Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы — Саньнікаў, за ім — Лукашэнка


Андрэй Саньнікаў ў браме будынку ЦВК
Андрэй Саньнікаў ў браме будынку ЦВК

Лідэр «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў сёньня першым прыйшоў у Цэнтравыбаркам для здачы дакумэнтаў на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Удругой палове дня дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі падаў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў.


Разам з Андрэем Саньнікавым у Цэнтравыбаркам прыйшлі былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, актывіст Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Леанід Навіцкі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка і кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімер Кобец. У ініцыятыўнай групе Андрэя Саньнікава 1831 сябра, аднак у панядзелак плянуецца здаць дадаткова яшчэ пару соцень прозьвішчаў.

Саньнікаў і яго каманда ў ЦВК.

Спадар Саньнікаў сказаў журналістам пасьля здачы дакумэнтаў:

«Учора пільна сачылі за тымі памяшканьнямі, дзе гэтыя сьпісы ўзгадняліся. Там было шмат і машын, бачна было, што сачылі за людзьмі. Такую напружанасьць стваралі, але ж мы ўсё здолелі зрабіць. Незалежна ад рэгістрацыі, ад таго, што будзе ўлада рабіць і якія афіцыйныя рашэньні будзе прымаць, мы ўдзельнічаем у палітычнай кампаніі па зьмене ўлады ў Беларусі».

Пытаньне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы будзе вырашацца ў панядзелак. Саньнікаў сказаў, што яго галоўны лёзунг — гэта нармальная Беларусь, новая, дэмакратычная, эўрапейская Беларусь.

Андрэй Саньнікаў падаў дакумэнты ў ЦВК
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:34 0:00
Наўпроставы лінк


Разам зь Віктарам Івашкевічам у каманду Саньнікава ўвайшлі яшчэ 220 сяброў БНФ. Спадар Івашкевіч сказаў, што будзе ўзначальваць арганізацыйны аддзел. Ён адзначыў, што ёсьць сябры БНФ, якія лічаць, што кандыдат Саньнікаў найбольш пэрспэктыўны і здольны прывесьці да перамогі, і найбольш адпаведны палажэньням, якія вызнаюць сябры БНФ. Кандыдатуру Саньнікава падтрымалі Радзім Гарэцкі, Іван Нікітчанка, Сяргей Законьнікаў і іншыя вядомыя асобы.

Івашкевіч: «Нацыянальны лідэр, які вызнае нацыянальную пазыцыю, павінен карыстацца павагай у першую чаргу ў беларускіх элітаў. І лічу, што Саньнікаў якраз па сваёй біяграфіі, адукацыі і прафэсіяналізьме той чалавек, якога ня сорамна бачыць сваім лідэрам».

Станіслаў Шушкевіч сказаў, што ўжо даўно падтрымлівае Андрэя Саньнікава і лічыць, што ён па ўсіх паказчыках вышэй за астатніх, хто прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта:

«Я разумею, што ў яго будзе добрая праграма. Праграма, якая павінна павярнуць Беларусь да дэмакратычнага ладу. Сучаснаму разуменьню таго, што такое дэмакратыя, адпавядае менавіта Саньнікаў, а ня хто-небудзь іншы».

Станіслаў Шушкевіч і Андрэй Саньнікаў

Паводле інфармацыі з Цэнтравыбаркаму, Аляксандар Лукашэнка асабіста не панясе дакумэнты ў Цэнтравыбаркам на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Па даверанасьці іх падасьць у ЦВК кіраўнік яго ініцыятыўнай групы, міністар адукацыі Беларусі, кіраўнік аб’яднаньня «Белая Русь» Аляксандар Радзькоў. Спадар Радзькоў цяпер знаходзіцца ў адпачынку.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік: «Недзе пасьля абеду абяцалі паднесьці».

Карэспандэнт: А хто прынясе дакумэнты?

Лазавік: «Мяркуецца, што прыйдзе кіраўнік ініцыятыўнай групы Радзькоў Аляксандар Міхайлавіч».

Прадстаўнік «Белай Русі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Шацько: «Будзем падтрымліваць Аляксандра Рыгоравіча на выбарах. Мы для сябе выбар зрабілі. Прынятае рашэньне падтрымаць на гэтых выбарах адзіным блёкам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Я для сябе іншую кандыдатуру на гэты момант ня бачу».

Сярод іншых сёньня ж у ЦВК падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы Мікалай Статкевіч. Ён паведаміў, што ў яго групе 1517 сяброў. Кіраваць групай будзе сам спадар Статкевіч.

У другой палове дня дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі падаў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG