Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік каталіцкага касьцёлу: «Рознымі шляхамі да адной мэты»


У Менску каля касьцёла сьвятога Язэпа адбылася 13-я акцыя з мэтай вярнуць сьвятыню вернікам.

Сёньня паводле плянаў абаронцаў касьцёла сьвятога Язэпа вакол каталіцкага храма і кляштара мусіў адбыцца роварны прабег і працяг конкурсу вершаў пра Беларусь. Апошні пункт праграмы быў выкананы, а вось з прабегам на роварах зноў не атрымалася.

На ровары дабрацца атрымалася толькі ў Вітаўта Сіўчыка.

На сваім ровары да касьцёла прыехаў толькі адзін актывіст, астатнія зьбіраліся скарыстацца двухколавым транспартам з бліжніх пунктаў пракату, але пункты аказаліся зачыненымі, паведаміў сустаршыня стваранай Партыі беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Да апошняга моманту актывіст БХД спадзяваўся, што замест роварнага прабегу ўдасца правесьці прагулку на катамаранах па Сьвіслачы, але аказалася, што гэтак жа раптоўна зачынілася і лодачная станцыя. І ўсё ж выйсьце знайшлося:

«Вось бачыце, як нэрвуе прадстаўнікоў рэжыму нашая актыўнасьць. Зрэшты, нам гэта не перашкодзіць. Калі ня роварамі, не катамаранамі, што рабіць — сваімі ўласнымі нагамі напрыканцы акцыі мы пройдземся невялікім грамадзкім хросным ходам вакол касьцёла і кляштара. У аднаго з удзельнікаў ровар ёсьць, ён зможа праехаць на ім, а мы зробім адначасова экскурсію па цэнтры гораду. Нешта распавяду я, нешта з вас той, хто ведае пра гісторыю будынкаў, якія ёсьць вакол».

Ля «Мінскай спадчыны», што вядзе будаўніцтва ў гістарычнай частцы сталіцы.

Міліцыянты ў цывільным удзельнікам акцыі не заміналі, а назіралі, вялі відэаздымку і нават уважліва слухалі зьвесткі з гісторыі Менску. Падчас экскурсіі вакол храмаў да актывістаў далучылася некалькі мінакоў.

Павал Севярынец праводзіць пешую экскурсію па гістарычных месцах вакол касьцёла.

Як да акцыяў, якія другі тыдзень праводзяць грамадзкія актывісты на плошчы Волі, ставяцца ў беларускім Касьцёле? Прэсавы сакратар каталіцкай царквы ў Беларусі Аляксандр Улас на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю адказаў, што Касьцёл «ня ўмешваецца ў палітычную дзейнасьць» і таму яму няма чаго камэнтаваць, «гэта справа саміх актывістаў».

На заўвагу, што некаторых актывістаў напярэдадні акцый затрымлівала міліцыя, Аляксандр Улас сказаў пра намаганьні каталікоў, накіраваныя на вяртаньне храма вернікам:

«Ведаеце, касьцёл займаецца гэтай справай з свайго боку. Іншым шляхам і іншымі магчымасьцямі. Скажам так, што да адной мэты кожны ідзе рознымі шляхамі. Мэта аднолькавая, бо ўсё гэта справа Божая».

З просьбай пракамэнтаваць дзеяньні абаронцаў касьцёлу сьвятога Язэпа я зьвярнуўся таксама да прэсавага сакратара менскай гарадзкой міліцыі Аляксандра Ластоўскага. З адказаў Аляксандра Ластоўскага вынікала, што прэтэнзій да ўдзельнікаў акцый няма, але і пакінуць іх без увагі міліцыянты ня могуць:

«З аднаго боку, гэтыя акцыі ня маюць адносінаў да акцый, пра якія трэба заяўляць. З другога боку — грамадзкія дзеячы зьбіраюцца, людзі зьбіраюцца, прамаўляюць нейкія думкі. Нешта адбываецца. Таму нашы супрацоўнікі езьдзяць туды, фіксуюць, як трэба, а там паглядзім».

29 верасьня ўдзельнікі абароны касьцёла зьбіраюцца правесьці круглы стол з удзелам прадстаўнікоў грамадзкасьці, на якім абмяркуюць праблемы вяртаньня вернікам гэтага ды іншых храмаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG