Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Для ўдзелу ў 155-ці тэрытарыяльных выбарчых камісіях у рэгіёнах апазыцыйныя партыі прапанавалі каля 70 сваіх вылучэнцаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў дэмакратычных актывістаў вылучаліся грамадзкімі арганізацыямі і асабіста праз збор подпісаў выбаршчыкаў. Аднак у камісіі ўключаны адзінкі.

МЕНШЧЫНА


Два сябры ў камісіях ад партыі левых, адзін — ад АГП

Сярод апазыцыйных партыяў найбольшую колькасьць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі вылучыла Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет». Вось што распавёў «Свабодзе» намесьнік старшыні гэтай партыі Валеры Ўхналёў.

«Пакуль у нас няма дадзеных зь Віцебску і Бабруйску. А на гэты час вядома, што з 43 нашых партыйцаў, якіх вылучалі па сьпісе, і хто атрымаў падтрымку грамадзкіх арганізацый і вылучаўся праз збор подпісаў, у камісіі трапілі толькі двое: Мікалай Сільвашка ў Віцебску і ў Менскую абласную камісію — Аляксейчык Людміла».
Упершыню за 15 гадоў актыўнай грамадзкай працы мяне ўключылі ў камісію.

Аб’яднаная грамадзянская партыя накіроўвала для працы ў тэрытарыяльных камісіях 24 чалавекі. Пакуль вядома, што ў Вялейскую раённую камісію ўлады ўключылі Ўладзімера Малярчука. Яго меркаваньне:

«Упершыню за 15 гадоў актыўнай грамадзкай працы мяне ўключылі ў камісію. У гэтым выпадку сумаваць няма чаго, але і радавацца асабліва не выпадае. Разумею сваю адказнасьць за тую працу, што выпадае на маю долю».

Пра рашэньні адносна вылучэнцаў Партыі БНФ — іх было толькі пяць — і яшчэ траіх ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады на гэты час невядома.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Апазыцыянэраў не запрашалі

Толькі ў адзінкавыя гарадзкія камісіі на Берасьцейшчыне ўключаны прадстаўнікі апазыцыі. Паседжаньні па фармаваньні камісіяў саветамі і выканкамамі праходзілі пры абмежаванай колькасьці запрошаных.

У горадзе Бяроза на паседжаньне па фармаваньні камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый не запрасілі. Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі не былі ўключаныя ў склад камісій. Ужо пасьля самога паседжаньня ім прыйшло паведамленьне пра тое, што сфармаваны склад камісіі можна пабачыць на інтэрнэт-старонцы райвыканкаму, кажа Тамара Шчапёткіна:

«Паседжаньне прайшло бяз нашай прысутнасьці, і, зразумела, што нас не ўключылі. У ЦВК, куды я паскардзілася, адзначылі, што згодна з выбарчым заканадаўствам, чыноўнікі не павінны былі нас папярэджваць, але, паколькі мы пакідалі заявы, то паступілі пры гэтым у адносінах да нас неэтычна.»

У Баранавічах прадстаўнікоў апазыцыі таксама не ўключылі ў склад камісій. Прычым чыноўнікі ня могуць матываваць сваю адмову, кажа Віктар Сырыца:
Ддэмакратычныя сілы Беларусі павінны былі больш пільна паразважаць вакол пытаньня пра байкот гэтых выбараў.

«Ні я, ні Віктар Цяпін не былі ўключаны ў склад камісій. Я задаў пытаньне старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Віктару Дзічкоўскаму: паводле якіх крытэраў выбіраюцца асобы ў склад камісій? Але мне ён, па-сутнасьці, нічога не адказаў, маўляў, было 19 заяваў, але ёсьць толькі 13 месцаў, вось вы і ня трапілі.»

У склад камісій па вобласьці толькі ў Кобрынскай гарадзкой камісіі і Берасьцейскім раёне будуць прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет.» Людміла Дзянісенка, першы сакратар Берасьцейскага гаркаму партыі адзначае:

«Толькі ў некаторыя камісіі ўключаныя нашыя прадстаўнікі. Але вось Пінск — там ніколі сябраў нашай партыі не ўключаюць, у Баранавічах мінулы раз былі ўключаныя нашы сябры, а гэты раз — не. Пэўна апазыцыю нельга ўключаць? Мне падаецца, што гэта паказвае, якія будуць выбары, наколькі яны будуць празрыстыя, дэмакратычныя.»

У Кобрыні значная частка апазыцыі пакуль наагул не прымае ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Сябры некаторых партыяў, як адзначае Аляксандр Мех, чакаюць, пакуль будуць зарэгістраваныя кандыдаты:

«Нам падаецца, што дэмакратычныя сілы Беларусі павінны былі больш пільна паразважаць вакол пытаньня пра байкот гэтых выбараў, а не прымаць удзел у навязанай уладамі гульні. Калі паглядзець на фармаваньне камісій, то бачым, што яны фармуюцца так, як жадае ўлада. Таму мы пакуль не задзейнічалі сваіх сілаў у гэтых этапах кампаніі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Чыноўнікам зручней фармаваць камісіі сваім колам»

І на Магілёўшчыне ў раённых выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазыцыі няма. А трапіць туды намагаліся тры дзясяткі апазыцыянэраў.

У Крычаўскую раённую камісію вылучаліся чацьвёра апазыцыйных прадстаўнікоў. Сумеснае паседжаньне райвыканкаму і прэзыдыюму райсавету, на якім зацьвярджаўся яе склад, доўжылася пяць хвілінаў. На ім прысутнічаў палітык Сяргей Няроўны:
Можна ж было значна хітрэй сябе паводзіць, але ня могуць.


«Хаця б аднаго ўключылі. Што ён там можа зрабіць? БРСМ, „Белая Русь“, Фонд міру, „Чырвоны крыж“. Некаторыя кажуць, што Лукашэнка й на чэсных выбарах набярэ семдзесят працэнтаў. Вось вам адказ — баяцца ўлады. Бо яна дурная ўлада, й рана ці позна яна завядзе сябе ў тупік. Можна ж было значна хітрэй сябе паводзіць, але ня могуць».

Як кажа суразмоўца, чыноўнікі аргумэнтавалі неўключэньне апазыцыянэраў адсутнасьцю адпаведнага досьведу працы. Разам з апазыцыянэрамі ў склад камісіі не ўключылі нязьменнага кіраўніка ранейшых выбарчых камісіяў першага намесьніка старшыні райвыканкаму Сяргея Марозава.

У Бабруйску паседжаньне ў гарвыканкаме таксама было нядоўгім. У дзьве раённыя камісіі вылучалася больш за дзесятак апазыцыянэраў. Як сьцьвярджае вылучэнец ад партыі БНФ Сяргей Лацінскі, прадстаўнікоў ад апазыцыйных прэтэндэнтаў на паседжаньні не было:

«Ніякіх запрашэньняў не было. Толькі ўчора даведаліся, што паседжаньне будзе праходзіць а дзесятай раніцы. Ім прасьцей усё гэта вырашаць сваім колам. Галасаваць сьпісам і прасоўваць сваіх людзей».

Чэрыкаўскі райвыканкам таксама не запрасіў на паседжаньне дваіх апазыцыйных вылучэнцаў — Генадзя Раўкова ды Мікалая Царкова. У складзе раённай камісіі іх імёнаў няма.

У складзе двух раённых камісіяў Магілёва таксама няма прадстаўнікоў апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG