Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змаганьне з кампутарнымі піратамі ва ўсім цывілізаваным сьвеце робіцца ўсё больш зацятым і жорсткім. Нават паведамленьні пра барацьбу з марскімі самалійскімі піратамі не ўражваюць так, як жахлівыя аповяды пра мільённыя штрафы хатнім гаспадыням, якія мелі неасьцярожнасьць спампаваць нейкую там мэлёдыю. Але ўсё гэта дзіцячыя гульні ў параўнаньні з тым, што плянуецца зрабіць. Гутарка пра антыпірацкі праект закону, прапанаваны на разгляд Кангрэсу ЗША. Дакумэнт, што называецца "Закон па барацьбе з онлайнавымі парушэньнямі і кантрафактам" ("Combating Online Infringement and Counterfeits Act", COICA) павінен ня толькі забясьпечыць поўную і канчатковую перамогу над піратамі ня толькі ў ЗША, а ва ўсім сьвеце. Згодна з дакумэнтам, праваахоўнікі змогуць запатрабаваць "выключыць" пірацкія дамэны з зонаў .Com,.Net і .Org. Калі каму цікава, то можна раздрукаваць і праштудыяваць гэты страшны дакумэнт, балазе ён выкладзены ў фармаце PDF.

На фоне гэтых жудасьцяў Беларусь працягвае заставацца Выспай пірацкай свабоды сярод акіяну акулаў капіталізму, што ікнуцца паглынуць апошнія парэшткі віртуальнага флібуст'ерства. У сьвеце існуе досыць моцны рух за свабоду абмену інфармацыяй, дзе кампутарнае пірацтва – ёсьць неад'емнай часткай гэтай свабоды. Больш за тое, гэты рух найбольш моцны ў Эўропе, дзе як грыбы растуць пірацкія партыі. Гэтую тэму я неяк ужо ўздымаў.

Але нядаўна зьявіўся працяг. Удзельнікі адмысловай нарады па гэтай тэме, прыйшлі да высновы, што "ва ўмовах папушчальніцтва органаў пракуратуры і Нацыянальнага агенцтва па аўтарскім правах праблему можа вырашыць толькі прыход у Беларусь праваўладальнікаў кантэнту, якія "навядуць парадак" у галіне". Тэма гэтая ўздымаецца з году ў год, а беларускія піраты працягваюць заставацца самымі піратамі ў сьвеце. Амаль усе беларускія інтэрнэт-правайдэры маюць унутраныя рэсурсы з тэрабайтамі кантрафактных фільмаў, музыкі ды гульняў, а некаторыя яшчэ і платныя паслугі па спампоўваньні зь пірацкіх сайтаў прапануюць. А калі глянуць на рэйтынгі сайтаў на Акавіце, то файлаабменны (якія там файлы абменьваюць, мяркую і так зразумела) сайт "ТоррБА | Трэкер тваёй краiны" апярэджвае па папулярнасьці "Беларускi Партызан", а FreeSpace больш папулярны за "Белорусские новости". А галоўнае, што амэрыканцы да іх ніколі не дабяруцца, бо чужынцаў туды папросту не пускаюць. Калі паспрабаваць патрапіць на беларускі пірацкі сайт зь іншай краіны, наведніка сустрэне такое папярэджаньне: "Паслугі FreeSpace даступныя толькі для беларускіх сетак. Ваша сетка не зарэгістраваная ў РУП "Белтэлекам" як беларуская".

У сувязі з гэтым мне чамусьці прыгадаўся леташні здымак прэзыдэнта Беларусі на байкерскім Харлеі.


Тады павагай да кіраўніка краіны прасякнуліся нават суровыя байкеры. А каб прэзыдэнт замест бэйсболкі павязаў пірацкую бандану, то падтрымка большасьці насельніцтва, якое таксама ў суцэльнай бальшыні карыстаецца пірацкім сафтом, была б забясьпечана. Зрэшты, яшчэ ня позна.

Таму прапаную кандыдатам у прэзыдэнты абсалютна бясплатную параду: стварыць пірацкую партыю і весьці змаганьне за галасы электарату пад чорным сьцягам з выявай вясёлага Роджэра. А калі ў каго партыя ўжо ёсьць – не бяды. Побач з партыйным сьцягам пірацкі не зашкодзіць. Асабліва для партый з эўрапейскім ухілам – не забывайма, што пірацкія партыі – адметнасьць як раз Эўропы. Тады перамога на выбарах была б гарантаваная прынамсі ў інтэрнэце.

А потым ЗША увядуць санкцыі...
XS
SM
MD
LG