Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Богдан: іранскі рэжым нашмат больш дэмакратычны за беларускі


Госьць эфіру – супрацоўнік Інстытуту палітычных дасьледаваньняў “Палітычная сфэра”, спэцыяліст па Іране Сяргей Богдан. Зь ім абмяркоўваецца асоба і палітыка прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада, які на саміце ААН у Нью-Ёрку заявіў, што Злучаныя Штаты самі арганізавалі тэракты 11 верасьня 2001 году.

Абламейка: Вось жа Махмуд Ахмадзінежад абвінаваціў у арганізацыі тэрактаў 11 верасьня 2001 году саміх амэрыканскіх урадоўцаў. На думку Ахмадзінэжада, Белы дом пайшоў на гэты крок для паляпшэньня эканамічнай сытуацыі, пашырэньня свайго ўплыву на Блізкім Усходзе і аднаўленьня Ізраілю. Ці падзяляюць такі пункт гледжаньня на ЗША і на тое, хто арганізаваў тыя тэракты, шырокія колы іранскага грамадзтва?

Богдан: Адназначна – не. Нашыя людзі часам мяркуюць па Ахмадзінэжадзе пра Іран. Усе гэтыя заявы разьлічаны на зьнешняе спажываньне. Гэта папросту пошук хаўрусьнікаў у арабскіх краінах. Тут Ахмадзінэжад разьлічвае на адно, а атрымлівае зусім іншае. Разьлічвае на тое, што яго будуць падтрымліваць арабскія краіны рэгіёну, а ў выніку атрымлівае канфрантацыю з Захадам. Кансьпіралягічныя схемы вельмі характэрны для яго мысьленьня, і для мысьленьня нейкай часткі яго прыхільнікаў.

Абламейка: Сяргей, Ахмадзінэжад ня раз казаў, што Ізраіль ня мае права на існаваньне. Чаму, на яго думку, Ізраіль павінен быць зьнішчаны, і зноў жа, наколькі шырока падтрымліваюць такі пункт гледжаньня іранскія грамадзяне?

Богдан: Я мяркую, што паспалітым іранцам клопату да існаваньня Ізраілю і формы яго існаваньня няма. Зараз ёсьць мноства розных іншых праблемаў, сярод якіх Ізраіль займае якое сотае месца. Да таго ж па-пэрсыдзку гэта гучыць трохі інакш – больш рытарычна.

Абламейка: Сяргей, ахарактарызуйце, кал ласка, коратка, асобу Ахмадзінэжада. Што ён за чалавек і што за палітык?

Богдан: Ахмадзінэжад – папуліст, які адпавядае заходнім уяўленьня пра Іран, якія паўсталі за рэвалюцыйныя часы канфрантацыі і экстрэмізму. Ахмадзінэжад дастаткова грубы чалавек, у кепскім сэнсе ад сахі і ад плуга. Ён ставіць на тое, што ён ведае ўжо ўсё, ня церпіць крытыкі, безапэляцыйна ва ўсім упэўнены, нават у тым, што яго рукамі зьдзяйсьняецца нейкае вышэйшае накіраваньне. Пра што ён і заяўляў. З другога боку – Ахмадзінэжад – гэта адзнака таго, што ўлада духавенства ў Іране сыходзіць паступова на нішто. Ахмадзінэжад – фактычна першы прэзыдэнт недуховага званьня. І яго групоўка складаецца галоўным чынам зь людзей, якія ня маюць дачыненьня да духавенства.

Абламейка: Калі б мы параўналі рэжым у Іране з рэжымам у Беларусі, які зь іх можна назваць больш дэмакратычным?

Богдан: Безумоўна іранскі рэжым зьяўляецца нашмат больш дэмакратычным. Ахмадзінэжад – толькі адна з фігураў у іранскай палітыцы. І людзі, якія за ім стаяць, толькі адна з груповак у іранскай палітыцы. Іранскую палітыку можна апісаць як сузро'е. Могуць быць большыя ці меншыя зоркі, але яны ўсе адзін на аднаго ўплываюць. Існуе досыць плюралістычная палітыка. І апазыцыя там ня проста людзі, якія шукаюць гранты. У Іране апазыцыя – гэта людзі, якія маюць за сабой досыць істотны вопыт дзяржаўнага кіраваньня, маюць вялікія грошы. маёмасьць, сувязі і нават кантралююць пэўную частку дзяржапарату. У Беларусі такога і блізка няма. Ірану да дэмакратыі застаецца 10 крокаў, а Беларусі, я падазраю, усе 100.

Абламейка: Ну і, нарэшце, апошняе пытаньне – якое эканамічнае значэньне Іран мае для Беларусі і для ўсходняй Эўропы?

Богдан: Для Беларусі Іран – гэта рынак для беларускай прадукцыі прыкладна на 90 млн. даляраў. Такой прадукцыю, якую ў Нямеччыну і не прадасі. Гэта сапраўды пэўныя пэрспэктывы і з пункту гледжаньня нафты, што вельмі важна для Беларусі ня толькі эканамічнага гледзішча, але і нацыянальнай бясьпекі. Прычым нафтавыя пэрспэктывы абяцаюць быць нашмат сур'ёзьнейшыя і стабільнейшыя, чым з Вэнэсуэлай. Як толькі здымуцца міжнародна-палітычныя праблемы з Іранам, іранская нафта можа быць улучаная ва ўсе праекты, што тычацца касьпійскай нафты. Гэта значыць, што рэгіён Усходняй Эўропы і Беларусь могуць вельмі хутка і танна стаць незалежнымі ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG