Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты «Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка зьвярнуліся з пісьмовай заявай да старшыні Берасьцейскага гарвыканкама і нагадалі яму пра тое, што паводле Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь часткі 7 артыкула 45 мясцовым выканаўчым органам прадпісваецца вызначэньне памяшканьняў для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі, а таксама для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у прэзыдэнты з выбаршчыкамі.

Ініцыятарамі перадвыбарных сходаў могуць выступаць ня толькі кандыдаты, але і звычайныя грамадзяне. Памяшканьні павінны прадстаўляцца бясплатна.

Акрамя іншага, пазначылі ў сваім звароце актывісты, ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй грамадзяне маюць права выказваць сваё меркаваньне і распаўсюджваць інфармацыю на сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях, пікетах.

Як растлумачыў прычыну свайго звароту ў Брэсцкі гарвыканкам Сяргей Вакуленка, на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах грамадзяне не скарысталіся прадстаўленым ім правам на свабодныя і ўсебаковыя абмеркаваньні:

"Зыходзячы з досьведу мінулых выбарчых кампаній, можна сьцьвярджаць, што арганізатарамі масавых мерапрыемстваў выступалі кандыдаты ў прэзыдэнты ці іх давераныя асобы, а грамадзяне не карысталіся гэтым правам. А мы жадаем абмяркоўваць перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты, палітычныя, дзелавыя і асабістыя якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты. І будзем імкнуцца зрабіць гэта. Цяпер скарыстацца сваім правам на абмеркаваньне розных якасьцяў кандыдата ў прэзыдэнты могуць адначасова многія з трохсот тысяч жыхароў Берасьця".

Актывісты заклікаюць гарвыканкам выканаць нормы Выбарчага Кодэксу, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прыняць рашэньне аб вызначэньні месцаў для правядзеньня перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі.
XS
SM
MD
LG