Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шульга: трэба караць тых, хто "прывязвае" "Лінію Сталіна" да ЮНЭСКА


Мірскі замак

Мірскі замак

Сёньня адзначаецца Ўсясьветны дзень турызму. Многія дзяржавы разьвіваюць адпаведную інфраструктуру і атрымліваюць ад турыстычнай галіны мільённыя прыбыткі.

У Беларусі сытуацыя іншая: доля прыбыткаў ад турызму ў валавым унутраным прадукце складае меней за 1%. Прычына — адсутнасьць умоваў для разьмяшчэньня іншаземцаў, занядбаныя ці ўжо зьнішчаныя помнікі старажытнай архітэктуры, якія маглі б прывабіць турыстаў, а таксама надзвычай дарагія візы.

Каб зрабіць краіну прыцягальнай для турыстаў, Міністэрства спорту і турызму Беларусі выступае за зьніжэньне цэнаў на візы для замежнікаў. Ідэя, аднак, не знаходзіць падтрымкі ў іншых ведамствах. Мала за тое, ад пачатку году ўтрая ўзьнятыя консульскія зборы для тых, хто раней афармляў дакумэнты наўпрост у аэрапорце — замест ранейшых 60 эўра цяпер трэба плаціць 180 эўра. Для грамадзянаў ЗША сума ўвогуле на ўзроўні 275 эўра. Адсутнічаюць палёгкі для тых, хто хацеў бы наведаць Беларусь ня ў складзе арганізаваных групаў, а ў прыватным парадку. Гаворыць намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга:

Чэслаў Шульга
"Што тычыцца візавага рэжыму, то тэма ўжо пасьпела набіць аскому. Мы неаднойчы агучвалі, што апошнім часам расьце давер замежных грамадзянаў да нашай краіны. Раней пужаліся: маўляў, мядзьведзі па вуліцах ходзяць, невядома што адбываецца, можна толькі групамі езьдзіць, а то будуць вялікія праблемы. Сёньня можна пабачыць: усё больш і больш турыстаў прыяжджаюць у якасьці індывідуалаў. Натуральна, працуе своеасаблівае "радыё", інфармацыя перадаецца з вуснаў у вусны. Але акурат для гэтай катэгорыі ёсьць праблемы. Таму што, па-першае, віза каштуе дорага, па-другое, скажам, жыхар Нямеччыны павінен альбо ў Бон ехаць, альбо ў Бэрлін, дзе ён траціць процьму часу на атрыманьне візы. Гэта ня ёсьць для людзей камфортна. Мы працуем, праводзім кансультацыі з нашымі калегамі з МЗС і іншых ведамстваў, каб максымальна спрасьціць візавы рэжым".

Валянцін Цэхмэйстар
Дырэктар Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар перакананы, што дзяржава сваімі абмежавальнымі захадамі толькі стрымлівае турыстычны паток. Аднак, калі ў некаторых краінах падобнае абмежаваньне часам неабходнае дзеля захаваньня каштоўных гістарычных аб'ектаў, то ў Беларусі "нагрузка на глебу" папросту мізэрная. Да таго ж, многія занядбаныя сьведчаньні гісторыі Беларусі маглі б паўстаць з руінаў менавіта дзякуючы інвэстыцыям, якія нясуць з сабой турысты:

"Міністэрства спорту і мы разам зь імі, напэўна, знаходзіліся крыху ў сьвеце ілюзій. Ад нас, бывае, абараняюцца кардонамі, ставячы заслоны на падставе нанясеньня шкоды экалёгіі ці проста, калі зашмат наведнікаў. Так, Эгіпет прымае 5 мільёнаў турыстаў, хоць мог бы прыняць і ўсе 10 мільёнаў. Але там асьцерагаюцца, што гэта зашкодзіць пірамідам, іншым нацыянальным каштоўнасьцям. Як кажуць, залішняя “нагрузка на глебу”. У нашай жа краіне гэтая "лішняя нагрузка" назіраецца, можа, толькі ў раёне Нарачы, дзе за многія гады насамрэч занадта моцна ціснулі так, што возера ўрэшце стала экалягічна небясьпечным для купаньня. Такія вось аспэкты выклікаюць неразуменьне ў сьвеце турызму, паколькі няма лёгікі ў прыняцьці некаторых рашэньняў. Каб хтосьці на лічбах і фактах гэта даказаў, то мы, можа, і пагадзіліся б, бо разумеем, што трэба эканамічна зарабляць. Але ці сувымерныя страты з колькасьцю людзей, якія маглі б прыехаць і пакінуць грошы ў краіне?".

Беларусь па-ранейшаму мае статус транзытнай краіны, празь якую замежныя турысты трапляюць у Расею ці ва Ўкраіну, а нацешыцца беларускімі краявідамі пасьпяваюць з вакна аўтобуса. Цяпер стаўка робіцца на аграэкатурызм: паводле статыстыкі, прымаць турыстаў могуць больш за 1000 сядзібаў па ўсёй Беларусі, аднак адсутнасьць адпаведнай рэклямы не дае падставаў казаць пра вялікі плён вясковага турызму.

Зь іншага боку, ёсьць факты нядобрасумленнай рэклямы. На сайце Менаблвыканкаму зьмешчаная абвестка, якая заклікае наведваць знакамітыя аб'екты на тэрыторыі вобласьці, "уключаныя ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА". Але сьпіс абласная вэртыкаль істотна пашырыла — апроч Нясьвіскага замку, згадваюцца Хатынь і "Лінія Сталіна". Як лічыць адзін з кіраўнікоў Міністэрства спорту і турызму Чэслаў Шульга, за ўвядзеньне ў зман ня толькі замежных турыстаў, але і саміх беларусаў, трэба караць:

"Вы цудоўна ведаеце аб'екты, якія ўключаныя ў сьпіс культурнай спадчыны ЮЭСКА. Названых вамі "Лініі Сталіна" ды Хатыні ў гэтым сьпісе няма. Навошта ж падманваць людзей? На маё меркаваньне, тых, хто займаецца такім падманам, проста трэба караць. Так, прэтэндуе наша краіна на пашырэньне колькасьці аб'ектаў, якія можна ўключыць у сьпіс ЮНЭСКА: гэта і ўчастак праспэкта Незалежнасьці ад аднайменнай плошчы да ГУМу, гэта і іншыя тэрыторыі і пабудовы. Але пералічаныя аб'екты з сайту Менаблвыканкаму там ніколі не фігуравалі".

У ліку замежных турыстаў асноўнымі наведнікамі Беларусі застаюцца грамадзяне Расеі — да 60% ад агульнай колькасьці. Аднак гістарычныя мясьціны суседзяў цікавяць у апошнюю чаргу: іх увага прыцягнутая галоўным чынам да таннага, зь іх гледзішча, лекаваньня ў беларускіх санаторыях.
XS
SM
MD
LG