Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З авіякатастрофай пад Ганцавічамі будзе разьбірацца пракуратура


Крымінальную справу завялі ў Беларускай вайсковай пракуратуры паводле артыкулу пра парушэньне правілаў палёту альбо іншых правілаў, якое па неасьцярожнасьці прывяло да сьмерці двух ці болей асобаў.

23 верасьня пасьля 16 гадзінаў вайсковы самалёт МІГ-29 разьбіўся каля вёскі Радзялавічы Ганцавіцкага раёну. "Я бачу: ляціць самалёт і зьніжаецца. Яшчэ падумаў – чаму ён так ляціць, там жа ў лесе няма пасадачнай паласы! А праз сэкунду — удар, ад якога ўсё вакол здрыганулася", — распавёў адзін са сьведак здарэньня.

У склад экіпажу самалёта ўваходзілі падпалкоўнік Сяргей Каваленка і маёр Аляксандр Жыгайла. Лётчыкі загінулі.

МІГ-29 адпрацоўваў фігуры вышэйшага пілятажу на нізкай вышыні. Цяпер на месцы катастрофы выконваюцца тэхнічныя экспэртызы. Пра знаходжаньне "чорнай скрыні" не паведамляецца.

З 30 жніўня мінулага году гэта трэцяя па ліку катастрофа з удзелам беларускіх вайсковых самалётаў.

30 жніўня 2009 г. падчас авіяшоў у польскім горадзе Радам разьбіўся беларускі зьнішчальнік Су-27 УБ. У выніку катастрофы загінулі беларускія лётчыкі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч.

Летась 21 красавіка падчас палёту сутыкнуліся два МІГ-29 з 927-ай авіябазы. Адзін з самалётаў разьбіўся, лётчыкі выратаваліся праз катапультаваньне.
XS
SM
MD
LG