Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскі музэй Луцкевіча адновяць


Міністар культуры Літвы Арунас Гелунас асабіста зоймецца праблемай аднаўленьня Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музэя імя Івана Луцкевіча. Пра гэта ён заявіў 28 верасьня ў Мінску журналістам па завяршэньні свайго аднадзённага візыту ў Беларусь.

"Паколькі я ўсяго тры месяцы займаю пасаду міністра, мне цяжка казаць пра дэталі, але вяліся перамовы з прэм'ер-міністрам і міністрам фінансаў аб стварэньні фонду культуры па падтрымцы нацыянальных меншасьцяў",-- сказаў Гелунас.

Як адзначыў у сваю чаргу беларускі міністар культуры Павал Латушка, літоўскаму боку прапанавана вырабіць за кошт Беларусі лічбавыя копіі тых матэрыялаў музэя імя Луцкевіча, якія захоўваюцца ў розных установы культуры Літвы.

Музэй існаваў у 1921-1945 гадах на аснове прыватнай калекцыі беларускага этнографа і археоляга Івана Луцкевіча і іншых матэрыялаў. Разьмяшчаўся ў будынку былога базыльянскага манастыра, належаў Беларускаму навуковаму таварыству. Уключаў пяць экспазыцыйных заляў, архіў і бібліятэку з больш чым з 14 тысячамі тамоў.

Захаваўся шэраг калекцый музэя, у тым ліку археалягічная (пярсьцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў), сфрагістычная (103 пячатак розных часоў, у тым ліку пячатка вялікага князя ВКЛ Міндоўга), нумізматычная, мэдалёў і крыжоў, слуцкіх паясоў, дываноў і іншых вырабаў беларускіх мануфактур, беларускіх народных музычных інструмэнтаў, твораў народных разьбяроў, старажытнага зброі, рукапісных кніг і старадрукаваных выданьняў (сярод іх – Жухавіцкае эвангельле XIV стагодзьдзя і пражскія выданьні Францыска Скарыны), старадаўняга адзеньня і карцін беларускіх мастакоў. Пасьля закрыцьця музэя ў 1945 годзе вялікая частка яго запасаў перададзена музэям Літвы, астатняе – музэям Беларусі.

Арунас Гелунас знаходзіўся ў Беларусі на запрашэньне Міністэрства культуры. Праграма яго візыту ўключала перамовы з беларускім калегам, наведваньне Лідзкага, Мірскага і Нясьвіскага замкаў, а таксама Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG