Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непрыемны сюрпрыз для Ўга Чавэса


Уга Чавэс
Уга Чавэс
Ім сталі вынікі парлямэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле. На іх Адзіная сацыялістычная партыя прэзыдэнта Чавэса згубіла канстытуцыйную большасьць галасоў у Нацыянальнай асамблеі, хаця і захавала простую большасьць.

Паводле папярэдніх падлікаў, кіроўная Адзіная сацыялістычная партыя атрымае ў Нацыянальнай асамблеі каля 90 мандатаў з 165, апазыцыйны блёк – прынамсі 59.
Сябры апазыцыйнага блёку ўрачыстуюць, даведаўшыся вынікі выбараў

Апазыцыя байкатавала мінулыя парлямэнцкія выбары ў 2005 годзе, у выніку тады прапрэзыдэнцкая партыя мела ў парлямэнце канстытуцыйную большасьць, апазыцыю прадстаўлялі дзьве невялічкія фракцыі. Аднак гэтым разам апазыцыйныя партыі, аб’яднаныя ў “Круглы стол дэмакратычнага адзінства”, зьмянілі тактыку. Іх натхніў адносны посьпех на выбарах губэрнатараў і мэраў у 2008 годзе. Тады апазыцыя здолела перамагчы ў 4 найбольш прамыслова разьвітых штатах краіны.

Узяўшы ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, апазыцыя зьмяніла і рыторыку. Калі раней яна засяроджвала ўвагу пераважна на асобе і дзейнасьці прэзыдэнта Чавэса, то падчас сёлетняй кампаніі гаварыла ў асноўным пра рост кошту жыцьця і праблемы злачыннасьці. Апазыцыянэры зьвярталі ўвагу на тое, што летась у краіне было зафіксавана 14 тысяч забойстваў – удвая больш, чым у 1999 годзе, калі Ўга Чавэс прыйшоў да ўлады.

Падчас выбарчай кампаніі прэзыдэнт абрынуў на апанэнтаў усю моц свайго красамоўя. Ён казаў, што на выбарах “рэвалюцыя павінна атрымаць сакрушальную перамогу”, што ад гэтага залежыць будучыня ня толькі Вэнэсуэлы, але і надзея на новы сьвет. Апазыцыянэраў ён называў “здраднікамі айчыны” і заклікаў “сьцерці іх у парашок”. Выбарчую кампанію “Круглага стала дэмакратычнага адзінства” ён называў “апэрацыяй “Разбурэньне”.

Аднак плён гэтай рыторыкі аказаўся адносна сьціплым. Нават афіцыйныя мэдыі давалі ацэнку, што апазыцыя возьме ня менш як чвэрць парлямэнцкіх мандатаў. Больш памяркоўныя экспэрты казалі пра 65 месяцаў – гэта 34%. Паводле папярэдніх дадзеных, спраўдзіўся гэты апошні прагноз, і партыя Чавэса страціла канстытуцыйную большасьць.
Лукашэнка і Чавэс у Вэнэсуэле ў сакавіку 2010 году

За дзень да выбараў 25 верасьня Ўга Чавэс патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Як паведаміла прэсавая служба беларускага прэзыдэнта, Чавес "праінфармаваў кіраўніка беларускай дзяржавы аб цяперашнім унутрыпалітычным становішчы ў Вэнэсуэле і хадзе выбарчай кампаніі". Чавес "пацікавіўся сытуацыяй у Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у краіне і выказаў падтрымку дзеяньням беларускага кіраўніцтва па іх падрыхтоўцы".

А за 2 дні да вэнэсуэльскіх выбараў Чавэс прыгадаў беларускага калегу ў сваёй перадвыбарчай прамове.

«Я прачытаў, Аляксандар, што ты ідзеш на пераабраньне», – зьвярнуўся Чавес да Лукашэнкі ў прамым тэлеэфіры. «Давай, хлопча, дзейнічай моцна, каб яны (апазыцыя) там таксама не вярнуліся да ўлады, як і тут, у Вэнэсуэле», – заявіў ён.
Складана сказаць, ці зьяўляецца траціна месцаў у парлямэнце вяртаньнем да ўлады, але гэта ў любым выпадку больш, чым ніводнага месца ў парлямэнце ў беларускай апазыцыі.

Характар рэжыму Ўга Чавэса выклікае спрэчкі адмыслоўцаў, напрыклад, брытанскі Economist у сваім нядаўнім артыкуле ахарактарызаваў палітычную сыстэму сучаснай Вэнэсуэлы як папулісцкую, але ўсё ж такі дэмакратыю. Варта адзначыць, што на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах апанэнт Чавэса атрымаў каля 40% галасоў. У краіне сябра Чавэса Аляксандра лік і прэзыдэнцкіх, і парлямэнцкіх выбараў іншы, чым у Вэнэсуэле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG