Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неверагодныя блуканьні “здохлага” фаршу з-пад Макараўкі


Сёлета ўлетку, на 517 перагоне, за тры кілямэтры ад станцыі Хлюсьціна, што ў Дубровенскім раёне Магілёўшчыны, сустрэчнымі хуткаснымі цягнікамі Масква-Гродна ды Брэст-Масква былі зьбітыя ды забітыя 47 кароў са статку, што належаў СВК «Калгас «40 гадоў Кастрычніка». У 2 ночы быдла прарвала агароджу за 300 мэтраў ад чыгункі і рушыла на ліхтары шлягбаўму. Чалавечых ахвяраў не было, рух аднавіўся праз 4 гадзіны. Факт, які, здаецца, мог бы згубіцца ў стужцы крымінальнай хронікі, прымусіў мяне, аднак, тут жа сабрацца ў вандроўку.


Ня толькі таму, што параўнальна нядаўна падобныя здарэньні адбыліся пад Талачынам і Ашмянамі. Было падобна на тое, што мяса жывёлаў, якія загінулі ў здарэньні, было часткова перакручана на фарш з наступным продажам на кірмашах ды ў гандлёвых кропках. І, як сказаў мне праваабаронца, сябра грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка, які правёў папярэдні досьлед…

«Ёсьць сьведкі, якія пацьвярджаюць — адна частка мяса пайшла на Аршанскі мясакамбінат, другая частка прададзена прадпрымальнікам. Вось тут пачынаецца самае цікавае…»

Прынамсі, у Воршы, на кірмашы ля вакзалу, я зусім іншымі вачыма паглядзеў на кабету, у сумцы якой тырчала банка з фаршам:


Карэспандэнт: «А фарш адкуль?»

Спадарыня: «Ніадкуль!»

Карэспандэнт: «Чаго вы яго схавалі?»

Спадарыня: «А чаму вы мяне фатаграфавалі? Хіба я ня бачыла? Самі робім…»

Пытаюся ў Мікалая Петрушэнкі:

«Чаму гандлярка схавала фарш і забаялася з намі гутарыць?»

Петрушэнка: «Калі ля Зьвянічаў цягнік зьбіў 24 калгасныя каровы, я атрымаў тэлефонны званок, выехаў у Воршу і налічыў 17 жанчын, што прадавалі фарш зь пясочкам ад тых кароў, якіх трактарыст Лёша Казырэвіч закапаў у зямлю. Іх выкапалі і прадавалі! Якія там ліцэнзіі ды санітарныя нормы! Кінуўся ў адзін аддзел міліцыі, трэці — дамовіліся, што галоўнае, каб завесьці крымінальную справу супраць тых, хто скупае здыхляціну і арганізуе цэлы сеткавы маркетынг па продажы. Скончылася ж тым, што судзьдзя аштрафаваў жанчыну з фаршам так, быццам, яна прадавала кветкі — 15700 рублёў! А цяпер, пайшоўшы па сьлядах гэтага фаршу, дабраўся да Смаленску, сфатаграфаваў нашых жанчын, якія прадаюць яго. Мне вядома, што гэтым разам міліцыянты аршанскага транспартнага аддзелу завялі крымінальную справу супраць кіраўніка Лындзіна, які выклікаў сваіх падначаленых і націскаў на іх, каб напісалі заявы, што нібы куплялі 3-4 каровы. Гэта давала яму магчымасьць „адмыць“ кароў і сысьці ад адказнасьці, што няма ані тэхналягічнай, ані працоўнай дысцыпліны. Кіляграм мяса каштуе 3-4 даляры. 20 тысяч кіляграм — 50 тысяч! Вось чаму нашы мэдыкі, міліцыянты закрываюць вочы! Галоўнае — тысячы чалавек, якія патэнцыйна ядуць у кавярнях знакаміты фарш, які прыпраўлены добрай порцыяй перчыку, каб не было чуваць здыхляціны. І шалёная лісіца магла ноччу пакусаць, сабака. Ноччу ж зьляцеліся прадпрымальнікі, як мухі на мёд…»

На станцыі я адшукаў сьведку падзей тае ночы — манцёра Вячаслава Шэндрыка, які выконваў тады абавязкі брыгадзіра рамонтнікаў.

