Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэгіструюць усіх — і кампанія набывае адценьне гумару”


Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

Чаму працэс рэгістрацыі ініцыятыўных групаў быў, паводле словаў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, «супэрлібэральным»? Чаму ўлада зарэгістравала фактычна ўсе ініцыятыўныя групы, нягледзячы на пэўныя парушэньні і спрэчныя моманты? Колькі кандыдатаў ад апазыцыі стануць аптымальнай колькасьцю для Аляксандра Лукашэнкі? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль.

Цыганкоў: Чаму ЦВК рэгіструе ўсіх? Ці ёсьць у гэтым нейкі палітычны інтарэс для дзейнай улады?

Кароль: Тактычная лінія на рэгістрацыю найбольшай колькасьці прэтэндэнтаў праглядалася ўжо даўно. Шмат якія словы Ярмошынай, яе намесьнікаў сьведчылі пра тое, што найбольш непажаданы сцэнар для ўлады — гэта вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі. Гэта магло зламаць сцэнар улады, які падрыхтаваны і ўжо неаднаразова быў апрабаваны на мінулых выбарах.

Зразумела, што прадпрымальнікі не пайшлі б на самавылучэньне, калі б не атрымалі «дабро» ад вэртыкалі.
Такім чынам улады да кандыдатаў ад апазыцыі дадалі шэраг нечаканых фігур. Зразумела, што прадпрымальнікі не пайшлі б на самавылучэньне, калі б не атрымалі «дабро» ад вэртыкалі. У якой форме — мы ня ведаем. Але відавочна, ім далі зразумець, што іхнія дзеяньні патрэбныя і будуць ухваленыя.

На гэтым фоне размываюцца дэмакратычныя кандыдаты. Уся кампанія набывае адценьне гумару, несур’ёзнасьці. І гэты цень скіраваны найперш на апазыцыйных кандыдатаў. І на гэтым агульным фоне адным сапраўдным кандыдатам выглядае Аляксандар Лукашэнка.

Цыганкоў: Калі прыняць такую тактыку дзеяньняў уладай, то колькі, па-вашаму, ім выгодна зарэгістраваць апазыцыйных кандыдатаў?

Кароль: Я думаю, яны захоўваюць свабоду манэўру ў залежнасьці ад хады і моцы кампаніі таго ці іншага прэтэндэнта. Пакінуць двух ці трох. Але галоўнае — выбраць зь іх найслабейшага. Тады можна будзе адсячы найбольш моцнага, дынамічнага. Які праявіцца падчас выбарчай кампаніі.

На гэтым фоне яшчэ больш яскрава відаць, што памылка апазыцыі ў тым, што яна на папярэднім этапе ня здолела дамовіцца і выйсьці на адзінага кандыдата. Выправіць гэтую хібу магчыма пісьменнымі дзеяньнямі на гэтым этапе і выхадам на ўзгодненую стратэгію, а яшчэ лепш — на адзінага кандыдата.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG