Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дольнай залі Чырвонага касьцёлу ў Менску сёньня а 18-й гадзіне адбудзецца прэзэнтацыя беларуска-ангельскага і ангельска-беларускага размоўніка, а таксама кнігі матэрыялаў канфэрэнцыі "Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасьць грамадзкіх аб'яднаньняў па яго паляпшэньні".

Канфэрэнцыя "Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасьць грамадзкіх аб'яднаньняў па яго паляпшэньні" адбылася ў студзені 2010 году, пасьля чаго былі сабраныя матэрыялы выступоўцаў, якія выйшлі асобнай кніжкай.

А вось ангельска-беларускі і беларуска-ангельскі размоўнік стваралі даўжэй — праца вялася сябрамі Таварыства беларускай мовы некалькі гадоў. Усе, хто прыйдзе на прэзэнтацыю ў Чырвоны касьцёл, змогуць атрымаць абедзьве кніжкі ў падарунак.

Паводле афіцыйных вынікаў апошняга перапісу насельніцтва, колькасьць беларусаў, якія лічаць роднай мовай беларускую, скарацілася ад 85% да 53%. Што могуць зрабіць недзяржаўныя арганізацыі, каб паўплываць на пашырэньне беларускай мовы ў грамадзтве?

Алена Анісім, намесьніца старшыні ТБМ, супрацоўніца Інстытуту мовы і літаратуры:

“Мы ўжо прымалі ўдзел у некаторых сустрэчах на міжнародным узроўні, арганізаваных па лініі АБСЭ. Так, Алег Трусаў езьдзіў улетку ў Ірляндыю ў складзе сумеснай дэлегацыі, дзе былі прадстаўнікі розных міністэрстваў, дзяржаўных установаў. Яны вывучалі эўрапейскі досьвед вырашэньня моўных пытаньняў”.

Спадарыня Анісім кажа, што нядаўна вярнулася з аналягічнай сустрэчы ў Фінляндыі і абяцае ў хуткім часе надрукаваць свае ўражаньні.

Станіслаў Суднік, галоўны рэдактар газэты "Наша слова", якая выдаецца ў Лідзе, на пытаньне "што рабіць?" мае свой адказ:

"Пакуль ня ведаем, ці зробіцца гэта, але павінна зрабіцца, каб Лідзкі райвыканкам прыняў рашэньне аб пераводзе ўсіх пачатковых школаў на беларускую мову. Безапэляцыйна. Адзін раён павінен гэта зрабіць, каб за ім пайшлі астатнія. Усе школы на беларускую мову, пагалоўна ўсе клясы".

У прэзэнтацыі матэрыялаў канфэрэнцыі "Сучасны стан беларускай мовы" ды англа-беларуска-ангельскага размоўніка возьме ўдзел бард Зьміцер Сідаровіч, а таксама стваральнікі мультымэдыйных дыскаў "Гадуем беларусаў".
XS
SM
MD
LG