Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапыталі бабруйскую актывістку “Гавары праўду” Алену Мядзьведзеву


У Бабруйску дапыталі актывістку руху “Гавары праўду” Алену Мядзьведзеву. Паводле яе, допыт вёў супрацоўнік сьледчага аддзелу менскай міліцыі Дзяніс Дышчанка. Допыт доўжыўся больш як гадзіну.

“Сьледчы найбольш націскаў на пытаньне, дзе Ўладзімер Някляеў браў грошы на правядзеньне акцыяў, як ён разьлічваўся за іх правядзеньне, кім зьяўляюся я ў Бабруйску, якія акцыі тут праводзіліся, хто мне дапамагаў у іх правядзеньні і арганізацыі. Я адказала, што ўсім займалася я адна. Пакуль у маёй кватэры не правялі ператрус, я дапамагла кампаніі “Гавары праўду" арганізаваць у Бабруйску дзьве сустрэчы з Уладзімерам Някляевым. Пасьля ператрусу далучылася да гэтай кампаніі й цяпер бяру ў ёй актыўны ўдзел. Сьледчы мае адказы занёс у пратакол апытаньня”, — паведаміла Алена Мядзьведзева.

Як кажа актывістка, цяпер Дзяніс Дышчанка дапытвае яе мужа Сяргея Сініцкага. Потым зьбіраецца дапытаць дачку Вераніку Папко ды суседку Алену Чарнову.

Ператрус у кватэры Алены Мядзьведзевай адбываўся безь яе прысутнасьці 18 траўня. Дзьверы адчынілі дзеці. Міліцыянты канфіскавалі ў актывісткі розныя рэчы, усяго 119 найменьняў. Акрамя таго яны забралі 500 даляраў ды паламалі мэблю, у тым ліку й ложак унучкі.

Пазьней Алена Мядзьведзева накіравала скаргу ў пракуратуру, у якой дзеяньні міліцыянтаў назвала перавышэньнем паўнамоцтваў і ацаніла страты ў 16 мільёнаў рублёў. Пра скаргі актывісткі сьледчы Дзяніс Дышчанка ў ходзе допыту не згадаў.


У Бабруйску дапыталі мужа актывісткі “Гавары праўду” Алены Мядзьведзевай

Допыт Сяргея Сініцкага вёў сьледчы менскай міліцыі Дзяніс Дышчанка. Ён жа дзьвюма гадзінамі раней дапытваў і саму Алену Мядзьведзеву.

Сяргей Сініцкі паведаміў “Свабодзе”, што сьледчы дамагаўся высьветліць, якую ролю выконвае яго жонка ў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.

“…Ці атрымлівае яна за свой удзел у кампаніі грошы, як адбываецца фінансаваньне мерапрыемстваў. Наагул, ці ведаю я, што гэта за арганізацыя такая “Гавары праўду”. Якое дачыненьне я маю да яе дзейнасьці. На ўсе пытаньні сьледчага я адказваў, што нічога ня ведаю”.

Паводле Алены Мядзьведзевай, у яе сьледчы дамагаўся адказаў на пытаньні зьвязаныя зь фінансаваньнем руху “Гавары праўду”.
XS
SM
MD
LG