Шэндрык: «Мяне разбудзіў майстар безь пятнаццаці тры. Статак кароў стаяў галоў на 40. Мы іх сагналі. Мэтраў 200-300 адбег — ёсьць тушы. Галоў 10 ляжала на адным шляху, 10 — на другім і паабапал раскідала. Цяжка — па 300-400 кг, з пабітымі трыбухамі, кішкамі. Прыехаў Лындзін, заатэхнікі. Грузілі, вывазілі — першую партыю ўзялі на мясакамбінат, а другую не прынялі — мяса пачарнела…»

Тым ня менш, днямі крымінальная справа супраць старшыні СВК Алега Лындзіна была перададзена ў пракуратуру Дубровенскага раёна і, па невядомых прычынах, якія называць нам адмовіліся, спынена. Мясцовыя кажуць пра «махнатую лапу» ў Менску і шкадуюць двух вясковых, пра якіх «Советская Белоруссия» напісала, што «недаглядзелі нецьвярозыя пастухі». «Усё ня так» — сказала мне 49-гадовая спадарыня Людміла Вінакурава, што жыве побач з чыгункай у вёсцы Макараўка і добра ведае сваіх аднавяскоўцаў:

Вінакурава: «Паўлючэнка быў старэйшы, ён лічыцца „з прыветам“. Лындзін ведаў, што ў яго гаворкі нармальнай няма, эпілепсія. Спытаеш, колькі часу — паўгадзіны будзе думаць. А другі непаўналетні хлопчык, толькі школу скончыў. Самі каровы часьцяком дрот ломяць. Тут кажуць, што пужанулі дзікі. Колькі я тут жыву, ніякія дзікі ня ходзяць — ім хапае кукурузы. Няма каго паставіць. Калі ў Лындзіна было Якубава, было ўсё нармальна, а цяпер панапіхалі і Пірагі, і Чыжоўку — дзе ён адзін пасьпее?!»

Інфармацыя да ведама. Два гады таму ў цэнтральнай сядзібе былога калгасу Якубава ўзьнік аграгарадок, да якога Дубровенская вэртыкаль прымусіла далучыць яшчэ 4 паміраючыя вёскі. Мікалай Петрушэнка высьветліў папярэдне, што гэта наўпрост зьвязана з тым, што 17-гадовы пастух Лукашук, у якога міліцыянты ўзялі тлумачальную, і які нават не пісаў заявы на працу, выйшаў пасьвіць з-за недахопу кадраў па вусным загадзе Лындзіна. Я тым часам адшукаў брата Лукашука Ігара, які зьвязаўся зь ім на палетках па мабільным тэлефоне.



Ігар: «Колькі ты месяцаў адпрацаваў? Дзён 20? 100 тысяч зарабіў, ставілі дні, як даросламу, але ён ня ведае пра гэта…»

А вось што мне расказала пра эканамічную сытуацыю ў гаспадарцы памянёная спадарыня Вінакурава.

Вінакурава: «Пастухі скардзяцца, што па 400 тысяч маюць, а ў Макараўцы статак за 100 кароў. Я раней працавала на фэрме на 2 працах — даіла кароў і вартавала, атрымлівала 70 тысяч! Хапала толькі на хлеб — кілбасы не магла купіць. А тады дзеці сталі езьдзіць на Маскву — па 3-4 мільёны прывозілі. Казалі, ты за 200 тысяч будзеш на фэрме сядзець?! Мы табе дадзім гэтыя грошы. А тут няма заробку. Прэзыдэнцкія дамкі ёсьць, дый разваліліся. Мая сяброўка Ларыса Болцікава ў новым дамку год пажыла — зімой вады не было, дом пайшоў трэшчынамі — „халтуршчыкі“ іх дзесяць збудавалі. У аднаго дзьверы адваліліся. З тых дамкоў ня ведаюць, куды бегчы…»

Я завітаў на малочна-таварную фэрму на 95 галоў, што побач з Макараўкай. 34-гадовая Вольга Бяцан у вопратцы, у якой нельга вызначыць узрост, чакала сенажу ды мукі для адкорму жывёлы. Так ужо 15 гадоў, кажа жанчына:


Бяцан: «Малы заробак, канечне — 400 тысяч. А працаваць цэлы дзень — устаю ў 4 раніцы…»

Карэспандэнт: «Я быў на Стаўпеччыне, дык даяркі казалі, што зь дзецьмі толькі на фэрме і сустракаюцца…»

