Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І санітарка павінна кіраваць дзяржавай?


Дом, у якім жыве Натальля Старыкава.
Дом, у якім жыве Натальля Старыкава.
Адной зь нечаканасьцяў распачатай прэзыдэнцкай кампаніі сталася заява ў Цэнтравыбаркам на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы санітаркі гомельскага санаторыю «Чонкі» Натальлі Старыкавай.

45-гадовая спадарыня Старыкава мае вышэйшую эканамічную адукацыю — скончыла Гомельскі ўнівэрсытэт імя Скарыны. Працяглы час была беспрацоўнай і толькі сёлета яе ўзялі ў водалячэбніцу санаторыю звычайнай санітаркай.

Натальля ня кажа, чаму вырашыла прэтэндаваць на вышэйшую пасаду ў краіне. Толькі ўчора яна езьдзіла ў сталіцу, каб падаць дакумэнты ў Цэнтравыбаркам, а сёньня ўжо сьледам накіравала заяву на адмову:

«Сёньня я напісала, што адмаўляюся, здымаю сваю кандыдатуру».

Было, вядома, цікава пачуць, як зьбіралася Натальля Старыкава вырашаць надзённыя дзяржаўныя праблемы. Напрыклад, забесьпячэньня краіны энэрганосьбітамі альбо далейшых стасункаў Беларусі й Расеі?
Усё! Ужо я нічога рабіць ня буду. Нічога! Я ўжо напісала заяву. З журналістамі ня буду мець ніякіх кантактаў. Усё!

Старыкава: «Я ня буду даваць ужо ніякіх інтэрвію й камэнтараў. Усё! Ужо я нічога рабіць ня буду. Нічога! Я ўжо напісала заяву. З журналістамі ня буду мець ніякіх кантактаў. Усё!»

Жанчына проста не чакала такой увагі да сваёй асобы і, падобна, што спалохалася публічнасьці. Стала адмаўляецца ад сустрэч, не адказваць на тэлефонныя званкі.

У свой час муж Натальлі Старыкавай быў дэпутатам гарсавету, займаўся прадпрымальніцтвам. Пасьля нечакана зьехаў за мяжу.

У 2006 годзе яе сын Герман Старыкаў прасіў гомельскіх палітыкаў пацьвердзіць неяк перасьлед бацькі з боку ўладаў.

Апавядае старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«Мы сказалі, што ён ня быў у партыі, ня ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным руху, таму нічым дапамагчы ня можам. Крыху пазьней, можа празь месяц ці два, Герман зноў прыйшоў і напісаў заяву на ўступленьне ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Мы яго прынялі. І потым ён некалькі разоў прыходзіў на тыя мерапрыемствы, на сходы, якія мы праводзілі».

У санаторыі да намеру сваёй санітаркі Старыкавай пазмагацца за пост прэзыдэнта паставіліся пераважна як да жарту.

Сьвякроў Натальлі, спадарыня Антаніна, якая жыве па суседству, наагул ня ведала пра намер нявесткі балятавацца кандыдаткай на прэзыдэнта:

«А што, мне хто гаварыў? У нас два дамы — яна й тут жыве, яна й там жыве. Мне ўсё адно, які прэзыдэнт будзе. Я й гэтага люблю прэзыдэнта».

Сусед спадарыні Старыкавай таксама ня ведае пра нечаканы крок Натальлі. У ініцыятыўную групу суседка яго ня клікала. Яна наагул падала ў Цэнтравыбаркам сьпіс, у якім усяго каля 30 чалавек, хаця Выбарчы кодэкс патрабуе групу ня меней, як сто чалавек.

Віктар: «Не хачу кепска казаць пра сваю суседку — яна добрая жанчына. Але прэзыдэнтам быць — вялікая адказнасьць. Ня толькі за сябе, але за ўсю краіну, за ўсіх людзей, таму „ля руля“ павінен быць чалавек ва ўсіх адносінах падрыхтаваны — палітычна, юрыдычна. І каб думаць мог глябальна, каб даць краіне штуршок. Хочацца ўжо нейкай сьвежасьці ў рэспубліцы, сьвежасьці і эканамічнай, і палітычнай, і ў дачыненьнях з суседнімі краінамі, каб ужо ня лаяцца. Хочацца ўжо свабоды, каб дыхаць было лягчэй на поўныя грудзі. Хочацца ўжо адчуваць сябе раўнапраўным чальцом зямнога шару».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG