Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь наракае на дыскрымінацыю з боку разьвітых краін


Беларусь вельмі занепакоеная зацягваньнем перамоў па ўступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) і прапаноўвае для паскарэньня гэтага працэсу спрасьціць правілы прыёму, заявіў у аўторак намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік на агульнапалітычнай дыскусіі Генэральнай асамблеі ААН.

У цяперашні час 30 краін сьвету, якія не ўваходзяць ва ЎГА, зьяўляюцца назіральнікамі і вядуць перамовы аб уступленьні. Сярод іх Расея, Беларусь, Казахстан, Азэрбайджан, Таджыкістан, Узбэкістан, Іран, Сэрбія, Альжыр, Ірак, Афганістан і іншыя. УГА налічвае 153 краіны-сябра. Абмеркаваньне прыняцьця краін у арганізацыю праходзіць у рамках Дахійскага раунда шматбаковых гандлёвых перамоваў.

"Больш за дзесяць гадоў доўжыцца перамоўны працэс па далучэньні да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі каля трох дзесяткаў дзяржаў. Хіба гэта нармальна? Гэта ўжо роўнасільна дыскрымінацыі асобных дзяржаў. Таму мы зыходзім з таго, што правілы ўступленьня зацікаўленых краін у дадзеную арганізацыю павінны быць у значнай ступені перагледжаныя ў бок спрашчэньня ",– цытуе Сяргея Алейніка РИА "Новости".

Паводле яго слоў, Беларусь, як і многія іншыя краіны, занепакоеная цяперашнім станам Дахійскага раўнда, "асабліва з улікам апошніх тэндэнцый да ўзмацненьня жорсткасьці пазыцый разьвітых краін".

"Асабліва ад гэтага пакутуюць дзяржавы і краіны з сярэднім узроўнем даходу",-- падкрэсьліў беларускі дыплямат.

Ён таксама панаракаў на тое, што "незвычайна жорсткімі сталі пратэкцыянісцкія захады разьвітых краін у міжнародным гандлі, ўзмоцнена цэнавы ціск на малыя і сярэднія дзяржавы па адчувальных групах тавараў".
XS
SM
MD
LG