Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў разьлічвае дамовіцца аб вылучэньні адзінага кандыдата

  • БелаПАН

Лідэр кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімер Някляеў разьлічвае дамовіцца з астатнімі дэмакратычнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта аб вылучэньні адзінага кандыдата.

"Зразумела, што шматквецьце з 17 ініцыятыўных груп абляціць. Рэальна, акрамя Лукашэнкі, могуць прадоўжыць удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Някляеў, Саньнікаў, Раманчук і Кастусёў. Гэта максымум", — сказаў ён.

Някляеў лічыць, што перамоўны працэс аб адзіным кандыдаце пачнецца да завяршэньня збору подпісаў. "Ужо ў другой палове збору подпісаў будзе відаць, хто ёсьць хто. Прычым пачнецца рух насустрач адзін аднаму найперш тых, хто ня будзе набіраць неабходную колькасьць подпісаў. Каб трымаць марку, захаваць твар, менавіта яны будуць рухацца да аб'яднальнага працэсу, хоць цяпер быццам пра яго і не гавораць", — сказаў ён.

Някляеў адзначыў, што вядзе перамовы "з усімі". "І нельга сказаць, што гэтыя перамовы зусім непрадуктыўныя", — падкрэсьліў ён.

"Калі пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў, Лукашэнку будзе над чым падумаць, — сказаў Някляеў. — І гэта будзе незалежна ад таго, зьбярэ хто рэальныя 100 тысяч подпісаў ці не. Улады проста могуць уключыць на карысьць зручнага ёй канкурэнта прозьвішча з тэлефоннай кнігі, і ніхто на гэта ў Цэнтрвыбаркаме ня зьверне ўвагі".

Паводле меркаваньня Някляева, нават калі апазыцыя не абярэ адзінага кандыдата, але хоць бы выйдзе на рэальную магчымасьць яго вылучэньня, у Лукашэнкі будуць зьвязаныя рукі. "Ён ня будзе ведаць, што зробіць такі кандыдат. Рашэньне, якое можа прыняць адзіны кандыдат, можа быць вельмі нечаканым для ўлад", — мяркуе ён.

Някляеў таксама сказаў, што, калі яму ў рэгістрацыі будзе адмоўлена, ён падтрымае іншага дэмакратычнага кандыдата ў прэзыдэнты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG