Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая вялікая група ў Гайдукевіча, самая малая — у Кулікова

  • БелаПАН

Самая вялікая ініцыятыўная група патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ў лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча — 10.443 чалавекі, самая малая — у загадчыка лябараторыі абсталяваньня ядзерных энэргетычных установак Аб'яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў "Сосны" Івана Кулікова — 107. Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы маглі да моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп уносіць зьмены ў іх колькасны склад. Акрамя таго, у шэрагу прэтэндэнтаў некаторыя прозьвішчы былі ўнесены ў сьпіс ініцыятыўнай групы не ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

На другім месцы па колькасьці застаецца ініцыятыўная група дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі — 8.403 чалавекі.

Больш за тры тысячы чалавек (3.271) уваходзіць у ініцыятыўную групу лідэра грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімера Някляева.

Кіраўнік кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэй Саньнікаў уключыў у сваю ініцыятыўную групу крыху больш за дзьве тысячы чалавек (2.003).

У склад ініцыятыўных груп сямі прэтэндэнтаў уваходзіць ад адной да двух тысяч чалавек. Зьбіраць подпісы для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты старшыні аргкамітэту па стварэньні саюзу "За мадэрнізацыю" Алеся Міхалевіча будзе 1.795 чалавек; сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага — 1.700; лідэра аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча — 1.547; намесьніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука — 1.461; дырэктара ТДА "Трывіум" Дзмітрыя Уса — 1.354; намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва — 1.306; старшыні рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі — 1.301.

У ініцыятыўнай групе першага намесьніка старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Юрыя Глушакова 244 чалавекі.

Акрамя групы Кулікова менш за дзьвесьце чалавек у ініцыятыўнай групе індывідуальнага прадпрымальніка зь Віцебску Ўладзімера Правальскага (187), беспрацоўнага Сяргея Іванова (129), начальніка сэктару зьнешнеэканамічнай дзейнасьці ААТ "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" Сяргея Рыжова (123) і інжынэра-будаўніка Пятра Барысава (110).

27 верасьня ЦВК зарэгістравала 17 з 19 ініцыятыўных груп.

Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты будзе праходзіць з 30 верасьня па 29 кастрычніка, рэгістрацыя кандыдатаў — з 14 па 23 лістапада. Выбары пройдуць 19 сьнежня.
XS
SM
MD
LG