Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільню фатаграфуюць ужо больш за 150 гадоў. 360 найлепшых здымкаў ўвайшлі ў шыкоўны фотаальбом «Вільня: партрэт гораду», які выйшаў нядаўна ў літоўскай сталіцы. Фотапартрэт дапоўнены малюнкамі тэкставымі — вершамі і эсэ майстроў слова. Сярод прадстаўленых у кнізе паэтаў — Максім Багдановіч, сярод фотамастакоў — наш сучасьнік Дзяніс Раманюк.


Міхась Скобла: «Дзяніс, партрэт Вільні стваралі клясыкі фотамастацтва, у ліку якіх Юзаф Чаховіч, Ян Булгак… Як ты пачуваесься ў такой кампаніі?»

Дзяніс Раманюк: «Сапраўды, названыя аўтары — гэта найбольш вядомыя і выбітныя фатографы, якія здымалі Вільню, наш край. Вядома ж, апынуцца ў адным выданьні побач зь імі — гэта вялікі гонар. Але, хачу дадаць, што акрамя гэтых аўтараў ёсьць яшчэ даволі вялікі сьпіс ня менш вядомых, непасрэдна літоўскіх, польскіх і прадстаўнікоў іншых краінаў. Я — проста маленькі каменьчык у бруку Вільні. Мошчаная гэтая дарога-брукаванка з камянёў Булгака, Тышкевіча, Чаховіча і іншых, а я — проста яшчэ адзін каменчык. Варта адзначыць аўтараў і складальнікаў гэтай кнігі, у першую чаргу Раймондаса Пакніса. Ён, як і я, фатограф і выдавец у адной асобе. Пасьля — Ісак Зібучас, мастак. Ён габрэй літоўскага паходжаньня, зрабіў на найвышэйшым узроўні мастацкае аздабленьне гэтага выданьня. Праца над гэтай кнігай заняла мінімум пяць гадоў, а калі лічыць ад ідэі — значна больш».

Скобла: «У Юзафа Чаховіча Вільня ў маках, у Булгака — Вільня анфілядная, Вільня званіцаў і гарадзкіх дахаў. А якая яна — Вільня Дзяніса Раманюка?»

Раманюк: «Вільня Дзяніса Раманюка ў гэтым выданьні — таксама Вільня дахаў, бо абодва здымкі, тут прадстаўленыя, — гэта панарамы горада, зьнятыя мною са стрэхаў. Але здымаў я Вільню ня толькі з дахаў, здымаў і з зямлі, зь цесных вулак і з прасторных узвышшаў, таму мая Вільня значна больш багатая і разнастайная. Найперш гэта стары горад, які стаяў спрадвек, які мы можам лічыць і беларускім горадам, ён быў супольным. Гэтая частка гораду, можа быць, не такая і вялікая, але і не маленькая: у ёй безьліч касьцёлаў, цэркваў, старых будынкаў, брукаваных вуліцаў.
Мне вельмі пашанцавала застаць Вільню да таго, як яна стала ахвярай эўрарэмонтаў.
Мне вельмі пашанцавала застаць Вільню да таго, як яна стала ахвярай эўрарэмонтаў. Я жыў і вучыўся ў Вільні і яе здымаў. Гэта быў час пасьля перабудовы, цяжкі час блякады Літвы. На віленскіх вуліцах было мала людзей, можна было позна ўвечары прайсьці палову старога гораду і не сустрэць аніводнага чалавека! Толькі чорныя каты перабягалі дарогу. Гэта была мая Вільня, яна мне падабалася. Я кожны дзень двойчы, раніцай і вечарам, пешкі хадзіў на заняткі ў Акадэмію мастацтваў. Асабліва я любіў вечары — цемра, практычна няма ліхтароў, бязьлюдна. Але, зразумела, я больш здымаў Вільню днём, калі было сьветла, калі гэта было тэхнічна магчыма».

Скобла: «Адзін з тваіх здымкаў, зьмешчаных у альбоме, называецца „Панарама з сынагогай“. На ім Вільня сьвітальная, Вільня, якая прачынаецца. Як доўга даводзіцца паляваць на падобныя краявіды?»

Раманюк: «Названы здымак быў зроблены недалёка ад таго месца, дзе нейкі час мела памяшканьне газэта „Наша Ніва“. Я неаднойчы лазіў на дах суседняга будынка, каб злавіць пэўны стан надвор’я, пэўны час дня, пэўнае асьвятленьне, каб склаўся выдатны вобраз».

Скобла: «Гэта ж які спрыт патрэбен, каб лазіць па старых чарапічных дахах, дзе, відаць, ужо старыя кроквы прагнілі. Не здаралася неспадзяванак?»

Раманюк: «Драматычных, дзякуй Богу, не. Але была адна кур’ёзная прыгода. Аднойчы я цішком, пакуль ішла служба, залез на званіцу аднаго з касьцёлаў. Пакуль я там, захапіўшыся, здымаў, служба скончылася, усе сышлі, замкнуўшы храм. І калі я спусьціўся далоў, то ўбачыў, што выйсьця ў мяне няма. У роспачы абышоў усе закуткі і нарэшце знайшоў дзьверы, якія адчыняліся толькі з сярэдзіны, — такі быў замок. Пашанцавала, што не давялося начаваць у тым храме».


Скобла: «Дык атрымалася б добрая фотасэрыя «Ноч у храме»…

Раманюк: «Магчыма. Але тады я сапраўды спалохаўся, хацелася дахаты. Я ня прагнуў сустрэчы з прывідамі».

Скобла: «Для замежнікаў Вільня — месца паломніцтва. „Крывіцкай Мэккай“ паўстае яна ў вершы Ўладзімера Жылкі. А вось радкі зь верша польскай паэткі Аліцыі Рыбалка: „Тут — асяродзьдзе сьвята, адсюль толькі на неба…“. А ў якім ракурсе бачаць Вільню самі літоўцы?»

Раманюк: «Я не магу сказаць, што ёсьць катэгарычная розніца, як чорнае і белае. Але, сапраўды, ёсьць нюансы, якія адрозьніваюць беларускі і літоўскі погляды на Вільню. Мне неаднойчы казалі фатографы, што мае здымкі не падобныя на літоўскую школу фатаграфіі. У дачыненьні ж да альбома „Вільня: партрэт гораду“ гэта ня так істотна. Істотна тое, што кожны бачыў гэты горад па-свойму, мэта ва ўсіх была адна — паказаць прыгажосьць, вечнасьць Вільні. І тут я хачу назваць сучасных літоўскіх творцаў, чые працы прадстаўленыя ў гэтым выданьні: Рымантас Дыхавічус, Кістуціс Стошкус, Танас Суткус. Яны і сёньня жывуць у гэтым горадзе, і сёньня здымаюць яго. Іх здымкі істотныя ў гэтай кнізе».

Скобла: «Яна ахоплівае больш за паўтара стагодзьдзі — палову XIX і XX-е. Калі б ты меў у сваім распараджэньні машыну часу, якую Вільню хацеў бы паздымаць?»

Раманюк: «Кніга ахоплівае ня толькі паўтара стагодзьдзі, яна ахоплівае ўвесь час існаваньня фатаграфіі — ад самага пачатку да нашых дзён. А я хацеў бы патрапіць у Вільню Яна Булгака, на мяжу мінулых стагодзьдзяў. Тады, можа быць, мае сучасныя здымкі былі б іншымі, больш значнымі, таму што параўнаньнем многае дасягаецца. Я гляджу на здымкі Чаховіча, Булгака — там Вільня бязь лесу; храмы, будынкі стаяць на пяшчаных выдмах, рака з пяшчанымі берагамі — абсалютна ўсё іншае».


Скобла: «Мне здаецца, ты не зусім рацыянальна выкарыстаў машыну часу. А Вільню ў 1864 годзе ты не хацеў бы паздымаць? Як Каліноўскага на Лукішкі вядуць?»

Раманюк: «Вядома, хацелася б зрабіць такія кадры».

Скобла: «Фота ж існавала ў той час».

Раманюк: «Так, ёсьць жа здымак Каліноўскага, зроблены ў Вільні Ахілесам Банольдзі. Але, вядома ж, шлях на Лукішкі выглядаў бы больш драматычна».

Скобла: «Поруч з фатаздымкамі ў альбоме зьмешчаныя і тэксты. Паэтычныя адбіткі Вільні зробленыя таксама клясыкамі: Майронісам, Максімам Багдановічам, Іосіфам Бродзкім… А чый верш пра Вільню табе найбольш даспадобы?»

Раманюк: «Мне найбліжэй лірычны вобраз Вільні, Вільні бяз патасу. Вельмі важным у гэтай кнізе зьяўляецца тое, што поруч з тэкстамі літоўцаў, палякаў, расейцаў зьмешчаны верш
І сёньня я цягаю з сабою вялізны кейс на 30 кіляграмаў, у якім ляжыць камэра і 5 аб’ектываў да яе.
Максіма Багдановіча «Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць…» (у арыгінале і ў перакладзе на літоўскую). Для нас гэта гонар. Сваімі радкамі Багдановіч трапіў ва ўнісон з маёй душой, ён вельмі ўдала ўбачыў вобраз начной Вільні: «Ўспамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні, па загаду бурмістра усё як належа, зачынілі ўжо вокны, загасьлі агні, варта вулкай прайшла, і ня сьпім мы адны — я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы».

Скобла: «Сучасныя фатографы кажуць, што лічбавы фатаапарат дае калясальныя перавагі. Ты сам лёгка перайшоў на лічбу?»

Раманюк: «Я перайшоў даволі лёгка, але не адмовіўся і ад стужкі. І сёньня я цягаю з сабою вялізны кейс на 30 кіляграмаў, у якім ляжыць камэра і 5 аб’ектываў да яе. Чаму старыя здымкі так уражваюць? Тады здымалі на нэгатывы памерам 9 на 12, 16 на 20 сантымэтраў. Гэтыя пласьціны маглі ўвабраць інфармацыі намнога больш, чым нават самыя крутыя сучасныя лічбавыя камэры. Кадры рабіліся прадумана да кожнай дробязі, у дзень па некалькі здымкаў. Сучасная ж лічбавая фатаграфія настолькі паскорыла і спрасьціла фатаграфічны працэс, што многія проста робяць малацьбу — бяруць колькасьцю».

Скобла: «Ці магчымы падобны партрэт Менску? Ці нечага пры такой задуме забракуе?»

Раманюк: «Менск вельмі адрозны ад Вільні, але ён мае свой вобраз, і ў гэтым яго каштоўнасьць. Пакуль, я лічу, сапраўдная кніга пра Менск яшчэ ня выдадзеная. Магчыма, яшчэ не прыйшоў час, не знайшоўся выдавец. А самае галоўнае, няма таго чалавека, які выступіў бы каардынатарам усёй працы. Гэта ж вялікая праца — адабраць лепшыя здымкі за ўсю гісторыю, знайсьці іх у прыватных калекцыях і музэях, выбраць тэксты, зрабіць адпаведны дызайн… Няма чалавека, які б гэта зрабіў. А здымкі, тэкставыя творы пра Менск існуюць у вялікай колькасьці».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG