Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі і выбары: кандыдаты ў прэзыдэнты ідуць у ЦВК

Два гучныя няўдзелы: альтэрнатыва безь Мілінкевіча і Калякіна

Першая выбарчая прамова Аляксандра Лукашэнкі: ворагі супраць сяброў народу

Каго выбіраюць на беларускіх выбарах Брусэль і Масква?


Удзельнікі: аналітыкі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Ян Максімюк. Госьць перадачы – аглядальнік рускай службы Радыё Свабода Андрэй Шары. Вядучы – Аляксандар Лукашук.



Лукашук:
У перадачы “Тыдзень з Радыё Свабода” мы будзем гаварыць пераважна пра людзей і выбары, але таксама – пра лічбы і выбары, пра тое, з чым Беларусь падыходзіць да гэтай даты ў палітычным календары – у эканоміцы, сацыяльнай сфэры, адукацыі, дэмаграфіі, іншымі словамі – як выглядае паміж народамі.

Першая лічба – паўмільёна чалавек. Столькі, ці прыблізна столькі, маладых беларусаў і беларусак сёлета ўпершыню атрымаюць права ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта тыя, каму сёлета споўнілася 18, 19, 20 і 21 год. На мінулых выбарах яны яшчэ не маглі галасаваць паводле ўзросту. Гэта – 7% электарату. Як будуць галасаваць яны, ці пойдуць наагул на выбары, а калі так, то каму хутчэй за ўсё аддадуць перавагу?

Карбалевіч: Па-першае, моладзь – самая апалітычная частка грамадзтва. У яе значна больш спакусаў і магчымасьцяў уладкаваць сваё жыцьцё, не зважаючы на палітычны лад у Беларусі. Таму сярод гэтай часткі грамадзтва самая вялікая доля “пафігістаў”.

Але праблема ў тым, што, як ня дзіўна, гэтая частка моладзі найбольш інтэграваная ў сыстэму. Прыкладна палова выпускнікоў школ сёньня робіцца студэнтамі, астатняя вучыцца у каледжах, іншых навучальных установах. А там існуе жорсткі кантроль. На выбарчых участках побач з студэнцкімі інтэрнатамі – самы высокі працэнт датэрміновага галасаваньня. А хто ня вучыцца, то служыць у войску. Там кантроль яшчэ больш моцны.

Зразумела, сярод моладзі значна менш прыхільнікаў Лукашэнкі, чым сярод старэйшага пакаленьня. Але ня трэба перабольшваць прадэмакратычны патэнцыял гэтых людзей. Вось, напрыклад, калі ў войска сталі браць маладых апазыцыянэраў, то яны там са сваімі поглядамі апынуліся чужымі сярод раўналеткаў.

Дракахруст:
Тут трэба адзначыць дзьве асаблівасьці электаральных паводзінаў моладзі, якія пацьвярджаюцца як шматлікімі апытаньнямі, гэтак і шматгадовым досьведам. Па-першае, яна значна менш, у 3-5 разоў, чым, скажам, старэйшае пакаленьне, схільная галасаваць за Аляксандра Лукашэнку. Па-другое, яна больш, чым старэйшыя за яе выбаршчыкі, гатовая галасаваць за альтэрнатыву, але тут разрыў менш істотны. І нарэшце, па-трэцяе, моладзь у значна меншай ступені, чым іншыя, а асабліва, чым людзі сталага веку, схільная наагул удзельнічаць у выбарах.

Хачу яшчэ дадаць, што моладзь менш схільная галасаваць за дзейнага прэзыдэнта, а ня тое, што ніхто з маладых яго не падтрымлівае. Ладная частка падтрымлівае. І гэта пэўна ня толькі сябры БРСМ. У той моладзі, пра якую мы гаворым, пры Лукашэнку прайшло ўсё сьвядомае жыцьцё, яны акрамя яго проста нікога ня ведаюць.

Максімюк:
Калі я прыгадаю сваю палітычную актыўнасьць на выбарах, калі мне было 18, 19, 20, — а было гэта перад узьнікненьнем "Салідарнасьці" ў Польшчы, — дык, як ні сорамна прызнацца, мяне тады насамрэч не цікавіла, за каго прагаласаваць. Выбару і так не было, дык якая розьніца? Часам я наўмысна псаваў бюлетэнь, стаўляючы на ім нейкія каракулі. На жаль ці на шчасьце, у такім узросьце больш, чым выбарамі, хлопцы цікавяцца дзяўчатамі, а дзяўчаты – хлопцамі, а таму нават калі яны і не сапсуюць бюлетэню, то вялікай увагі таму, пры чыім прозьвішчы паставіць крыжык ці птушачку, яны надаваць ня будуць. Галасаваць сьвядома яны стануць крыху пазьней, калі ў іх зьяўляцца дзеці і клопат, як накарміць сям’ю.

Лукашук: У апошнія дні тыдня дакумэнты на рэгістрацыю ў ЦВК падалі ці меліся падаць Сяргей Гайдукевіч, Алесь Міхалевіч, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі ды іншыя . Некаторыя проста прынесьлі заяўкі, некаторыя скарысталі нагоду для гучнай палітычнай акцыі. Мы пра гэта пагаворым – і ня раз, але зараз – да іншых людзей.
На мінулым тыдні Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня будзе балятавацца, а на гэтым тыдні ЦК партыі “Справядлівы сьвет” – былой камуністычнай – палічыла немэтазгодны удзел у выбарах свайго старшыні Сяргея Калякіна.

Таксам ўпершыню ў гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў у іх не бярэ удзел старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.
Я прыгадваю, што ў лістападзе летась у нашай перадачы вы, Юры, называлі ў ліку кандыдатаў, якія абавязкова будуць балятавацца, імёны Калякіна і Мілінкевіча. А вы, Ян, казалі, што фактычна толькі яны і будуць складаць канкурэнцыю Лукашэнку, што барацьба ў апазыцыйным лягеры разгорнецца паміж менавіта Мілінкевічам і Калякіным.

Але вось жыцьцё – менавіта названыя вамі палітыкі за прэзыдэнцкае крэсла змагацца і ня будуць. Чаму?

Дракахруст: Сапраўды, прагнозы мы далі ня самыя дакладныя. На мой погляд, іх зрабілі недакладнымі некалькі фактараў: беларуска-расейская эканамічная і інфармацыйная вайна (летась увосень яна яшчэ не прымала такія вострыя формы), пэўнае збліжэньне Расеі і Захаду і ўнутрыбеларуская падзея – зьяўленьне кампаніі “Гавары праўду”.

Ня выключана, што партнэры спадара Калякіна далі яму зразумець, што лічаць Някляева больш пэрспэктыўным кандыдатам. І спадар Калякін усё зразумеў. Тым больш, што “справядлівасьветаўцы” – былыя камуністы, ад пачатку актыўна ўдзельнічалі ў “Гавары праўду”, рэдактар партыйнага органу Сяргей Вазьняк – адзін зь бліжэйшых паплечнікаў Някляева. Можна меркаваць, што “Справядлівы сьвет” проста арганічна упішацца ў яго кампанію.

Што тычыцца Мілінкевіча, то тут, на мой погляд, адыграў сваю ролю яшчэ адзін момант, тое, што кіраўнік руху “За Свабоду” на здолеў скансалідаваць саюз арганізацыяй нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі, які стварыў летась, пайшоўшы на раскол аб’яднаных дэмакратычных сілаў. І партыя БНФ, і Хрысьціянская дэмакратыя вылучылі сваіх кандыдатаў і ня мелі вялікага жаданьня саступаць Мілінкевічу. Калі ён ня здолеў пераканаць фактычна сваіх аднадумцаў у тым, што ён лепшы, то як бы ў яго гэта атрымалася з усімі беларусамі?

Ну, і названыя раней фактары таксама нельга скідаць з рахунку. Беларускія СМІ цытавалі інфармацыю аднаго польскага сайта, паводле якога спадару Мілінкевічу сказалі ў польскім МЗС, што ён мілы чалавек, але Варшава ня хоча сварыцца з Масквой і таму ня будзе яго падтрымліваць. Зразумела, неабавязкова верыць усяму, што пішуць у Інтэрнэце, але адмова ад барацьбы самага рэйтынгавага пасьля Лукашэнкі палітыка не магла ня мець важкія падставы. Што да мяне, то я не выключаю, што такая размова сапраўды была, але польскія суразмоўцы Мілінкевіча агучвалі пазыцыю ня толькі і нават ня столькі Варшавы, колькі Брусэлю.

Лукашук: Ян, вы летась казалі, што кандыдаты Мілінкевіч і Калякін будуць задаваць палітычную канфігурацыю, выбарчую альтэрнатыву ў апазыцыйным лягеры. Але, можа быць, і бязь іх канфігурацыя застанецца менавіта той, якую вы прадбачылі?

Максімюк: Гэтая канфігурацыя, безумоўна, застаецца. Каб Беларусі выйсьці з гэтай палітычнай дыхатаміі, трэба было б перанесьці краіну ў іншае месца. А я такога месца на мапе пакуль ня бачу. Але безумоўна і тое, што з выхадам з гульні Мілінкевіча і Калякіна гэтая канфігурацыя стала менш выразнай, больш размытай. Што і ня дзіўна. Мілінкевіч і Калякін былі з той, я б сказаў, традыцыйнай абоймы палітыкаў, у чыім сьветапоглядзе важную ролю адыгрывала ідэалёгія, то бок, больш ці менш канцэптуальная падбіўка таго, што яны робяць у палітыцы. У Калякіна гэта была ідэалёгія левага накірунку. Калі б у беларускай прасторы была магчымая нармальная палітыка, як у Польшчы або Літве, я ўпэўнены, што яго партыя перайшла б на сацыял-дэмакратычныя пазыцыі. А Мілінкевіч у такой нармальнай сытуацыі быў бы лідэрам правацэнтрысцкага блёку, які мог бы стаць адпаведнікам Грамадзянскай плятформы ў Польшчы.

Характэрнай прыкметай гэтай выбарчай кампаніі сярод канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца іхні адыход ад агучваньня нейкіх ідэалягемаў, а зварот да папулізму і выбарчага прагматызму. То бок, усю ідэалёгію заступіла аксіёма, што Аляксандар Рыгоравіч абрыд Маскве, а таму зьявіўся шанец яго зьмяніць. З гэтай прычыны мне цяжка, напрыклад, вызначыць дакладную ідэалягічную пазыцыю яшчэ аднаго выразнага кандыдата, Андрэя Саньнікава. Хто ён — правы, левы, цэнтрыст? Пра яго можна толькі сказаць, што ён папуліст і палітычны прагматык. Але гэта ніяк не тлумачыць, якую цану ён гатовы заплаціць за расейскі газ і ў які бок ён будзе зьмяняць адносіны прадукцыі і сыстэму аплаты працы ў Беларусі, калі стане прэзыдэнтам.

Лукашук: Валер, а які ваш погляд: паміж якімі людзьмі і якімі падыходамі ў апазыцыйным лягеры разгорнецца, ужо разгортваецца барацьба?

Карбалевіч:
Сапраўды, «цяжкавагавікі» апазыцыйнай палітыкі цяпер у выбарах ня ўдзельнічаюць. Маю на ўвазе Мілінкевіча, Казуліна, Калякіна, Лябедзьку. Мне гэтая сытуацыя нагадвае прэзыдэнцкія выбары ў Расеі 2004 году, калі нязьменны ўдзельнік усіх расейскіх выбараў Жырыноўскі, каб давесьці сытуацыю да поўнага фарсу, накіраваў для ўдзелу у прэзыдэнцкай кампаніі свайго ахоўніка.
Галоўная праблема ўсіх апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ня столькі іх малавядомасьць, колькі адсутнасьць прымальных для большасьці электарату біяграфій. У іх (акрамя Саньнікава) няма кіроўнага досьведу.

Другая праблема ўжо чыста практычная: хто зможа сабраць 100 тыс. подпісаў? Хутчэй за ўсё, гэта зможа зрабіць Някляеў. А вось усе астатнія – пад пытаньнем.

Трэцяя праблема. Паколькі на перамогу на выбарах ніхто ўсур’ёз не разьлічвае, то ўсе апазыцыйныя кандыдаты будуць весьці змаганьне не за электарат наагул, а толькі за апазыцыйны, дэмакратычны электарат. То бок, будуць выкарыстоўваць прэзыдэнцкую кампанію, каб умацаваць свае пазыцыі ў апазыцыйным гета і стварыць добрыя перадумовы на лідэрства ў поствыбарны пэрыяд.

Таму на этапе збору подпісаў будзе ладзіцца некалькі лякальных кампаніяў. А вось пасьля збору подпісаў сёньня цяжка даць прагноз, хто можа стаць партнэрам ці праціўнікам Някляева.

Вельмі дрэнна, калі пачнецца барацьба паміж, умоўна кажучы, “праэўрапейскім” і “прарасейскім” кандыдатамі. Тады Лукашэнка можа адпачываць.

Лукашук:
У папярэдні чацьвер Аляксандар Лукашэнка выступіў на зьезьдзе афіцыйных прафсаюзаў. Гэта быў ягоны першы выступ падчас выбарчай кампаніі. Хіба ня самым яскравым момантам была тэза пра дэмакратычную апазыцыю.

"Ніякія яны не апазыцыянэры. Яны — ворагі народу. Дзе толькі можна горш зрабіць для дзяржавы — яны там. Учора Эўропа, Амэрыка на нас ціснула — яны там. Сёньня Расея цісьне — яны там"

Ці можна на падставе гэтага выступу сказаць, якім будзе выбарчае пасланьне Лукашэнкі, што ён будзе абяцаць, як даводзіць, што ён лепшы?

Карбалевіч: Найперш, хачу адзначыць, што ворагамі народу Лукашэнка называе апазыцыю ня ў першы раз.

Што тычыцца перадвыбарчага мэсыджу Лукашэнкі, то падаецца, што ён будзе ў чымсьці нагадваць пазыцыянаваньне Ельцына падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў 1996 годзе. Яго сэнс такі: хоць за маім кіраваньнем, можа, і ня ўсё добра, але калі прыйдзе да ўлады камуніст Зюганаў, то будзе яшчэ горш.

Як вынікае з выступу Лукашэнкі на зьезьдзе ФПБ, ніякага новага праекту будучага Беларусі ён не прапануе. Лукашэнка даводзіць, што гарантуе стабільнасьць і паступовыя перамены па меры таго, як грамадзтва сасьпее. (Хачу зьвярнуць увагу, ён гаворыць пра перамены). А калі прыйдуць да ўлады “ворагі народу”, то ўсё хутка разбураць, рэфармуюць, дэстабілізуюць.

Я гарантую незалежнасьць, а гэтыя “адмарозкі” ўсё прададуць замежнікам (Захаду ці Расеі). Я знайшоў альтэрнатыву Расеі: Вэнэсуэла, Кітай, Іран. Ды і з Расеяй усё пасьля выбараў супакоіцца, канфлікт спыніцца.

Але галоўны элемэнт мэсыджу: фатальная прадвызначанасьць, асуджанасьць Беларусі жыць пад кіраваньнем Лукашэнкі. Маўляў, ніякай альтэрнатывы ня можа існаваць проста па вызначэньню. Таму ён распавядае пра пляны на наступную пяцігодку, нібыта ніякіх выбараў наперадзе няма. Хіба што нейкая простая фармальнасьць.

