Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук Лукашэнку: "Мы граем беларускую музыку"


Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад АГП Яраслаў Раманчук, знаходзячыся ў Маскве, адказаў на закід Лукашэнкі наконт таго, што цяпер апазыцыя нібыта грае на расейскай балалайцы. Іншыя апазыцыйныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі абвінавацілі самога Лукашэнку ў парушэньні закону.

Удзельнік выбарчай гонкі ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук сёньня ў Маскве правёў прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх і замежных журналістаў. Сустрэча з прэсай адбылася ў рэдакцыі газэты "Московский комсомолец". Паслухаць беларускага апазыцыянэра прыйшло шмат прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку і Беларускага тэлебачаньня.

Журналісты пыталіся, ці можа беларуская апазыцыя перамагчы, і якімі будуць стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй у такім выпадку. На першае пытаньне Яраслаў Раманчук адказаў станоўча:

"Безумоўна, ёсьць усе падставы, каб гэта здарылася. Што да інфармацыйнай падтрымкі, то вельмі добра, што расейскія СМІ даюць нам магчымасьць выказаць пункт гледжаньня і даносіць яго да беларусаў... Сярод іншага, я прадставіў 15 прычынаў, чаму прэзыдэнт Раманчук лепшы партнэр для Расеі, чым Аляксандар Лукашэнка".

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі Яраслаў Раманчук правёў у Маскве і сустрэчы з расейскімі палітыкамі.

У мінулую суботу на "Дажынках" у Лідзе Аляксандар Лукашэнка зноў назваў апазыцыю "ворагамі народу" і заявіў, што яе прадстаўнікі едуць у Маскву на агледзіны: "Тыя, хто ўчора іграў на заходняй скрыпцы, сёньня іграюць на балалайцы ў Маскве", — заявіў Лукашэнка.

Яраслаў Раманчук на гэта адказаў наступным чынам:

"У нас тут зусім іншыя інструмэнты, мы граем на ўсёй палітры, але граем беларускую музыку на беларускія словы. Гэтым мы адрозьніваемся ад Лукашэнкі, які іграе выключна на гармоніку сваё алігархічнае сола, чаго няма ні ў якой клясыцы, ні ў Расеі, ні на Захадзе, ні ў Беларусі".

Іншы ўдзельнік выбарчай гонкі ад апазыцыі Рыгор Кастусёў назваў няшчырым іншае выказваньне А. Лукашэнкі аб тым, што ён нібыта зацікаўлены правесьці выбары адкрыта і сумленна:

"Шчырасьці ў яго словах няма і адсотка. Мы ведаем, як адбываюцца выбары ў Беларусі. Яны заўсёды адбываюцца па адным і тым жа сцэнары. Гэты сцэнар рыхтуецца і цяпер. Тое, што нават сьпіс ініцыятыўнай групы сам Лукашэнка не падаваў, — гэта грубейшае парушэньне заканадаўства Беларусі. А ЦВК нават не захацела гэта разглядаць".

Рыгор Кастусёў таксама мяркуе, што апошнія заявы і дзеяньні Лукашэнкі зьяўляюцца сыгналам для чыноўнікаў аб тым, што яны могуць парушаць закон, і гэта ня будзе нават разглядацца.

Тым часам, у часе паседжаньня Лідзія Ярмошына патлумачыла, што дакумэнты ў ЦВК можа перадаваць давераная асоба. І кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Аляксандар Радзькоў меў такія паўнамоцтвы.

Што можа адказаць на гэта апазыцыя? Адказвае Рыгор Кастусёў:

"Нашыя намеры крыюцца ў тым, што мы будзем адстойваць сапраўдныя вынікі выбараў. Будзем рыхтаваць акцыі пратэсту".

Іншы апазыцыйны ўдзельнік кампаніі, Мікола Статкевіч, перакананы, што шанцы на перамены праз выбары ў Беларусі ў цяперашніх умовах немагчымыя:

"Па-сутнасьці, шанцы мажлівыя толькі за межамі выбарчага працэсу. Выбары ж палітызуюць грамадзтва, і апазыцыя павінна гэта скарыстаць для ціску на ўладу, да вулічнага ціску. Іншага мэханізму ў нас няма для таго, каб прымусіць уладу зьмяніць правілы гульні і вярнуць выбары, якія ў нас забраныя, бо цяпер гэта імітацыя".

Мікола Статкевіч мяркуе, што сабраць 100 тысяч подпісаў усім патэнцыйным кандыдатам ад апазыцыі будзе вельмі складана, верагодна, гэта патрапяць зрабіць 2—3 прэтэндэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG