Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах разьвіталіся з загінулымі лётчыкамі

  • БелаПАН

У Баранавічах разьвіталіся з загінулымі 23 верасьня лётчыкамі 61-й зьнішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА Сяргеем Каваленкам і Аляксандрам Жыгайлам.

Разьвітаньне з загінулымі прайшло ў Баранавічах раніцай 26 верасьня ў былым Доме афіцэраў. Праводзіць пілётаў у апошні шлях маглі ўсе жадаючыя.

Пасьля разьвітальнай цырымоніі цела Аляксандра Жыгайлы было аддадзена зямлі на могілках ў Магілёве, адкуль ён родам. Сяргея Каваленку пахавалі ў Бярозе, дзе ён доўгі час жыў і дзе прайшло шмат гадоў яго службы.

Нагадаем, 23 верасьня а 17-й гадзіне ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласьці падчас плянавых палётаў пры выкананьні элемэнтаў пілятажу павышанай складанасьці на малых вышынях пацярпеў катастрофу самалёт МіГ-29 61-й зьнішчальнай авіябазы Узброеных сіл Беларусі (Баранавічы).

Паводле інфармацыі Мінабароны, экіпаж паветранага судна ў складзе лётчыка 1-га кляса, камандзіра авіяцыйнай эскадрыльлі падпалкоўніка Сяргея Каваленкі і лётчыка 2-га кляса, намесьніка камандзіра авіяцыйнага зьвяна маёра Аляксандра Жыгайлы, прадухіляючы падзеньне самалёта на населеныя пункты, адвёў машыну ў раён лясіста-балоцістай мясцовасьці, дзе і адбылося яе крушэньне. Пілёты загінулі.

Прычыны і акалічнасьці трагедыі высьвятляе спэцыяльная камісія вайсковага ведамства.

Па факце катастрофы МіГ-29 распачата справа па ч. 2 арт. 465 КК (парушэньне правілаў палётаў ці падрыхтоўкі да іх або іншых правілаў эксплюатацыі вайсковых лятальных апаратаў, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць дзьвюх асоб).
XS
SM
MD
LG