Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня аб 11-й гадзіне пачнецца паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яна павінна вынесьці свой вэрдыкт адносна рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Пакуль што афіцыйнае пасьведчаньне аб рэгістрацыі мае толькі група Віктара Цярэшчанкі.

Пасьля сёньняшняга паседжаньня ініцыятыўных груп будзе ўжо не 19, а меней. І ў гэтым няма ніякага сумневу. Выбарчае заканадаўства мае толькі адно абмежаваньне па колькасьці чальцоў ініцыятыўнай групы – яна ня можа быць меншай за сто чалавек.

Аднак, мабыць, ня ўсе патэнцыйныя кандыдаты ведалі пра гэта правіла. А можа і зь нейкіх іншых прычынаў, але яны падалі ў ЦВК заяўкі на невялічкія ініцыятыўныя групы. Напрыклад, у санітаркі гомельскай санаторыі "Чонкі" Натальлі Старыкавай у групе 30 чалавек. А ўся ініцыятыўная група беспрацоўнага Ільлі Дабратвора складаецца... зь яго самога.

Супрацоўнікі Цэнтравыбаркаму таксама высьвятлялі, ці сябры ініцыятыўных груп давалі згоду на ўключэньне іх у сьпісы. Праверку рабілі, паводле заканадаўства, выбарачна.

Найбольш складаным, на думку экспэртаў, выглядае пытаньне аб рэгістрацыі Ўладзімера Някляева. Рэч у тым, што, згодна зь беларускім заканадаўствам, трэба, каб кандыдат у прэзыдэнты стала жыў у Беларусі апошнія 10 гадоў. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што тут ёсьць пэўныя цяжкасьці:

"Уладзімер Някляеў быў у эміграцыі. Ён заяўляў аб жаданьні жыць за мяжой і сапраўды жыў і працаваў у Польшчы і Фінляндыі. Некаторыя палітыкі лічаць, што гэта пытаньне можна вырашыць па аналёгіі з рэгістрацыяй Зянона Пазьняка. Сытуацыя тут сапраўды падобная, але не аднолькавая. На той час Пазьняк кіраваў партыяй, якая дзейнічала на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, што ён працаваў у Беларусі. У Някляева крыху іншыя абставіны".

Кандыдат у прэзыдэнты ацэньвае свае паездкі як камандзіроўкі. І кажа, што быў і ў Польшчы, і ў Фінляндыі на запрашэньне ПЭН-цэнтру, міжнароднай пісьменьніцкай арганізацыі. Да таго ж ён увесь час езьдзіў у Беларусь.

А ўжо ў чацьвер, 30 верасьня, у выбарчай кампаніі наступае новы этап – пачынаецца збор подпісаў. Каб зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты, трэба сабраць ня меней за 100 тысяч подпісаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG