Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аль-Каіда” плянавала атаку супраць шэрагу заходніх краінаў


Спэцслужбы краінаў Эўразьвязу выкрылі маштабную змову “Аль-Каіды”, у межах якой плянаваліся тэракты ў буйных гарадах Брытаніі, Нямеччыны і Францыі.

Паводле інфармацыі выведных службаў, часткаю пляну “Аль-Каіды” быў захоп групамі баевікоў закладнікаў у заходніх краінах і іх наступнае забойства. Сьцьвярджаецца, што схема нападаў была падобная да тэрарыстычнага нападу на Мумбай у 2008 годзе, калі загінула больш за 170 чалавек.

Паведамляецца, што спэцслужбы не зьбіраліся паведамляць аб плянах тэрарыстаў, аднак гэтаму перашкодзіў працёк інфармацыі ў СМІ. Брытанскі тэлеканал “Sky News” паведаміў, што да выкрыцьця плянаў “Аль-Каіды” прывялі абмен інфармацыяй і супрацоўніцтва спэцслужбаў ЗША і краін Эўропы.

Амэрыканская тэлевізія “ABC News” паведамляе, што крыніцай інфармацыі аб змове стаў грамадзянін Нямеччыны, які праходзіў падрыхтоўку ў Пакістане і быў перахоплены ў Аўганістане па дарозе ў Эўропу. Цяпер ён утрымліваецца на авіябазе Баграм. Канал таксама падае заявы афіцыйных асобаў аб тым, што сярод аб’ектаў тэрарыстычных нападаў былі высокія амэрыканскія ўрадоўцы, у тым ліку прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

28 верасьня дырэктар ЦРУ Джэйм Клапэр пацьвердзіў, што яго спэцслужба валодае інфармацыяй аб плянах “Аль-Каіды” атакаваць эўрапейскія краіны і ЗША.

Некаторыя СМІ, аднак, падаюць і менш пэсымістычныя ацэнкі сытуацыі. Гэтак “The Washington Post” цытуе выказваньне амэрыканскага ўрадоўца, які кажа, што “інфармацыя аб пагрозе заслугоўвае даверу, але не канкрэтная”.

Узровень нацыянальнай бясьпекі застаецца падвышаным у Францыі, дзе нядаўна была праведзена эвакуацыя наведнікаў Эйфэлевай вежы пасьля несапраўднай пагрозы тэракту, і ў Нямеччыне. Улады Вялікабрытаніі заявілі, што пакуль не плянуюць падвышаць узровень бясьпекі зь цяперашняга высокага да крытычнага.
XS
SM
MD
LG