Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабода. Дабрабыт. Бясьпека»,— гэтыя тры словы выбраў для сваёй выбарчай кампаніі Рыгор Кастусёў, кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ. Сёньня ён перадаў у Цэнтравыбаркам сьпісы ініцыятыўнай групы. Зьбіраць подпісы ў падтрымку Рыгора Кастусёва пагадзіліся 1307 чалавек.

Аляксей Янукевіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва, сёньня на брыфінгу так патлумачыў сэнс слогану, абранага Партыяй БНФ на гэтыя прэзыдэнцкія выбары:

«Свабода — гэта тое, чаго відавочна бракуе, чаго Лукашэнка ня можа даць ніколі. А нашы людзі вартыя таго, каб быць свабоднымі, і мусяць быць свабоднымі. Дабрабыт для нас таксама вельмі важны. Бо гэта тое, што патрэбна людзям, каб быць шчасьлівымі ў штодзённым жыцьці. І яшчэ таму, што бедныя людзі ня могуць быць свабоднымі. А бясьпека — гэта тое, што таксама вельмі важна для кожнага чалавека».

Кандыдат у прэзыдэнты сказаў, што ягоная праграма абапіраецца на праграму Партыі БНФ:

«Мы ідзем на выбары са сваёй праграмай, перадвыбарчай плятформай. Яна абапіраецца на праграму Партыі БНФ. Як мы бачым, апошнім часам рэжым Лукашэнкі, ды і сам Лукашэнка, выкарыстоўваюць шмат чаго з прапановаў Беларускага Народнага Фронту.
Рэжым Лукашэнкі, ды і сам Лукашэнка, выкарыстоўваюць шмат чаго з прапановаў Беларускага Народнага Фронту.
Гэта вельмі яскрава праяўляецца ў пытаньні пабудовы Балта-Чарнаморскага калектару, пра які Партыя БНФ казала яшчэ ў 90-я гады. Беларусь апынулася ў сытуацыі, калі пастаўкі нафты ішлі толькі з Расеі. І цяпер улады імкліва шукаюць іншыя варыянты. Але ж ня ўсё ўдаецца. Калі б парады, прапановы Партыі БНФ былі ўзятыя на ўзбраеньне яшчэ на пачатку 90-х гадоў, то цяпер Беларусь была б зусім у іншай сытуацыі».

Каманда Рыгора Кастусёва мае намер сабраць 110 тысяч подпісаў выбарцаў. На брыфінгу журналістам прадэманстравалі мапу, на якой пазначана 84 рэгіёны Беларусі, дзе зьбіраюцца працаваць сябры ініцыятыўнай групы. Як падкрэсьліў Аляксей Янукевіч, зборшчыкі подпісаў ня будуць заахвочвацца матэрыяльна.

Рыгор Кастусёў з актывістамі сваёй каманды Сержуком Семенюком і Аляксеем Янукевічам.

Як паведамілі «Свабодзе» ў Цэнтравыбаркаме, дакумэнты на рэгістрацыю 24 верасьня прымаюцца да 19 гадзін. Акрамя Рыгора Кастусёва, заявы ў гэты дзень падалі
  • кіраўнік кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў,
  • палітык Алесь Міхалевіч,
  • беспрацоўны Ільля Дабратвор,
  • дырэктар менскага прадпрыемства «Трывіюм» Дзьмітры Вус,
  • старшыня лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч,
  • часова непрацуючы зь Менску Сяргей Іваноў,
  • сустаршыня стваранай партыі БХД Віталь Рымашэўскі,
  • кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка,
  • загадчык лябараторыі аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Іван Кулікоў,
  • пэнсіянэр Пётар Барысаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG