Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі каардынатар стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі, арыштаваны на 10 сутак Петрыкаўскім раённым судом нібыта за лаянку й супраціў міліцыі, трымае галадоўку.

Цяпер спадар Жукоўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня пры Петрыкаўскім райаддзеле міліцыі.

Прадстаўнік мясцовай міліцыі пацьвердзіў, што Кастусь Жукоўскі галадае зь мінулай пятніцы, калі суд пакараў яго арыштам. Адпаведную заяву ён падаў на імя начальніка райаддзела:

“Афіцыйна ён абвясьціў галадоўку, заяву напісаў, з моманту, калі яго пасадзілі. А пасадзілі яго ў пятніцу. Мэдычнага работніка ён не прасіў выклікаць”.

24 верасьня судзьдзя Петрыкаўскага раённага суду Сяргей Багінскі пакараў спадара Жукоўскага 5 суткамі нібыта за лаянку ў грамадзкім месцы і 5 суткамі за супраціў міліцыі.

Супраць актывіста сьведчылі гомельскія міліцыянты Грамкоў і Аўчыньнікаў, якія акурат і спрычыніліся да зьбіцьця актывіста 17 верасьня на фэсьце “Покліч Палесься” ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну.

У выніку спадар Жукоўскі трапіў у Петрыкаўскую раённую лякарню, адкуль яго праз двое з паловай сутак дачасна выпісалі, і пасьля чаго ён працягваў лячыцца амбуляторна ў Гомелі.

У суд спадар Жукоўскі прывёз выпіску з мэдычнай карты, у якім зафіксаваны сіняк на цяменна-патылічнай частцы галавы, вывіх правай рукі й выцяты грудны аддзел пазваночніка.

Мэдычны эпікрыз судзьдзя да ўвагі ня ўзяў: маўляў, гэта не інваліднасьць, і наагул зусім іншая справа. Затое прыслухаўся да словаў міліцыянтаў, якія сьведчылі, што Кастусь Жукоўскі на фэсьце лаяўся, бегаў і чапляўся да людзей, супраціўляўся міліцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG