Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачала працу тэхнічная група Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Яна азнаёміцца зь перадвыбарнай сытуацыяй у Беларусі і падрыхтоўкай да выбараў. Экспэрты АБСЭ будуць знаходзіцца ў Менску да 29 верасьня. Менавіта ў гэты пэрыяд будзе адбывацца рэгістрацыя ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў і пачнецца фармаваньне выбаркамаў.

Узначальвае місію намесьнік кіраўніка дэпартамэнту па назіраньні за выбарамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ доктар Бэата Марцін-Разуміловіч. У складзе дэлегацыі тры прадстаўнікі Бюро і адзін ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Пасьля гэтага візыту будзе прынятае рашэньне аб колькасьці доўгатэрміновых і кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў і пачатку іх працы.

Пра гэта паведаміў "Свабодзе" намесьнік кіраўніка Менскага офісу АБСЭ Жандас Асанаў:

"Яны сустрэнуцца з прадстаўнікамі афіцыйных структураў. Гэта Міністэрства замежных справаў, Цэнтравыбаркам, прадстаўнікі парлямэнту. Таксама з прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці. А таксама зь некаторымі амбасадамі".
Улады заўсёды запрашалі назіральнікаў, але ніколі не давалі ім магчымасьці наглядаць за падлікам галасоў...


Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў 16 верасьня накіраваў запрашэньні назіральнікам ад краін СНД і АБСЭ ўзяць удзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі. Прадстаўнік МЗС Беларусі адзначыў, што афіцыйны Менск не вылучае абмежаваньняў па тэрмінах знаходжаньня назіральнікаў і па іх колькасьці. Маўляў, гэта "сьведчыць аб намеры Беларусі правесьці адкрытыя, транспарэнтныя выбары" ў адпаведнасьці з усімі нормамі і міжнароднымі стандартамі. Лідэр партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін адзначыў:

"Улады заўсёды запрашалі назіральнікаў, але ніколі не давалі ім магчымасьці наглядаць за падлікам галасоў. Таму самае галоўнае пытаньне, ці дадуць на гэты раз наглядальнікам пабачыць, як падводзяцца вынікі".

Кіраўнік Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк адзначыў, што рэкамэндацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ павінны быць выкананыя безь ніякіх адхіленьняў, каб выбары лічыліся сумленнымі і дэмакратычнымі. А прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія прызначаныя на 19 сьнежня, стануць "вырашальнай" падзеяй, якая "вызначыць будучы кірунак дачыненьняў Эўразьвязу зь Беларусьсю".

Паводле Сяргея Калякіна, таксама застаецца адкрытым пытаньне, ці будзе Расея назіраць за выбарамі ў Беларусі ў складзе місіі АБСЭ або будзе весьці маніторынг асобна?

"Былі заявы аб тым, што расейская дэлегацыя будзе наглядаць у складзе місіі АБСЭ. Калі Расея будзе ў складзе місіі АБСЭ і, напрыклад, місія АБСЭ не прызнае вынікаў выбараў, то такім чынам і Расея не прызнае іх разам з АБСЭ. Тады Расеі няма патрэбы рабіць нейкія асобныя заявы. Раней заўсёды пазыцыя Расеі была такой, як і ў наглядальнікаў СНД. То бок яны заўсёды прызнавалі. А місія АБСЭ пасьля 1994 году ніводныя прэзыдэнцкія выбары не прызнавала".

Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Місія назіральнікаў АБСЭ зрабіла выснову, што выбары не адпавядалі абавязаньням у рамках АБСЭ і міжнародным стандартам.
XS
SM
MD
LG