Дракахруст:
Мне здаецца, што ў гэтай пэрліне, наконт ворагаў народу, у пэўным сэнсе і крыецца эскіз кампаніі. Але ня ў тым сэнсе, што апазыцыю будуць душыць паводле формулы Горкага – «калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць», хаця і гэта ня выключана. Але мэта тут – пазыцыянаваньне сябе як абаронцы сувэрэнітэту, незалежнасьці і свабоды гордай і нязломнай Беларусі супраць у першую чаргу ўсходніх драпежнікаў і іх агентуры. Ён спрабуе ператварыць недахоп у перавагу. Ці атрымаецца гэта ў яго – цяжка сказаць. Фактычна дзяржаўная прапаганда павінна зрабіць паварот на 180 градусаў, абвяргаць усё тое, што яна казала раней.

Для людзей рацыянальнага мысьленьня незразумела, якія ёсьць падставы казаць пра эканамічную вайну наагул. Раней цэны на расейскія рэсурсы былі больш ільготнымі, зараз робяцца менш ільготнымі, блізкімі да рынкавых. Якая ж вайна? Хіба Расея вядзе вайну супраць Нямеччыны, якой прадае газ і нафту па рынкавай цане?

Што да людзей, менш схільных да глыбокіх развагаў, то і ў іх новае пазыцыянаваньне можа спарадзіць сумневы – а як ва ўмовах вайны будуць працаваць, скажам, заводы, дзе яны атрымліваюць заробак, куды будзе прадавацца іх прадукцыя? Так балтыйскія дзяржавы шляхам балючых рэформаў здолелі пераарыентавацца на эўрапейскія рынкі. Але, па-першае, рэформы былі ня лёгкімі, а па-другое, пераарыентацыя рабілася ў межах пэўнага ідэалягічнага і геапалітычнага выбару – мы вяртаемся ў Эўропу. Лукашэнка вызнае хутчэй ізаляцыянізм. Не выключаю, што беларусы могуць проста яму не паверыць.



Лукашук: Літаральна адразу пасьля абвяшчэньня выбараў міністэрства замежных справаў Беларусі запрасіла назіральнікаў ад бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ і ад СНД. Ці будзе рэжым працы назіральнікаў на гэтых выбарах іншым, чым быў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах?

Карбалевіч: Думаю, што рэжым працы назіральнікаў ня будзе адрозьнівацца ад папярэдніх выбараў. Хіба што адзіная загадка, зьвязаная з назіральнікамі, гэта як будуць паводзіць сябе афіцыйныя прадстаўнікі Расеі. Ці будуць яны салідарызавацца з назіральнікамі АБСЭ? Магчыма, самі расейцы яшчэ ня вызначылі сваёй пазыцыі.

Лукашук:
Якую пазыцыю займае ці зойме Захад на гэтых выбарах? Што гавораць наконт беларускіх выбараў эўрапейскія і амэрыканскія прадстаўнікі?

Максімюк:
У публічнай плашчыні Захад заяўляе, што ён – на баку дэмакратычнай працэдуры, а ня нейкіх кандыдатаў. Напрыклад, прадстаўнік Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольпцапфэль заявіў, што «Эўразьвяз не становіцца ні на чый бок, бо што мы падтрымліваем пэўна — гэта свабодныя выбары”.

Кіраўнік Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк адзначыў, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі стануць "вырашальнай" падзеяй, якая "вызначыць будучы кірунак адносінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю". Спадар Бузэк нагадаў, што "на жаль, апошнія выбары ў Беларусі мала чым адрозьніваліся ад насьмешкі з дэмакратыі” і заклікаў “дэмакратычныя сілы Беларусі аб’яднаць свае намаганьні”.

Нарэшце часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан у інтэрвію парталу tut.by заявіў, што "сытуацыя з правамі чалавека застаецца асноўнай праблемай у двухбаковых дачыненьнях". Ён таксама падкрэсьліў важнасьць правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў і заўважыў, што “легітымнасьць выбарчага працэсу робіць легітымнай перамогу на такіх выбарах незалежна ад таго, хто перамог”.
Пазыцыя Захаду, на маю думку, залежыць і будзе залежаць ад трох галоўных чыньнікаў.

Па-першае, яна ўжо залежыць ад рэальнай ацэнкі шанцаў паасобных кандыдатаў на гэтых выбарах. А гэтая ацэнка, як падаецца, такая: ніхто з прэтэндэнтаў ня ў змозе скласьці сур’ёзнай пагрозы Аляксандру Лукашэнку, а таму і няма ў Брусэля жаданьня нікога з гэтых прэтэндэнтаў запрашаць да сябе, ціснуць ім руку і рабіць супольныя фотаздымкі на тле сьцяга Эўразьвязу.

Па-другое, пазыцыя Захаду на другі дзень выбараў будзе залежаць ад празрыстасьці выбарчага працэсу і ацэнкі назіральнікаў. Калі Лукашэнку ўдасца пераканаць Захад, што ён узяў свае 78% безь вялікіх нацяжак, дык яго павіншуюць і з Брусэлю, а калі не павіншуюць, дык і ўшчуваць, як звычайна, ня стануць.

Па-трэцяе, гэтая заходняя пазыцыя шмат у чым будзе яшчэ залежаць ад таго, пасварыўся Аляксандр Лукашэнка з Уладзімерам Пуціным і Дзьмітрыем Мядзьведзевым усур’ёз, ці ўсё, як звычайна, рассмокчацца пад навагодні салют і бутэлькі шампанскага. Калі на Аляксандра Рыгоравіча ў Крамлі насамрэч «рассерчали» не на жарты, дык я не выключаю, што яму пад навагоднюю ёлку пашлюць нейкае цёплае слова і з Брусэлю, і Вашынгтону.



Лукашук: Да нас у студыі далучыўся наш калега, аглядальнік рускай службы нашага радыё Андрэй Шары.

Андрэй, расейска-беларускае палітычнае лета было ня проста халодным – інфармацыйная вайна супраць Аляксандра Лукашэнкі выглядала вайной на зьнішчэньне. Чаго, на ваш погляд, дамагаецца Расея гэтай вайной: зьвяржэньня Лукашэнкі, як адбылося з Бакіевым, балазе прэзыдэнцкія выбары – добрая нагода, ці нейкіх эканамічных і палітычных саступак?

Шары: Большасьць палітычных аглядальнікаў лічыць, што Масква дамагаецца ад Лукашэнкі таго ж, чаго дамагалася ад яго заўсёды – паслухмянасьці. Але калі мы кажам пра халоднае лета ў стасунках паміж Масквой і Менскам, трэба мець на ўвазе, што ў Маскве пачалася даволі гарачая палітычная восень. Расея знаходзіцца на парозе сваёй перадвыбарчай кампаніі, і мне здаецца, што зараз гаварыць асобна пра расейска-беларускія адносіны, па-за кантэкстам таго, што зараз адбываецца ў Маскве, што робіць маскоўская палітычная кляса, было б недарэчным.

Сьпіс патрабаваньняў да Лукашэнкі з Крамля шмат у чым будзе залежыць ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя ў Маскве, каго яны прызначаць пераемнікам, і ці спатрэбіцца для расейскай грамадзкай думкі прадставіць Уладзімера Пуціна, Дзьмітрыя Мядзьведзева ці нейкага іншага, як жорсткага лідэра, які гатовы пакараць тых, хто ня хоча падпарадкоўвацца волі Масквы на постсавецкай прасторы, ці наадварот прадставіць такога палітыка ў якасьці міратворца, які будзе дамаўляцца з «братамі-беларусамі» да апошняй перамоўнай магчымасьці.

Казаць, што сёлета сьпіс такі ж, як і 2 гады таму – прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, вось гэтага ўжо няма. Гэтыя пытаньні з парадку дня ўжо зьнятыя, і размова зараз ідзе пра тое, каб «ушыць» інфармацыйную вайну супраць Беларусі ў «тканіну» таго, што адбываецца ў Маскве.

Дракахруст:
У Беларусі зараз адна з самых модных тэмаў, якія абмяркоўваюцца – на каго паставіць Масква на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. Называюцца і тры канкрэтных прозьвішчы кандыдатаў: Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў. Так хто ж выбраньнік Масквы, і ці ёсьць ён увогуле?

Шары:
Я сьвечак у Крамлі не трымаў, так што дакладна ня ведаю, што там думаюць. Але экспэрты гавораць, што галоўны кандыдат Масквы на выбарах – гэта Лукашэнка, як ні дзіўна. Гэта правераны палітычны кадр, зь ім Масква ўжо зьела не адзін пуд солі, і калі Лукашэнка ня пойдзе на нейкія зусім ужо вар'яцкія крокі, то той інфармацыйнай «прышчэпкі», якая была зробленая з Масквы, і якую ў Маскве лічаць вельмі ўдалай, магчыма, будзе і дастаткова.

Акрамя таго, падзеі апошніх 5 гадоў і правал расейскай паліттэхналягічнай канцэпцыі ва Ўкраіне ў 2004 годзе прывялі да таго, што Масква асабліва ня ўмешвалася ў апошнія палітычныя кампаніі – ні ва Ўкраіне, ні ў Грузіі.

Апазыцыйныя грузінскія палітыкі прыяжджалі ў Маскву, і хаця іх прымаў Пуцін, гэта было рэчамі нізкага палітычнага профілю. Многія назіральнікі ў Маскве кажуць, што ніводны з альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі ня мае шанцаў быць прынятым Пуціным, калі толькі Лукашэнка не праявіць імпэт у працягу гэтага канфлікту.

Лукашук: Ваш прагноз – ці працягне Масква атаку на Лукашэнку пад час выбарчай кампаніі і калі так – у якой форме?

Шары: У мяне няма пэўнага адказу, Гэта залежыць ад таго, як будзе разьвівацца палітычная сытуацыя ў Маскве. Галоўнае для Масквы зараз – не Беларусь, галоўнае – гэта барацьба за Крэмль.

Лукашук:
Валер, калі гэта вайна працягнецца, калі зьявяцца далейшыя «хросныя бацькі» – што мае дзейная беларуская ўлада, каб адказаць на гэта?

Карбалевіч: Я таксама лічу, што ў Масквы няма канкрэтнага сцэнару, што трэба рабіць на беларускіх выбарах. Я мяркую, што гэтая інфармацыйная вайна будзе працягвацца, магчыма, не ў такіх маштабах. Лукашэнка ўжо даў зразумець, як ён будзе рэагаваць на гэтыя маскоўскія атакі. Найперш, гэта маўчаньне і спроба не адказваць атакай на атаку. Ён фактычна два месяцы маўчаў, нягледзячы на тое, што выпады супраць яго былі даволі рэзкімі. І толькі калі адбыўся гэты інцыдэнт на тэрыторыі расейскай амбасады, ён выказаўся наконт таго, што гэта, магчыма, расейскі сьлед. То бок, толькі на такія канкрэтныя дзеяньні, а не на інфармацыйную атаку, Лукашэнка адказваць будзе.

Калі глядзець на ягоны выступ на зьезьдзе ФПБ, то яго пазыцыя адносна беларуска-расейскага канфлікту такая: пасьля выбараў усё гэта спыніцца, гэты канфлікт скончыцца, таму трэба пачакаць, ня вельмі зьвяртаць на гэта ўвагу, і пасьля выбараў усё вернецца ў больш-менш нармальнае рэчышча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG