Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Правальскі: "Мая праграма – адсутнасьць якой-небудзь праграмы "


Сёньня госьць Начной Свабоды – патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, віцебскі бізнэсовец Уладзімер Правальскі. Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала яго ініцыятыўную групу.

Соўсь: Сёньня на паседжаньні ЦВК вы прасілі не рэгістраваць ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі, паколькі той асабіста не падаваў свае дакумэнты. Ініцыятыўную групу кіраўніка Беларусі ўсё ж зарэгістравалі, а вось вас павіталі воплескамі патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта і кіраўнікі ініцыятыўных групаў за шэраг заяваў кшталту пытаньня “Для каго дзейнічае сёньня Выбарчы кодэкс?”

Правальскі: Я хацеў бы ўдакладніць, што прасіў адмовіць у прыёме заявы аб рэгістрацыі групы і вярнуць дакумэнты разам з заявай Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Падчас дыскусіі на паседжаньні чальцоў камісіі пасьля майго пытаньня, хто падпісаў заяву, мне адназначна адказалі, што падпісаў Лукашэнка, а прынёс кіраўнік яго ініцыятыўнай групы.

Соўсь: Чаму вы вырашылі балятавацца на прэзыдэнта? Дзеля чаго вам гэта?

Правальскі: Асноўная матывацыя, як і ва ўсіх маіх учынках адна – вялікае жаданьне працаваць на гэтай пасадзе. Паколькі яна праз 3-5 месяцаў будзе вакантнай. Я не сумняюся, што абавязкам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь я дам рады нашмат лепей, чым дзеючы кіраўнік.

Соўсь: Мы папрасілі наведнікаў сайту “Свабоды” задаць вам пытаньні. Тацьцяна зь Віцебску пытаецца:

Спадар Уладзімер, падзяка за мужны ўчынак. Пытаньне такое: у Віцебску шмат гадоў існуе дэмакратычная кааліцыя, нават дзьве. Мы ўсе адзін аднаго добра ведаем. А вас не. Якіх поглядаў Вы прытрымліваецеся? Якія асноўныя напрамкі вашай праграмы?

Правальскі: Я веру ў тое, што буду прэзыдэнтам. Нават у гэтай выбарчай кампаніі. Бязь веры я б нават не выстаўляў сваю кандыдатуру.

Я таксама ня ведаю гэтых дэмакратычных сілаў тут у Віцебскай вобласьці. Відаць яны так працуюць, што да мяне нават не дайшла пра іх інфармацыя. Але я думаю, што гэта можна выправіць, бо час працуе на тое, што адзін пра аднаго даведаемся. Што да праграмы, то на дадзеным этапе мая праграма – адсутнасьць якой-небудзь праграмы. Паколькі іх сёньня ніхто не чытае, а калі і чытае, то ў ёй поўна спэцыяльных тэрмінаў. А мае прынцыпы заснаваныя на агульначалавечых, агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцях – духоўна-маральны пачатак ва ўсіх учынках, тым болей на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Цяперашняя ўлада галоўным робіць матэрыяльныя даброты, забываючы на тое, што без духоўна-маральнага стану грамадзтва могуць перакрэсьліцца ўсе іх дасягненьні і ўчынкі.

Соўсь: Стала вядома пра ціск на сяброў Вашай ініцыятыўнай групы. Распавядзіце, калі ласка, што здарылася.

Правальскі: Да аднаго з сяброў маёй ініцыятыўнай групы прыехалі проста на возера на рыбалку і задалі пытаньне: "Табе што, не падабаецца прэзыдэнт Лукашэнка?" На што ён ім адказаў: "Надакучыў мне ваш Лукашэнка". Яго прымусілі прасьледаваць зь імі ў сельсавет, куды ўжо даставілі яго маці, якая таксама зьяўляецца сябрам маёй ініцыятыўнай групы. І там аказвалі ціск, на мой погляд, з элемэнтамі пагрозы. У тым сэнсе, што, відаць, ёй ня хочацца дажыць да пэнсіі.

Слухаць перадачу цалкам:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG