Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьны курс праваслаўя адправілі на дапрацоўку


Як мінімум, у першай палове наступнага года ў беларускіх школах вывучаць праваслаўе ня будуць. Навукова-мэтадычная савет пры Міністэрстве адукацыі не ўхваліла факультатыўны курс «Асновы праваслаўнай культуры. Сьвятыні беларускага народу».

Ня выключана, што выкладаньне гэтага курсу пачнецца з другога паўгодзьдзя, калі факультатыў пасьпеюць дапрацаваць з улікам выказаных заўваг, распавёў «Беларускім навінам» галоўны інспэктар упраўленьня сацыяльнай і выхаваўчай працы Мінадукацыі Аляксей Ананенка.

У гэтым выпадку курс будзе вывучацца толькі па жаданьні школьнікаў і іх бацькоў. Зараз у беларускай школе шмат факультатываў. Ёсьць і тыя, на якіх выкладаюць рэлігіязнаўства.

У апошнія два гады распрацаваныя і ўхваленыя тры тэматычныя факультатывы – «Біблія – помнік гісторыі і літаратуры» для 6-ай клясы, «Культура і рэлігія» для 10-ай і 11-ай клясаў, «Асновы рэлігіязнаўства» для 11-ай клясы.

А вось адпраўлены на дапрацоўку курс па асновах праваслаўнай культуры быў скразным – яго плянавалася выкладаць з 1-ай па 11-ую клясы.

Аднак грамадзкасьць насьцярожвае, што на школьных факультатывах упор робіцца менавіта на праваслаўі.

У Беларусі да вернікаў адносяць сябе каля паловы дарослых. Пераважная большасьць зь іх, блізу 80%, адносіць сябе да праваслаўных. Другая па велічыні канфэсія (14%) – каталікі. Пражываюць у Беларусі пратэстанты, мусульмане, юдэі, прадстаўнікі іншых канфэсій.

Таму экспэрты і адзначаюць, што школьнае выкладаньне асноў праваслаўя ў шматканфэсійным грамадзтве, як мінімум, не этычна і нават можа ўспрымацца як замах на правы чалавека.

Вывучэньне ў школах рэлігійнага сьветапогляду з пазыцыі перакананьня школьнікаў у праўдзівасьці рэлігіі, у тым ліку канкрэтнай – гэта праява абскурантызму, лічыць прафэсар, доктар філязофскіх навук Георгі Антанюк.

Мяркуючы па заключэньні Навукова-мэтадычнага савета, яго экспэрты прыйшлі прыкладна да такой жа высновы.

Прадстаўлены праект праграмы, адзначылі яны, супярэчыць абвешчанай у законе "Аб адукацыі" свабодзе сумленьня і асновам дзяржаўнай палітыкі ў сфэры адукацыі. Адзначаецца, што праграма факультатыўнага курсу не адпавядае палажэньням закону ў частцы навуковасьці, нацыянальных культурных асноў і сьвецкасьці адукацыі, парушае нацыянальныя культурныя асновы адукацыі і не адлюстроўвае карціну разьвіцьця праваслаўя ў Беларусі.

Адзначаецца таксама, што «аўтары не клапоцяцца аб каардынацыі прапанаванага матэрыялу з утрыманьнем асноўных курсаў адпаведных клясаў».

Аўтарам рэкамэндуецца кардынальна перапрацаваць праграму, зьвярнуўшы асаблівую ўвагу на крытэры, якім яна павінна адпавядаць, а менавіта – навуковасьць, сьвецкасьць, адпаведнасьць нацыянальным культурным асновам адукацыі. Указваецца, што курс павінен працаваць на фармаваньне любові да радзімы і адпавядаць дыдактычным прынцыпам навучаньня, у прыватнасьці сыстэматычнасьці.

І ўсё ж, як быць з правам прадстаўнікоў іншых канфэсій на вывучэньне падобнага курсу?

У Мінадукацыі кажуць, што яны гатовыя разгледзець пытаньне аб прадметным вывучэньні ў школах гісторыі іншых рэлігій, калі будзе адпаведная ініцыятыва.

Такая, якую праяўляе Беларуская праваслаўная царква, якая заключыла з Міністэрствам адукацыі дагавор аб супрацоўніцтва і рэалізуе ў яго рамках вялікай праграмы па прасоўваньні праваслаўя ў сыстэму адукацыі.

Удзельнічаць у адукацыйным працэсе была б ня супраць і Каталіцкая царква, але яе стрымліваюць важкія прычыны фармальнага характару. Рымска-каталіцкі касьцёл у нашай краіне ня мае канкардату, адзначыў адказны за СМІ пры Сакратарыяце Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня: «Гэтае пытаньне можна вырашыць толькі на ўзроўні кіраўнікоў Ватыкану і Беларусі. Але мы вельмі спадзяемся мець падобныя з праваслаўнай царквой правы і ўдзельнічаць у сьвецкім адукацыйным працэсе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG