Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жан-Эрык Гольцапфэль: для ЭЗ важна, каб выбары ў Беларусі былі справядлівыя


Для Эўразьвязу важна, каб прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сумленныя і справядлівыя, заявіў 28 верасьня часовы павераны ў справах ЭЗ у Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль.

"Што да выбарчай кампаніі, то тут мы ня можам сказаць шмат, бо гэта ўнутраная справа Беларусі — правядзеньне выбараў. Для нас важна, каб выбары прайшлі сумленна і справядліва, каб працэс арганізацыі выбараў быў празрыстым. Цяпер мы праводзім абмеркаваньне, што менавіта важна для нас у правядзеньні выбараў. Гэта датычыцца галасаваньня, назіраньня, доступу да СМІ кандыдатаў, свабоды сходаў — гэта тыя самыя найважнейшыя элемэнты. Мы рады таму, што Беларусь запрасіла міжнародных назіральнікаў", — сказаў Хольцапфэль.

З нагоды магчымай адмены санкцый у дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў часовы павераны адзначыў, што цяпер ідзе працэс абмеркаваньня, унутраных узгадненьняў, і рашэньне па дадзеным пытаньні будзе прымацца ў канцы кастрычніка.

Жан-Эрык Хольцапфэль 28 верасьня браў удзел у адкрыцьці цэнтру карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня ў Хойніках. У рамках сумеснага праекту ЭЗ і ПРААН для цэнтру была закуплена мэбля, кампутар, спэцыяльнае абсталяваньне, якое спрыяе разьвіцьцю дзяцей.
XS
SM
MD
LG