Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод тых, хто хоча зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты, ёсьць малавядомыя ў беларускім грамадзтве асобы: Іван Кулікоў, Дзьмітрый Ус і Сяргей Рыжоў. Чаму яны ідуць на выбары?

Іван Кулікоў


Кандыдат тэхнічных навук, доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар Іван Кулікоў працуе ў галіне ядзернай энэргетыкі. Цягам чатырох гадоў працаваў у праектах па энэргазьберажэньні з Усясьветным банкам. Таксама мае досьвед працы ў дзяржаўных структурах — кіраваў упраўленьнем Дзяржкантролю, якое займалася чарнобыльскімі праблемамі, экалёгіяй і лесам. Цяпер ён загадвае лябараторыяй Інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны». Беспартыйны. Івану Кулікову 61 год, мае трох дзяцей, удавец.
Першы мой указ будзе аб роспуску Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі і аб правядзеньні новых выбараў.


У яго ініцыятыўнай групе 109 чалавек, але ён кажа, што «гэта група інтэлектуалаў». Спадар Кулікоў адзначыў, што ідзе на выбары, бо ў краіне патрэбныя зьмены. Адна зь яго мэтаў — вярнуць канстытуцыю, якая існавала да 1996 году.

«Гэта быў выразны падзел уладаў, калі былі вялікія паўнамоцтвы ў Вярхоўнага Савета, да рэфэрэндуму 1996 года. І былі меншыя паўнамоцтвы прэзыдэнта. Я прапаную вярнуцца да рэальнай дэмакратыі. Першы мой указ будзе аб роспуску Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі і аб правядзеньні новых выбараў на больш дэмакратычнай аснове».

Спадар Кулікоў сказаў, што падтрымлівае будаўніцтва АЭС у Беларусі, але лічыць, што пляцоўка для яе павінна быць іншай.

Сяргей Рыжоў


Начальнік сэктару зьнешнеэканамічнай дзейнасьці віцебскага плодагародніннага камбінату беспартыйны Сяргей Рыжоў мае ініцыятыўную групу з 123 чалавек. У яе таксама запісалася яго былая жонка. Сяргею 46 гадоў, мае дачку. Скончыў Віцебскі тэхналягічны ўнівэрсытэт. Па спэцыяльнасьці — інжынэр-эканаміст і бухгальтар-эканаміст. Кароткі час працаваў у Расеі дырэктарам гандлёвых прадпрыемстваў.
У краіне трэба рабіць кардынальныя зьмены.
Пасьля вяртаньня ў Віцебск працаваў намесьнікам дырэктараў Грамадзхарчу і прыватнага прадпрыемства «Дыяніс». Паўтара году Сяргей Рыжоў быў беспрацоўным. Перад працаўладкаваньнем на віцебскі плодагароднінны камбінат меў сустрэчу па праблеме беспрацоўя зь віцэ-прэм’ерам Патупчыкам:

«Сёньня насьпела сытуацыя, калі ў краіне трэба рабіць кардынальныя зьмены. І мяняць не асобныя пытаньні ці асобныя погляды на рашэньне тых ці іншых пытаньняў, а, наогул, падыходы да іх. Павінна прыйсьці новая каманда з рэальнымі і новымі ідэямі, і гэта павінна працаваць. Гэта мой асабісты пункт погляду як грамадзяніна. І я яго агучваю сваім рашэньнем прыняць удзел у гэтых выбарах».

Дзьмітрый Ус


Дзьмітрый Ус 18 гадоў зьяўляецца дырэктарам менскага картаграфічнага выдавецтва «Трывіюм», паводле адукацыі — юрыст, беспартыйны. Дзьмітрыю Усу 39 гадоў. Ён жанаты, мае сына. Быў дэпутатам Менскага гарсавету. Калі абіраўся на другі тэрмін, яго зьнялі з рэгістрацыі, нібыта за тое, што не даплаціў падаткі. Аднак потым яго зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і гэтае пытаньне ўжо не закраналася. Адносна парлямэнцкіх выбараў ён сказаў:
Самае першае і асноўнае пытаньне — каб людзі ў нас выбіралі дэпутата.


«Мяне абралі людзі, але проста камісіі сфальсіфікавалі выбары. За мяне больш прагаласавала людзей на ўсіх участках, чым было напісана ў пратаколах. І людзі пра гэта даведаліся і напісалі прэзыдэнту і Ярмошынай, каб зрабіць пералік на ўчастках. І было больш подпісаў за пералік, чым лічба ў пратаколах: 300 — у пратаколе, а 500 чалавек — за пералік».

У ініцыятыўнай групе Дзьмітрыя Ўса больш за 1300 чалавек. Ён кажа, што, стаўшы прэзыдэнтам, хоча памяняць выбарчую сыстэму:

«Самае першае і асноўнае пытаньне — каб людзі ў нас выбіралі дэпутата. Каб ня ўлада выбірала дэпутата, а самі людзі абіралі. А ў нас цяпер такая сытуацыя, што людзі ў нас не выбіраюць, а выбірае дэпутатаў улада — для сябе. А самі людзі застаюцца за бортам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG