Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыклад Лужкова сьведчыць, што намеры Масквы да Лукашэнкі вельмі сур’ёзныя”


Юрый Лужкоў

Юрый Лужкоў

Беларускія палітыкі адзначаюць, што адстаўка мэра Масквы Юрыя Лужкова азначае моцны ўдар па пралукашэнкаўскім лобі ў Расеі. Назіральнікі зьвяртаюць увагу на падабенства таго, як падкантрольныя Крамлю СМІ вялі інфармацыйную вайну супраць Лужкова і Лукашэнкі.

Цяпер ужо былы мэр Масквы доўгія гады быў адным з найбольш уплывовых палітычных паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі. Стасункі Аляксандра Лукашэнкі з Крамлём мяняліся, перажывалі розныя пэрыяды, а за апошнія месяцы зьведалі наймацнейшы крызіс. Аднак усё гэта ніяк не ўплывала на палітычнае сяброўства Лукашэнкі і Лужкова. Мэр Масквы быў частым госьцем у Менску, адкрываў тут бізнэс-праекты, зь іншага боку — павялічваліся пастаўкі беларускай прадукцыі ў Маскву.

Анатоль Лябедзька
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што адстаўка Лужкова азначае моцны ўдар па пралукашэнкаўскім лобі ў Расеі:

«Адстаўка Лужкова — гэта ўнутрыпалітычная расейская падзея, але яе кругі даходзяць да Менску. Такім чынам Мядзьведзеў — мэтанакіравана ці выпадкова — пачаў „адстрэл“ пралукашэнкаўскага лобі ў Расеі. Лужкоў быў адным са слупоў, на якім трымалася прысутнасьць Лукашэнкі ў Маскве. Можа, гэта пачатак, які будзе мець наступствы для іншых прадстаўнікоў пралукашэнкаўскага лобі ў Расеі.

Зь іншага боку, нам трэба чакаць, што дуэт Лужкоў-Батурына ў хуткім часе можа актывізаваць сваю дзейнасьць у Беларусі. Я думаю, што мы яшчэ неаднаразова сутыкнёмся зь іхнімі прозьвішчамі падчас абмеркаваньня тых ці іншых „прыхватызацыйных“ рашэньняў, што будуць прымацца ў Беларусі»

Аналітыкі цяпер праводзіць паралелі з тым, наколькі падобна падкантрольныя Крамлю СМІ вялі інфармацыйную вайну супраць Лужкова і Лукашэнкі. Дастаткова сказаць, што ў праграмы НТВ «Справа ў кепцы» тыя ж самыя аўтары, што і ў антылукашэнкаўскага сэрыялу «Хросны бацька».

Кірыл Пазьняк
Рэдактар Інтэрнэт-праекту «Мы» Кірыл Пазьняк вылучае палітычныя і эканамічныя наступствы адстаўкі Юрыя Лужкова:

«Я бы прыцягнуў увагу на тое, што супраць Лужкова Крэмль дзейнічаў тымі ж мэтадамі, як і супраць Лукашэнкі. Калі б Лукашэнка быў нейкім губэрнатарам, то яго чакаў бы лёс Лужкова — аднак простым указам беларускага прэзыдэнта ня зрынеш. Аднак гэта можа сьведчыць, што намеры Масквы ў дачыненьні да Лукашэнкі вельмі сур’ёзныя. Як мінімум, Лукашэнка згубіць падтрымку маскоўскага лобі.

Але гэта будзе тычыцца толькі падтрымкі палітычнай. Бо эканамічна шчыльныя адносіны Беларусі і ўраду Масквы застануцца. Тым больш цяпер, калі эканамічная сытуацыя ў Расеі няпростая, і яны асабліва зацікаўленыя ў беларускай прадукцыі. Таму прыпыненьня гандлёвых адносінаў не адбудзецца.»

Зусім нядаўна, віншуючы Юрыя Лужкова зь 74-годзьдзем, Лукашэнка «выказаў упэўненасьць, што і ў далейшым Юры Лужкоў будзе ўносіць важны ўнёсак ва ўмацаваньне ўзаемавыгадных беларуска-расейскіх дачыненьняў». Выглядае, аднак, што гэты ўнёсак Лужкову давядзецца ўносіць ужо ў якасьці звычайнага пэнсіянэра.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG