Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі праваабарончы форум даслаў заяву Лукашэнку


У Вільні прайшоў Беларускі праваабарончы форум, які адбыўся разам з шэрагам міжнародных праваабарончых імпрэзаў ў Вільні з удзелам амаль паўтары сотні праваабаронцаў з 20 краін, бальшыня зь іх – зь Беларусі. Праваабаронцы прынялі і даслалі заяву да кіраўніка Беларусі з заклікам зрабіць неадкладныя захады, каб у краіне выконваліся міжнародныя стандарты ў сфэры правоў чалавека.

Сёлетнія гадавыя мерапрыемствы міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праходзілі ў Вільні і мелі адмысловы акцэнт на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і Балтыйскім рэгіёне. Гэта былі чарговая штогадовая сустрэча сеткі Дамоў правоў чалавека, міжнародная канфэрэнцыя па правах чалавека і Беларускі праваабарончы форум, традыцыя якога распачатая ад 2004 года.


Акцэнт на Беларусі


Абмяркоўвалася сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і стратэгія дзейнасьці праваабарончай супольнасьці, а таксама бясьпека саміх праваабаронцаў. Як паведаміла Марыя Дале, выканаўчы дырэктар Фонду дамоў правоў чалавека (Нарвэгія), на штогадовую сустрэчу сёлета сабраліся 60 праваабаронцаў з 20 краін, і таксама 80 праваабаронцаў зь Беларусі.

Марыя Дале
“Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя сетка Дамоў правоў чалавека пільна сачыла за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі,” – сказала Марыя Дале.

Праваабаронцы прынялі і даслалі заяву да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У заяве выказаная“глыбокая заклапочанасьць сур’ёзнымі сыстэмнымі парушэньнямі у сфэры правоў чалавека ў Беларусі”. На амаль двух старонках выкладзеныя канкрэтныя аспэкты парушэньняў і названыя неадкладныя захады, якія праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады зрабіць для выпраўленьня сытуацыі.


Кожны голас істотны


“Дзяржава дэкляравала сваю нібыта гатоўнасьць да зьменаў, і на сёньняшні дзень, калі мы ўпэўненыя, што гэтыя зьмены не адбываюцца, абвешчаны дыялёг так і не распачаты ўнутры краіны, кожны напамін нашым уладам ад міжнароднай супольнасьці пра эўрапейскія каштоўнасьці – гэта вельмі істотна.
Жана Літвіна
Кожны далучаны голас у абарону тых, хто прадстаўляе дэмакратычную Беларусь, я лічу, вельмі і вельмі важны. Пасьля дзесяцігодзьдзяў самаізаляцыі Беларусі наш урад павінен адчуваць увагу з боку эўрапейскіх інстытутаў, палітыкаў, іх занепакоенасьць унутранай сытуацыяй з правамі чалавека, з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі”, – адзначыла
старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

Удзельнікі адзначылі пазытыўныя зьмены, аднак нагадалі, што Беларусь не выканала папярэдніх умоваў Эўразьвязу, неабходных для ўключэньня Беларусі ў праграму “Усходняе партнэрства”. Цяпер, паводле праваабаронцаў, ў краіне, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, павялічваюцца парушэньні і ціск на актывістаў.

Ганна Герасімава
“Праблемаў шмат і яны даволі вялікія, але што да Беларусі, то ўсё было б значна прасьцей, калі б самі людзі больш шырока разумелі, што такое правы чалавека. Што гэта ня нейкая далёкая абстрактная рэч, не нейкая тэарэтычная зьява, а тое, што закранае кожнага. Што правы чалавека – гэта правы кожнага чалавека, і што парушаюцца яны ў кожнага чалавека, і праваабаронцам, фактычна, даводзіцца быць кожнаму, абараняючы свае правы,” – адзначыла кіраўніца Віленскага Беларускага Дому правоў чалавека Ганна Герасімава.

Лайма Андрыене: “Спачатку б'юць тых, хто ў акулярах, пасьля тых, хто ў капелюшы, а пасьля ўсіх іншых”

У працы канфэрэнцыі ўзялі ўдзел праваабаронцы зь Беларусі, Прыбалтыкі і балканскага рэгіёну, Заходняй Эўропы і Ўсходняй Афрыкі, а таксама дыпляматы, палітыкі, прадстаўнікі Рады Эўропы і Эўрапарлямэнта.

Лайма Андрыкене
“Я думаю, пра парушэньне правоў чалавека гаварыць патрэбна заўсёды, – сказала віцэ-старшыня Падкамітэту па правах чалавека ў Эўрапарлямэнце Лайма Андрыкене. – Таму што лёгіка вельмі простая, мы ўсе яе ведаем зь дзяцінства: заступіся. Заступіся за тых, каго крыўдзяць. Таму што, як казаў некалі адзін мой выкладчык, стары прафэсар, спачатку б'юць тых, хто ў акулярах, пасьля тых, хто ў капелюшы, а пасьля ўсіх іншых.
І калі ты не заступісься за тых, каго крыўдзяць сёньня, заўтра гэта можа здарыцца з табой, і тады за цябе ніхто не заступіцца. Вось такая простая чалавечная лёгіка, простая салідарнасьць, і гэта важней за сотні дэклярацыяў, канвэнцыяў. Калі парушаюцца правы чалавека, пра гэта заўсёды трэба гаварыць, і гэта дае свой вынік раней ці пазьней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG