Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Паўночнай Карэі (пакуль) без пераменаў


Кім Чэн Ір

Кім Чэн Ір

Сёньня Працоўная партыя Карэі (ППК) на надзвычайным сходзе ў Пхэньяне перавыбрала Кім Чэн Іра сваім генэральным сакратаром.

Спадзяваньні шматлікіх экспэртаў у пытаньнях Паўночнай Карэі, што на гэтым сходзе будзе назначаны наступнік Кім Чэн Іра, не апраўдаліся.

Аднак, як лічаць шматлікія назіральнікі, кіраўнік Паўночнай Карэі зрабіў даволі празрысты намёк на тое, каго хоча бачыць сваім наступнікам. Сёньня раніцай дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі падалі інфармацыю, што Кім Чэн Ір назначыў шэсьць генэралаў, у тым ліку свайго наймалодшага сына, Кім Чон Уна. Вось Кім Чон Ун, як мяркуецца, і будзе наступным кіраўніком Паўночнай Карэі.

Кім Чэн Іру – 68 гадоў. Колькі гадоў ягонаму сыну Кім Чон Уну – дакладна не вядома. Мяркуецца, што гэты сын нарадзіўся ў 1983 або 1984 годзе. Не вядома таксама, чым ён займаўся да гэтай пары, акрамя цьмянай інфармацыі, што ён хадзіў у школу ў Швэйцарыі і зьяўляецца улюбёным сынам Кім Чэн Іра, у якога яшчэ два іншыя сыны, старэйшыя.

Назначэньне Кім Чэн Іра наступнікам свайго бацькі, заснавальніка і першага кіраўніка Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Ір Сэна, наступіла на зьезьдзе ППК у 1980 годзе. Сёньняшні сход ППК у Пхэньяне, паводле партыйнай намэнклятуры, быў ня зьездам, а ўсяго партыйнай канфэрэнцыяй. Але гэта і так была вялікая падзея ў жыцьці аднае з найбольш скрытных і непранікальных для зьнешніх назіральнікаў дзяржаваў сьвету, паколькі папярэдняя канфэрэнцыя ППК адбылася ажно ў 1966 годзе.

Экспэрт у паўночнакарэйскіх пытаньнях Андрэй Ланькоў сказаў нашаму радыё, што Кім Чон Ун, які ня мае ніякага палітычнага досьведу, хутчэй за ўсё будзе "сымбалічным лідэрам". Сапраўдная ўлада пасьля сьмерці Кім Чэн Іра, лічыць Ланькоў, будзе належаць да швагра цяперашняга кіраўніка дзяржавы, Чан Сон Тхэка, і ягонай жонкі, Кім Кён Хі, якая сёньня таксама стала генэралам. Паводле Ланькова, у палітыцы Паўночнай Карэі нельга спадзявацца на нейкія істотныя зьмены.
XS
SM
MD
LG