Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тараненка пра Арамнава: “Гэта ж каб настолькі чалавек быў без мазгоў!”


На тле посьпехаў беларусаў у баскетболе, мастацкай гімнастыцы, хакеі ды футболе разгараюцца міжнародныя скандалы з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, якія альбо трэніруюць нацыянальныя зборныя, альбо прапісаныя ў замежных камандах.

цяжкая атлетыка


Адзін з найбольш «сталых» скандалістаў беларускага спорту — барысаўскі цяжкаатлет Андрэй Арамнаў. У адпаведнасьці з рашэньнем Барысаўскага міжгарнізоннага суду, ён на 5 гадоў пазбаўлены права кіраваць транспартным сродкам і абавязаны выплаціць штраф у эквіваленце 3,5 тысячы даляраў. Арамнава трэці раз за два гады злавілі за рулём у п’яным выглядзе.

Андрэй Арамнаў
Летась суд ужо абавязваў штангіста выплаціць спачатку 400 даляраў штрафу, а потым яшчэ амаль 2 тысячы. Адначасова ён быў пазбаўлены прэзыдэнцкай стыпэндыі ў памеры блізу 6 тысяч даляраў. Аднак з улікам пакаяньня і прызнаньня віны пры канцы мінулага году стыпэндыя была вернутая. Праўда, можа аказацца, што ненадоўга. Старэйшы таварыш Андрэя Арамнава, алімпійскі чэмпіён Леанід Тараненка з жалем кажа: перавыхоўваць атлета, відаць, ужо позна:

«У яго шанцы выправіцца былі даўным-даўно. Але ён проста няправільна выхаваны, трэнэры абсалютна не дапрацавалі. Відавочна, глядзелі толькі на вынікі, ішлі ў яго на павадку. Такі шанец у яго быў, але ж… Дарэчы, ня так даўно ён быў злоўлены на ўжываньні наркатычных траваў. Ну які ён пасьля гэтага афіцэр „Дынама“? Апроч таго, што п’яніца, дык цяпер яшчэ і наркаман? Гэта што, нармальна? Спрабаваць выправіць, канечне, трэба — калі б гэтага ён сам захацеў. Але падобна, што гэта бессэнсоўна».

Карэспандэнт: «Хоць сам па сабе хлапец нібыта таленавіты?»

Ён не „нібыта“ таленавіты, а як спартовец ён супэрталенавіты. Такіх яшчэ пашукаць трэба.
«Ён не „нібыта“ таленавіты, а як спартовец ён супэрталенавіты. Такіх яшчэ пашукаць трэба. Гэта ўвогуле найлепшае, што я назіраю ў сваю бытнасьць. Але каб настолькі чалавек быў без мазгоў?! Гэта ўжо небясьпечна. Не прайшоў выпрабаваньне ў тым ліку і славай, але, думаю, што ён і дагэтуль быў такі ж, яшчэ да славы, калі ён сябе так паводзіць. Бо любому ж чалавеку відавочна: п’яны за рулём — гэта патэнцыйны злачынца. Раз злавілі — яму даравалі, другі раз. Але колькі ж можна? Ён жа, ня дай Божа, пазбавіць жыцьця каго-небудзь. Таму ўсё правільна зрабілі. Зь ім вазіліся, як зь дзіцём».

Згаданы Леанідам Тараненкам эпізод з паленьнем травяной сумесі ставіць пад пытаньнем удзел цяжкаатлета ў Алімпіядзе 2012 году ў Лёндане. Прынамсі, допінг-тэст, узяты падчас красавіцкага чэмпіянату Эўропы, даў станоўчы вынік. Арамнаў дыскваліфікаваны на паўгоду, але няма ніякай гарантыі, што тэрмін ня будзе падоўжаны.

Апроч таго, Андрэй намінальна лічыўся прапаршчыкам адной з вайсковых частак унутраных войскаў, аднак за паводзіны, несумяшчальныя са статусам, з армейскіх шэрагаў звольнены. Адпаведна страціў і крыніцу прыбыткаў — хоць і невялікую, але адну зь нешматлікіх на тле верагоднасьці застацца без прэзыдэнцкай стыпэндыі.


роварны спорт


У поле зроку беларускіх праваахоўнікаў трапіў яшчэ адзін вядомы ў спорце чалавек. Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Беларусі пачало распрацоўваць расейскага трэнэра па вэляспорце Станіслава Салаўёва. Пасьпяховы спэцыяліст калісьці ўзначальваў нацыянальную каманду Расеі, але некалькі гадоў таму ўзяўся трэніраваць сваю самую знакамітую выхаванку, васьміразовую чэмпіёнку сьвету Натальлю Цылінскую. Пасьля гэтага «у даважку» далі і зборную Беларусі, у сувязі з чым ён стала прапісаўся ў Менску.

Ёсьць зьвесткі, што супраць Салаўёва распачатая крымінальная справа па падазрэньні ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовым становішчам. Паводле папярэдняй інфармацыі, трэнэру інкрымінуецца прысваеньне блізу 18 тысяч даляраў. Сам Салаўёў знаходзіцца на волі, аднак ад камэнтароў адмаўляецца. Каго такая сытуацыя можа і выбіць з каляіны, дык гэта ўласна спартоўцаў. Але, як лічыць алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Ўладзімер Камінскі, такія дасьведчаныя людзі, як тая ж Цылінская, могуць быць паўнавартаснымі трэнэрамі самі сабе. Сытуацыю ж вакол расейскага спэцыяліста калегі не камэнтуюць:

«Калі вы памятаеце, на алімпійскіх гульнях у Афінах выйграла спрынт 37-гадовая канадка. Гэта вельмі спэцыфічная дысцыпліна ў вэляспорце, бо важна перадусім тое, што заклалі ў цябе бацькі. Перакананы, што гэта 90% посьпеху. Там не патрэбная асабліва выносьлівасьць, асноўны козыр — хуткасьць. Напрыклад, ня так, як у лёгкай атлетыцы, у бегавых дысцыплінах. Там тактыка вельмі бедная, трэба проста хутка бегчы, што вельмі цяжка. Таму спрынтэры ў лёгкай атлетыцы доўга і не „жывуць“. А што да ровара, то можна быць не такім ужо і хуткім, але вельмі мудрым у тактычным пляне. То бок, маючы такі досьвед і вялікае тактычнае майстэрства, можна атрымліваць перамогі».

хакей


Не абмінулі скандалы і самы аблашчаны ўладамі від спорту — хакей. Па сутнасьці, бясслаўна скончылася спроба гульца прэзыдэнцкай каманды, колішняга трэнэра беларускай зборнай Міхаіла Захарава замацавацца ва Ўкраіне. Кантрактная дамова зь беларускім спэцыялістам не падоўжаная на той падставе, што Захараў так і ня здолеў вывесьці ўкраінскіх хакеістаў у вышэйшы дывізіён усясьветнага першынства. Каманда, насуперак чаканьням, як мінімум на сэзон засталася ў групе «Б».

Міхаіл Грабоўскі
У скандальную гісторыю трапіў адзін з самых пасьпяховых прадстаўнікоў беларускага хакею ў НХЛ Міхаіл Грабоўскі. Муж і жонка Рычардсаны падалі ў суд на Грабоўскага за тое, што ён «зьбіў» іх падчас сёлетняй зімовай Алімпіяды ў Ванкувэры. Гэта адбылося 20 лютага ў адным з бараў, пасьля чаго беларус быў затрыманы, але ніякіх абвінавачваньняў тады высунута не было.

Цяпер пацярпелыя патрабуюць кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай страты. Як кажацца ў заяве, Дылан Рычардсан атрымаў ад Грабоўскага ў твар і ўпаў без прытомнасьці. Пасьля гэтага хакеіст ударыў Брэну Рычардсан. Паліцыя кажа, што ў бойцы ўдзельнічалі больш за дзясятак чалавек, прычым, амаль усе ў стане алькагольнага ап’яненьня. Высьветліць, хто каго і зь якой прычыны тузаў, цяпер ужо робіцца задачай суду.

Хакейны спэцыяліст, дзіцячы трэнэр Валерый Еўдакімаў, праз чые рукі прайшлі многія вядомыя цяпер беларускія хакеісты, кажа, што ўчорашнія сьціплыя падлеткі часта губляюць адчуваньне рэальнасьці, трапляючы ў нашмат лепшыя ўмовы. Але кагосьці асуджаць ён не бярэцца:

«Я ў пэўным сэнсе разумею іх: яны хочуць зачапіцца, яны хочуць есьці хлеб з маслам. Прычым, за гэтыя многія гады, напэўна, людзі прызвычаіліся, каб на гэтым хлебе з маслам яшчэ й ікорачка была ці іншыя далікатэсныя прысмакі. Таму, вядома, хлопцам трэба цяпер за ўсё адчайна чапляцца. Бо зноў пакласьці на кавалак чорнага хлеба кавалак беларускага сала, ды яшчэ ў прыкуску з цыбулінай, яны ж ня хочуць. Вось у чым нюанс. Гэта таксама трэба мець на ўвазе».

футбол


У стадыі вывучэньня футбольны скандал. Гэтым разам — з удзелам моладзевай каманды Беларусі. Польскі арбітар Зьбігнеў Марчык падазраецца ў атрыманьні хабару ад беларусаў за адборачны матч чэмпіянату Эўропы 2004 году. Тая сустрэча завяршылася хатняй перамогай выхаванцаў Юрыя Пунтуса над камандай Малдовы. Нібыта за спрыяньне ў «арганізацыі» патрэбнага ліку Марчык быў аддзячаны торбай, курткай, майкамі, буцамі ды іншай экіпіроўкай. Між тым, прэтэнзій з боку польскіх ці эўрапейскіх футбольных уладаў беларускаму боку не паступала. Беларуская фэдэрацыя футболу перакананая: не было неабходнасьці нікога «купляць», паколькі ў тым адборачным туры каманда была аб’ектыўна мацнейшай за многіх супернікаў, заняўшы выніковае другое месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG