таксама хранічнае недаяданьне, апраменьваньне, некаторыя іншыя фактары. У выніку біялягічная форма чалавека зьмяняецца структурна. Іншымі словамі арганізм як сыстэма рассыпаецца.

Як лічаць брытанскія навукоўцы, для вывучэньня прычынна-выніковай сувязі паміж целамерамі, працэсам старэньня і вызначэньнем шэрагу хваробаў неабходныя дадатковыя дасьледаваньні. Тым больш, што, у любым выпадку, яны важныя зь гледзішча разуменьня працы клетак арганізму, тлумачэньня шэрагу зьяваў, а таксама абвяржэньня розных мітаў адносна цудадзейнасьці амаладжальных дыетаў ды крэмаў.

Акісьляльны стрэс не адыгрывае ніякай ролі ў працэсе старэньня


Вера ў цуд вяртаньня маладосьці пры дапамозе розных крэмаў, вітамінаў, БАДаў, дыетаў авалодала галовамі мільёнаў спажыўцоў. Грунтуецца яна на распаўсюджанай сярод фармаколягаў ды дыетолягаў тэорыі назапашваньня ў арганізьме пашкоджаных супэраксідамі малекулаў. Падобны працэс называецца акісьляльным стрэсам. І менавіта рознага кшталту антыакісьляльнікі памяншаюць узьдзеяньне супэраксідаў на арганізм чалавека.

Паводле экспэртаў Kings College, шматлікія дасьледаваньні, накіраваныя на доказ гэтай тэорыі, былі непераканаўчымі, і акісьляльны стрэс насамрэч не адыгрывае аніякай ролі ў працэсе старэньня.

Як вынікае з артыкулу ў часопісе Genes and Development, дасьледаваньні адносна эфэкту амаладжальных сродкаў былі праведзеныя на чарвяках нематодах, у арганізмах якіх маецца шмат тых жа генаў, што і ў чалавека. Генэтычным шляхам дасьледчыкі дамагліся таго, што арганізмы нематодаў атрымалі магчымасьць вызваліцца ад лішку супэраксідаў.

Паводле навуковага кіраўніка дасьледніцкай групы доктара Дэвід Джэма, калі тэорыя "амаладжэння" дакладная, гэта прывяло б да таго, што працягласьць жыцьця гэтых чарвякоў была б даўжэйшай у параўнаньні зь іхнымі "неамалоджанымі" супляменьнікамі. Аднак, гэтага не адбылося, піша Genes and Development.

Каб не старэць, жывіце ў аднапавярховых дамках


Тым часам, паведамляе часопіс Science, адмыслоўцы Нацыянальнага інстытуту стандартаў і тэхналёгіяў ЗША (Боўлдары, штат Каларада) прыйшлі да высновы, што на заўчаснае біялягічнае старэньне хома сапіенс істотна ўплываюць гравітацыйныя працэсы. Іншымі словамі, згодна з тэорыяй Эйнштэйну, чым вышэй чалавек жыве над узроўнем мора, тым хутчэй ён старыцца,

Для экспэрымэнту навукоўцы скарысталіся самым дакладным у сьвеце атамным гадзіньнікам, які можа адставаць максымум на сэкунду за 3,7 мільярды гадоў, што прыкладна адпавядае ўсяму пэрыяду існаваньня жыцьця на Зямлі.

Назіраючы за тым, як цягнуцца дзьве гадзіны ў мясцовасьцях, дзе розьніца ў вышыні над узроўнем мора складае ўсяго толькі адзін фут (30.48 см) доктар фізыкі Джэймс Чын-Вэн Чоў і яго калегі зь інстытуту стандартаў і тэхналёгіяў выявілі: чым вышэй мясцовасьць, тым хутчэй ідзе час. Як растлумачыў Чоў, атамны гадзіньнік дэманструе ўзьдзеяньне гравітацыі: чым бліжэй ты да паверхні плянэты, тым павольней цячэ час. Кожны новы фут над узроўнем мора азначае для чалавека + 90 мільярдных частак сэкунды.

З дапамогай атамнага гадзіньніку навукоўцы таксама пацьвердзілі "парадокс блізьнятаў" — інтэлектуальны экспэрымэнт Эйнштэйна. Згодна яго, блізьнюк, які зьдзяйсьняе касьмічнае падарожжа, будзе старэць павольней свайго брата, пакінутага на Зямлі. Згодна з тэорыяй верагоднасьці, калі б зымітаваць эфэкт касьмічнага падарожжа, атамны гадзіньнік пачаў бы ісьці больш павольна.

Камэнтуючы працу дасьледчыкаў Нацыянальнага інстытуту стандартаў і тэхналёгіяў ЗША, навуковыя аглядальнікі пішуць: жадаеце пажыць даўжэй, забудзьцеся пра пэнтхаўсы, а лепей набудзьце аднапавярховы дамок.
XS
SM
MD
LG