Бяцан: «У мяне з мужам дык толькі так. (сьмех) Ён мэханізатар, пойдзе а 6-й, прыходзіць а 12-й ночы. І дома цягнеш адна — парасяты, куры, індыкі, гусі. Мучаемся, што рабіць…»

Да нас падышоў кладаўшчык Віктар — прозьвішча прасіў не называць:


Віктар: «Я працую па 13 гадзін, але мне ня плацяць за перапрацоўку. Заробак 600, дык я працую кожны дзень плюс выходныя. Прыйшоў сёньня — палова сёмай, толькі а палове дзявятай пайду дадому, без абеду…»

***

Размову на фэрме перарвала сэнсацыйнае тэлефанаваньне Мікалая Петрушэнкі, які паралельна знаходзіўся на МТС СВК. Хутка разам сустрэліся з пажылой запраўшчыцай, спадарыняй Марыяй Белановіч, якая вырашыла публічна прызнацца, што пад прымусам кіраўніцтва напісала заяву на набыцьцё «мёртвых» кароў.

Петрушэнка: «Міліцыя вам рабіла допыт?»

Белановіч: «Канечне, сьледчы Вінаградаў з Воршы…»

Карэспандэнт: «Вы на колькі галоў напісалі заяву?»

Белановіч: «На дзьве, але я іх не брала — я яму так і сказала…»

Карэспандэнт: «Вінаградаў ня меў права агалошваць тое, што вы сказалі вашаму начальству. Супраць вас рэпрэсій ніякіх няма?»

Белановіч: «Асабіста да мяне — нічога. А заяву па тэлефоне папрасіла напісаць сакратарка…»

За апошнія два месяцы ў Макараўцы, дзе засталася пара-тройка дзясяткаў жыхароў, пяць памерлі. Па пыльнай, абсаджанай сухім кустоўем дарозе вёскі ад калодзежа клыпала 75-гадовая Валянціна Варэньнікава. Зірнуў у яе вядро і жахнуўся — вада была іржавага колеру.



Варэньнікава: «7 гадоў б’юся з гэтым калодзежам. Прыехаў брат зь Менску, павёз ваду на аналізы — яе нельга піць! Калодзеж чысьціць трэба. Цэнтральная вуліца — вясна прыходзіць, дык „убірайце дарогу“! Мы ж сядзім, як на парахавой бочцы — усё зарасло. Прыяжджалі зь Белага дому Дуброўны, казалі, што калі пажар узьнікне, вы будзеце адказваць — „не кранайце, бо дадзім штрафу“. Калі вы карэспандэнты, фатаграфуйце гэтыя зарасьнікі!»


Тут спадарыня Валянціна раптам хітра прыжмурылася і сказала:

Варэньнікава: «Вы, відаць, ад Лукашэнкі прыехалі — лукашэнкаўская каманда!»

Петрушэнка: «А хто сказаў, што Лукашэнка ў раён прыедзе?»

Варэньнікава: «Ну, вы такія хітрыя, быццам, ня ведаеце!»

Старэйшына вёскі, 81-гадовая спадарыня Грэкава Лукашэнку ў той дзень чакала хоць праездам, дзеля чаго сядзела з раніцы на гаўбцы — маўляў, былі добра знаёмыя.


Грэкава: «Ён працаваў у саўгасе „Гарадзец“, я — у суседнім „Вперёд“, перадавічкай была. Ён любіць парадак, дысцыпліну…»

Карэспандэнт: «Я чуў, што і па мордзе мог даць…»

Грэкава: «Гэта пісалі пра яго, што трактарыста пабіў. Канечне, калі ён п’яны прыходзіў і нягоднічаў, дык мо і трэба было штурхануць яго! Жонка Галя, я памятаю, займалася гуркамі, як і ўсе. Трымалі карову. Канечне, ён не аказваў вялікую дапамогу, бо не было калі…»

Карэспандэнт: «А чаго Галю з сабой у Менск ня ўзяў?»

Грэкава: «Яна сказала: „Я табе ня буду перашкаджаць жыць“. Усялякія плёткі, інтрыгі. Яна прыяжджае, наведвае дзяцей, унукаў. Канечне, яна цяпер тоўстая, страшная — а бландзіначка прыгожая была…»

Пра сябе ж Галіна Паўлаўна «сьціпла» сказала:

Грэкава: «Калі трэба чалавеку дапамагчы, уся вёска скажа — Галіна Паўлаўна наш анёл!»

Карэспандэнт: «Анёл, а скажыце, чаму не сьпілуюць кустоўе, ад якога можа згарэць уся Макараўка?»

Грэкава: «Я званіла, сказалі, што гэта небясьпечныя дрэвы і зь цягам часу будуць пілаваць. Калі перараблялі электрычныя слупы, трэба было зрабіць, а яны не зрабілі…»

Карэспандэнт: «А калодзеж чаму ня могуць пачысьціць?»

Грэкава: «Мне зрабілі калёначку для паліву градаў. Прыяжджалі людзі з выканкаму і сказалі, што сельсавет пачысьціць. Я сказала — давайце зьбяром па дзясятцы — я ж з мужам атрымліваю мільён 320 тысяч…»

Карэспандэнт: «Вам прыплачваюць, як старэйшыне?»

Грэкава: «Раз 35 тысяч, другі, а цяпер грошай няма…»

Нібы ўсьлед, апошнія інфармацыйныя кропкі ў нашым досьледзе паставілі сустрэтыя на шляху ў Макараўку тутэйшыя муж і жонка Тамара ды Сан Саныч Емяльянавы, што адзначылі залаты юбілей.


Спадарства: «Ды якая яна старэйшына — з дому не выходзіць, па тэлефоне пазвоніць, калі ёй грошы атрымаць, ды ўсё. Сказалі старшыні сельсавету: трэба чысьціць калодзеж. А ён: зьбірайце грошы, у нас няма. Ня трэба — дайце помпу! Я сам залезу і выкачаю. Што б ні папрасіў — усё за грошы, калгас нічога ня хоча дапамагчы. Да Лындзіна — плаціце! Кажу, Алег Міхайлавіч, адрамантуйце вокны. А вам далі дом — рабіце самі. Няма ў яго імпэту да людзей. Каб дапамагчы абнесьці дом, бо плюс 20 будзе на вуліцы — у нас 8 градусаў цяпла. Я вокны забіваю — сядзім, як у склепе…»

Карэспандэнт: «Вас не папрасілі заявы напісаць на „мёртвыя“ галовы?»

Спадарства: «Не, але чулі, што людзі пісалі. Макараўка, відаць, уся. Валя Варэньнікава штук на пяць. А нас не было гэтым часам у хаце, а так таксама б навесілі… (сьмех) Усе баяцца — кажуць, потым зьядуць…»

Калі падышлі да канторы і даведаліся, што старшыня Лындзін нечакана зьехаў да канца дня — не зьдзівіліся. Затое сустрэлі, як раней казалі, чалавека з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй, таксама жыхарку Макараўкі, даярку Валянціну Чмаркову. Тая сама спыталася ў нас:

Чмаркова: «А вы, відаць, наконт пагалоўя парэзанага?»

Петрушэнка: «Хтосьці захацеў сур’ёзна зарабіць на галовах — частку мяса прадалі за добрыя „бабкі“…»

Чмаркова: «А як я вазьму на сябе 2 галавы — таго, чаго ў мяне не было?! Рукі выкруцяць? Хай паспрабуюць — сама каму хочаш выкручу…»

Карэспандэнт: «Але на шыю сабе ня пусьціце?»

Чмаркова: «Так! Мужык у Маскве будуе і 2 сыны. У мужа стары трактар быў — улетку сена ўбіраў, салому сьцягваў — атрымлівалася мільён 200. А ўзімку сьлесарам — 200 зь нечым, калі за газ трэба заплаціць больш. З Масквы прывозіць 4 мільёны за 15 дзён вахты. У калгас ужо не пайшоў вяртацца…»

У чаканьні цягніка на станцыі Хлюсьціна разгаварыліся з брыгадзірам рамонтнікаў Аляксандрам Сьцефановічам. Ён і зрабіў адмысловае рэзюмэ вандроўкі:

Сьцефановіч: «Гэта будзе паўтарацца, пакуль будуць калгасы. Таму што гэта — безгаспадарчасьць, п’янства, бардак, нічыйнае ўсё. Карэспандэнт пісаў пасьля Зьвянячага: ішоў на прыпынак, заблукаў і падышоў да вагончыка спытаць дарогу. А там — тара пустая і пастух сьпіць. Штурхануў — а той пытаецца, вечар цяпер, ці ранак. (сьмех) Кожны год на беларускай чыгунцы давяць кароў і будзе дзе-небудзь яшчэ ў гэтым годзе…»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG