Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія разгледзела дакумэнты на рэгістрацыю 18 ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Агулам задаволены хадайніцтвы 17 кандыдатаў.

Такім чынам, з улікам рэгістрацыі на мінулым тыдні групы Віктара Цярэшчанкі, выбарчую гонку працягнуць 17 асобаў.

Першыя дзьве справы — і першыя два выключэньні з выбарчай дыстанцыі. Санітарка санаторыя "Чонкі" Натальля Старыкава і беспрацоўны Ільля Дабратвор парушылі колькаснае патрабаваньне да складу ініцыятыўнай групы. Замест неабходнага мінімуму ў 100 чалавек, у спадарыні Старыкавай — 30, а ў спадара Дабратвора — 1 чалавек, ён сам. Да таго ж, беспрацоўнаму няма яшчэ 35 гадоў, а прэзыдэнт, паводле Канстытуцыі, ня можа быць маладзейшым.

Групы ўсіх астатніх прэтэндэнтаў зарэгістравалі. Некаторыя праблемы былі толькі ў Някляева, Гайдукевіча і Лукашэнкі.

Мікалай Лазавік
Калі справа дайшла да разгляду дакумэнтаў Уладзімера Някляева, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зачытаў вытрымку з энцыкляпэдыі пра тлумачэньне паняцьця эміграцыі. Ён перакананы: Някляеў знаходзіўся ў эміграцыі ў Польшчы і Фінляндыі і таму парушыў норму закону, паводле якой кандыдат у прэзыдэнты павінен стала жыць у Беларусі апошнія 10 гадоў перад выбарамі, у якіх зьбіраецца ўдзельнічаць.

Уладзімер Някляеў гэтыя паездкі за мяжу лічыць камандзіроўкамі ПЭН-клюбу, міжнароднай пісьменьніцкай арганізацыі:

"Някляеў — не эмігрант. Някляеў — патрыёт Беларусі, які знаходзіўся ў Беларусі, знаходзіцца ў Беларусі. І ў Беларусі, спадзяюся, яшчэ ня хутка, але памрэ".

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў сытуацыі зь Някляевым быў прэцэдэнт — рэгістрацыя ў 2006 годзе патэнцыйным кандыдатам лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка, які ад 1996 году не жыве ў Беларусі:

Лідзія Ярмошына
"Менавіта мы, Цэнтральная выбарчая камісія, з палітычных меркаваньняў рэгістравалі ініцыятыўную групу спадара Пазьняка. Мы сыходзілі тады найперш з таго, што ў выбарцаў павінен быць выбар, канкурэнтныя праграмы. Я думаю, што спадар Някляеў здольны прадставіць такую праграму. І выбарцам будзе цікава ўдзельнічаць у кампаніі, дзе існуе рэальная палітычная канкурэнцыя".

За рэгістрацыю групы Някляева прагаласавалі 8 сябраў ЦВК, супраць — 3.

Некаторыя чальцы ініцыятыўнай групы Сяргея Гайдукевіча не валодаюць выбарчым правам, у ёй нават аказаўся адзін зь сябраў ЦВК, пра што той нічога ня ведаў. Мікалай Лазавік канстатаваў, што ёсьць у групе людзі, якія нават не жывуць у Беларусі. Але ён жа прапанаваў зарэгістраваць гэту групу:

"Давайце ўсё-ткі ініцыятыўную групу Гайдукевіча зарэгіструем. Таму што, як ён сам кажа: "Якія выбары без Гайдукевіча?".

За рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Сяргея Гайдукевіча галасавалі 9 сябраў ЦВК, супраць — 2.

Падчас разгляду пытаньня аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі зачыталі заяву яшчэ аднаго прэтэндэнта, віцебскага прадпрымальніка Ўладзімера Правальскага. Ён лічыць, што кіраўнік краіны парушыў заканадаўства, паколькі асабіста не падаваў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.

Аднак Лідзія Ярмошына сказала, што гэта ня ёсьць парушэньне. Маўляў, дакумэнты ў ЦВК можа перадаваць і давераная асоба. І кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Аляксандар Радзькоў меў такія паўнамоцтвы. Яна таксама згадала апошнія мясцовыя выбары, калі палітпрызыўнік Франак Вячорка падаваў дакумэнты не пэрсанальна, а праз давераную асобу. А ў прэзыдэнцкія выбары 2006-га году падобная сытуацыя была зь Сяргеем Скрабцом, які на момант падачы дакумэнтаў у ЦВК знаходзіўся ў сьледчым ізалятары.

Уладзімер Правальскі
Правальскі, у сваю чаргу, заявіў, што падчас адной з выбарчых кампаніяў яго не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, бо ён не прысутнічаў на паседжаньні акруговай выбарчай камісіі, калі тая разглядала ягоныя дакумэнты. Свой выступ Уладзімер Правальскі скончыў так:

"Усё-ткі для каго дзейнічае сёньня Выбарчы кодэкс? Ці ён сапраўды мае выбарачнае дачыненьне да тых, хто падаў дакумэнты?".

Гэтыя словы суправаджаліся аплядысмэнтамі іншых кандыдатаў у прэзыдэнты і кіраўнікоў ініцыятыўных групаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG