Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская літаратарка, перакладніца Анка. Нарадзілася ў 1981 годзе ў Магілёве. Скончыла факультэт замежных моваў Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У ліпені 2007 перамагла ў літаратурным турніры імя Данііла Хармса ў Санкт-Пецярбурзе. У 2009 г. выйшла ў фінал літаратурнага конкурсу імя Карласа Шэрмана для маладых літаратараў, арганізаванага беларускім ПЭН-цэнтрам. У выдавецтве «Галіяфы» рыхтуецца да друку яе першая кніга. Жыве ў Менску.


Што для вас свабода?


Складнік для шчасьця.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Грошы. Тое, што іх трэба зарабляць.



Што для вас шчасьце?


На практыцы яно абсалютна невытлумачальнае, часам для адчуваньня шчасьця мне дастаткова добрага надвор’я, а часам — нават і кепскага.Чаму? Ня ведаю. Хоць, калі б я паспрабавала выводзіць тэарэтычную формулу шчасьця, то, вядома, згадала б магчымасьць быць патрэбнай, быць свабоднай, здаровай, дабрабыт і здароўе блізкіх і наяўнасьць гэтых блізкіх.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Адзіноты.



Які талент вы хацелі б мець?


Рэалізаваць тыя, што ёсьць.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Захапляюць прафэсіяналы розных шляхетных прафэсіяў (сапраўдныя ўрачы, сапраўдныя журналісты, сапраўдныя настаўнікі…) і прафэсіяналы ў літаратуры. Калі пераходзіць на асобы, то мае прыхільнасьці вельмі пераменлівыя. Я то адным запальваюся, то іншым. Зь беларусаў надзвычай прафэсійным мне падаецца паэт Алесь Разанаў. Хоць я не вялікая аматарка паэзіі, але ўжо сам яго падыход да справы зачароўвае. З замежных аўтараў самае апошняе захапленьне — брытанскі празаік японскага паходжаньня Кадзуа Ісігура.



Што вы найбольш любіце рабіць?


З неабстрактных рэчаў — пісаць, калі пішацца.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Думаю, разумней будзе падумаць пра гэта напрыканцы, у старасьці.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Карысных парадаў атрымоўвала тысячы, але да пэўнага ўзросту яны праходзілі міма мяне. Самыя карысныя парады — вельмі простыя, але, на дзіва, ня так проста навучыцца іх прытрымлівацца:


Стаўся да жыцьця прасьцей. Калі нешта не атрымоўваецца, занадта не пераймайся. Усьміхайся. Цані і дробныя рэчы, калі гэта добрыя рэчы. Будзь удзячная. Ня злуй. Ну, і гэтак далей…



Які ваш улюбёны дэвіз?


Ня бойся! Ненавіджу баяцца, хоць ад прыроды «баяка».



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Такой, каб людзям не замінала.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


Мне пашанцавала — у Беларусі.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Зноў удача мне ня здрадзіла. Цяпер.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Запрасіла б да сябе ў рэзыдэнцыю на кубак кавы каго-небудзь кампэтэнтнага, каб параіцца наконт рэформаў. Мммм… Мілінкевіча!



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Мілінкевіч разьбярэцца! (Мы яшчэ пакуль не параіліся).



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


У мяне асабіста адносіны з Расеяй добрыя, а што датычыць нашай краіны — зноў званок Мілінкевічу:


— Алё, спадар Аляксандар, а вось тут у мяне пытаюцца…


Проста, насамрэч, які зь мяне палітык? Кожны мусіць займацца сваёй справай. Але калі б раптам мне выпала вырашаць такія важныя пытаньні, ня стала б звальняцца, бо адказная. Трэба было б выкарыстоўваць шанец. Я кепска разьбіраюся ў эканоміцы, але добра разьбіраюся ў людзях. Звольніла б каго трэба, каго трэба прызначыла — усё было б добра і з Расеяй, і з Эўразьвязам.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура не бывае свая людзям. Яна свая ўласная, сама для сябе.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Спадзяюся, як мага хутчэй і як мага найлепшым чынам.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі пачнуць дзетак вучыць у садку, дома… Рэформы трэба праводзіць. Толькі прыватнай ініцыятывай тут не абыйдзесься.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Францішак Багушэвіч жа сказаў, што будзе — памром. Відаць, будуць нейкія іншыя пасьля нас. Русабелы, можа быць.

XS
SM
MD
LG