Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віншавальныя паштоўкі сталі… пэрыядычнымі выданьнямі


24 верасьня ў Цэнтральным судзе Гомеля будуць разглядацца адміністрацыйныя справы супраць гомельскіх актывістаў Васіля Палякова, Анатоля Паплаўнага, Валера Рэпніна, Юрася Глушакова паводле артыкулу 22.9.2 Адміністрацыйнага кодэксу — парушэньне заканадаўства аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі.

Яшчэ 26 ліпеня гомельскія актывісты павіншавалі гараджанаў зь Днём незалежнасьці. Яны раздалі мінакам адмысловыя паштоўкі ад імя рэгіянальнай каардынацыйнай рады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў.

У паштоўках было напісана, што “27 ліпеня 1990 году ў Менску была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумэнт стаў першым афіцыйным крокам да самастойнасьці Беларусі. Менавіта ад гэтага дня пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны. Праблема незалежнасьці Беларусі самым непасрэдным чынам зьвязаная з дэмакратыяй, з дабрабытам і свабодай кожнага асобнага чалавека. Незалежнасьць нашай дзяржавы — гэта адзін з галоўных чыньнікаў і гарантый пабудовы свабоднага, дэмакратычнага грамадзтва. Лёгіка падзеяў і здаровы сэнс гавораць пра тое, што свабода абавязкова вернецца ў Беларусь, а незалежнасьць краіны стане велізарнай каштоўнасьцю ўсяго беларускага народу”.

Міліцыя затрымала актывістаў і склала супраць іх адміністрацыйныя пратаколы за “дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Такой ахоўнікі палічылі каардынацыйную раду Аб'яднаных дэмсілаў Гомельскай вобласьці. Аднак суд вярнуў адміністрацыйныя справы назад у Цэнтральны РАУС на дапрацоўку.

Міліцыя не знайшла нічога лепшага, як перакваліфікаваць адміністрацыйныя справы на “распаўсюд пэрыядычных друкаваных выданьняў без выходных зьвестак”.

Цяпер актывістам пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG