Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства Беларускай Мовы запрапанавала кандыдатам у прэзыдэнты ўключыць у свае праграмы мэханізм вяртаньня дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсе сфэры жыцьця.

Як падкрэсьліваецца ў звароце сакратарыяту ТБМ, "прэзыдэнт Беларусі павінен прамаўляць па-беларуску".

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, адзначаецца ў звароце, былі агучаны вынікі апошняга перапісу насельніцтва, які адбыўся ў кастрычніку 2009 году.

"У выніку татальнай русыфікацыі, якую мэтанакіравана праводзіла кіраўніцтва краіны (асабліва Міністэрства адукацыі), значна зьменшылася колькасьць грамадзян Беларусі, якія назвалі роднай мовай беларускую. Тым ня менш, больш за палову грамадзян Беларусі — 5.058.402, у тым ліку палякі, рускія, украінцы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў — лічаць беларускую мову роднай. Зь іх 2.227.175 штодзённа размаўляюць па-беларуску", — гаворыцца ў звароце.

Кіраўніцтва ТБМ заклікае ўсіх удзельнікаў выбарчай кампаніі, асабліва прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, улічыць гэтыя лічбы падчас выбараў і ўключыць у свае перадвыбарныя праграмы канкрэтны мэханізм вяртаньня дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсе сфэры жыцьця, а таксама ідэю адкрыцьця Нацыянальнага ўнівэрсытэту, дзе ўсе прадметы без выключэньня будуць выкладацца па-беларуску.

У інтэрвію БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў таксама прапанаваў удзельнікам прэзыдэнцкіх выбараў увесьці ў свае перадвыбарныя праграмы палажэньні пра неабходнасьць прыняцьця закону аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы пры захаваньні дзьвюх дзяржаўных моў, або пра наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.

Трусаў выказаў удзячнасьць ўдзельніку прэзыдэнцкай кампаніі Андрэю Саньнікаву, які першым сярод прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта выказаўся за наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG